Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
23 Люты 2018

Што мы ведаем аб Антарктыдзе?

Пад такой назвай у Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэцы прайшло паседжанне клуба “Молодёжный перекрёсток”. Праходзіла яно 21 лютага ў міжнародны Дзень роднай мовы. Прысутных павіншавалі з гэтым святам.

Па жаданню ўдзельнікаў клуба, паседжанне прысвяцілі Антарктыдзе. На сустрэчу завіталі навучэнцы 10-11 класаў СШ №2 і прафесійна-будаўнічага ліцэя г.Чэрвеня. Госцем стаў былы палярнік, тапограф па спецыяльнасці, Галаўко Сяргей Аляксандравіч, удзельнік 22-й Савецкай Антарктычнай экспедыцыі (САЭ). У 1977-1978 гг. гэту навуковую экспедыцыю арганізаваў ў Ленінградзе (зараз Санкт- Пецярбург) Арктычны Антарктычны навукова-даследчы інстытут (ААНДІ) ад Звенігародскай абсерваторыі. Сяргей Аляксандравіч нарадзіўся ў Казахстане, пэўны час жыў у Прыбалтыцы, а з 1992 года жыве ў Беларусі, у нашым горадзе Чэрвені. Працаваў у Антарктыдзе на станцыі “Молодёжная”, з ім былі і яго паплечнікі: метэаролагі, геафізікі, гляцыолагі (людзі, якія  вывучалі стан і якасці лёду) і іншыя спецыялісты. Усяго - 101 чалавек з розных рэспублік былога Савецкага Саюзу. Вяліся фотаастранамічныя і радыётэхнічныя назіранні.

Усе добра ведаюць, што Антарктыда - частка свету, якая складаецца з матэрыка Антарктыда і прылягаючых да яе астравоў. У адпаведнасці з Канвенцыяй аб Антарктыдзе, падпісанай 1 снежня 1959 года і ўступіўшай у сілу 23 чэрвеня 1961 года, Антарктыда не належыць ніводной дзяржаве свету. Там дазваляецца толькі навуковая дзейнасць. Антарктыда з’яўляецца самай вялікай пустыняй на свеце. Гэта самае халоднае і суровае месца на Зямлі, таўшчыня лёду дасягае 3,5-4,5 км.

Каб уявіць тыя ўмовы і прыроду Сяргей Аляксандавіч паказаў мінералы, прывезеныя з Антарктыды і нават яйцо пінгвіна, а таксама, некаторыя рэчы удзельнікаў экспедыцыі. Расказ быў дапоўнены шматлікімі фотаздымкамі, большасць з якіх ён зрабіў сам. Велічна выгдядалі айсбергі, непадалёку ад станцыі “Молодёжная” знаходзіліся азёры з прэснаю вадою. Моладзь уразілі здымкі пінгвінаў. Яны без страху падыходзілі да людзей і вялі сябе нібы свойскія птушкі. Разгледзілі таксама фотаздымкі з цюленямі птушкамі пад назвай паморнікі. Гэтыя птушкі з’яўляліся з наступленнем палярнага лета. Стала традыцыяй: першаму паморніку повар на блюдзе выносіў адбіўныя мясныя стравы.  

Умовы ў палярным клімаце незвычайныя,  іх вытрымае не кожны чалавек. Сярэдняя тэмпература зімовых месяцаў ад -60 да -70 градусаў, летніх ад -30 да -50 градусаў, а на пабярэжжы ад -8 да – 35 градусаў зімою, а летам ад 0 да+ 5 градусаў. На работу прымалі  дужых, здаровых, трывалых, дысцыплінаваных і псіхалагічна устойлівых  людзей. Абавязковыя ўмовы для знаходжання на антарктычнай станцыі - выконванне тэхнікі бяспекі і самае першае правіла: не хадзіць па-аднаму. Марозы даходзілі да -40 градусаў з парывамі ветру  40 метраў у секунду, таму домікі палярнікаў былі замацаваныя сваямі. Усе яны былі рознакаляровымі каб вочы не стамляліся ад аднастайнага белага колеру. Там снег не такі мяккі, як у нас, а буйназярністы і калючы ў выніку частага замярзання і адтавання. Ён называецца фірн. Палярныя ночы – гэта не частка сутак ад захаду да ўсоду сонца, з вечара да раніцы, а частка года, на працяу якога не ўзыходзіць сонца. Удзельнікаў экспедыцыі для правільнага ўліку сутак забяспечылі часамі, на цыферблаце якіх адзначаны 24 лікі.

Сяргей Аляксандравіч расказаў і паказаў на здымках як праводзілі свой вольны час удзельнікі экспедыцыі. А ён праходзіў вельмі цікава. Адзначаліся святы: Новы год, свята кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада, 1 Мая - Свята працы, Свята Перамогі - 9 Мая. Былі футбольныя матчы. Напрыклад, Ленінград-Масква. Мелася добрая бібліятэка.

Навучэнцы доўга не адпускалі Сяргея Аляксандравіча, шмат задавалі пытанняў, кожны ўдзельнік жадаў у сваіх руках патрымаць мінералы Антарктыды і некаторыя рэчы, дакументы тых часоў. Некаторыя марылі пабываць там самім.

Як і раней,  Антарктыда застаецца для людзей загадкай. Некаторыя вучоныя лічаць, што больш дасканалае вывучэнне Антарктыды дасць адказы на пытанні аб паходжанні Зямлі.

Напрыканцы мерапрыемства з моладдзю была праведзена віктарына “Правы літаратурных герояў”. Яна праходзіла ў рамках Міжведамаснай прафілактычнай акцыі “Сябруем з законам”. Навучэнцы прынялі ў ёй актыўны ўдзел. Дапамаглі правільна і змястоўна адказаць на пытанні вікатарыны добрыя веды па літаратуры.

Алена Шульга,

 бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі