Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
02 Люты 2018

«ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ…»

Літаратурна – музычны вечар пад такой назвай прысвяцілі члены і аматары літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” памяці Канстанцыі Буйло. 14 студзеня 2018 года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння паэтэсы, заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Падчас пасяджэння клуба прыгадалі жыццёвы і творчы шлях паэткі. Сустрэча пачалася з прагляду фільма “Імя і лёс”. Ён перанёс у той складаны час, калі яна жыла і стварала цудоўныя вершы. Вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння Максім Гарэцкі назваў яе жаночай сілай ў айчыннай паэзіі. Многія чытачы ведаюць яе як аўтара знакамітага верша “Люблю наш край”, стаўшага песняй, музыку да якога напісаў Мікола Равенскі. Песня на словы Канстанцыі Буйло прагучала ў выкананні дуэта Анатоля і Людмілы Турбал.

Творчы лёс звязаў паэтэсу з Якубам Коласам, Янкам Купалам і рэвалюцыйна-дэмакратычнымі пісьменнікамі: Цішкам Гартным, Змітраком Бядулям, Аляксеем Гаруном, Янкам Журбой.  Янка Купала быў рэдактарам зборніка вершаў “Курганная кветка”, які выйшаў ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты ў Вільні. Многія вершы Канстанцыі Буйло вылучаюцца сваёй мілагучнасцю і меладычнасцю. Яны здзіўляюць чытачоў пачуццёвасцю перажыванняў. Трэба сказаць, што ніхто да яе з беларускіх паэтак пачатку ХХ стагоддзя не пісаў пра інтымную лірыку. Даследчыкі творчасці Канстанцыі Буйло да цяперашняга часу не ведаюць, каму былі прысвечаны такія ўзвышаныя вершы.

Аляксандра Раманькова раскрыла тэму кахання ў жыцці паэтэсы і  прачытала вершы. Цудоўныя творы, прысвечаныя гэтай тэме прачыталі тасама Сафія Картавусава і Наталля Жданок.

Канстанцыя выйшла замуж у 1916 годзе за сына надворнага саветніка Віталя Калечыца, які паходзіў з засцянковай шляхты Мінскага павета. Працавала ў розных установах бухгалтарам, статыстам і кіраўніком устаноў. У 1923 годзе пераехала ў Маскву, жыла там па-суседству з гісторыкам, літаратуразнаўцам, нашым земляком, ураджэнцам вёскі Равецкі Бор   (Машчаліна) Аляксеем Канстанцінавічам Каўкам. Яе мужа Віталя Калечыца несправядліва рэпрэсіравалі, ён загінуў у сталінскіх лагерах, і паэтэса мела кляймо жонкі “ворага народа”. Амаль 20 гадоў не друкаваліся яе творы, а некаторыя былі знішчаны ёю. Усё жыццё Канстанцыя Буйло сябравала з жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч, якая была яе дарадчыцай у самыя цяжкія часы жыцця. Пра многія невядомыя факты жыцця і творчасці  паведаміў Уладзімір Адамовіч.

Вершы паэтэсы, прысвечаныя Беларусі, а таксама родным яе людзям:  сыну, ўнукам і праўнуку чыталі Зоя Сушкевіч, Васіль Шачок, Ганна Сірэнская, Ганна Чуган, Людміла Чаркоўская, Валянціна Белавусава, Алена Туміловіч.

Такім чынам, прысутныя і ўдзельнікі вечара атрымалі многія невядомыя звесткі з жыцця і творчасці Канстанцыі Буйло, якую раней уяўлялі толькі як савецкую паэтэсу.

Напрыканцы вечара Анатоль і Людміла Турбал павіншавалі музычнымі творамі тых удзельнікаў клуба, якія адзначылі свой дзень нараджэння ў студзені.

Алена ШУЛЬГА,

бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі