Чэрвеньская зямля багатая на таленты. Нашы знакамітыя мастакі таксама ўнеслі і ўносяць неацэнны ўклад у развіццё нашай краіны. У студзені 2018 года ў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы плануецца правядзенне мерапрыемстваў да юбіленых датаў з дня нараджэння мастакоў: 185-годдзя Апалінарыя Гараўскага, 125-годдзя Хаіма Суціна, 55-годдзя Алеся Сушы. Для чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі аформлены тэматычныя паліцы аб іх жыцці і творчасці.
Пейзажыст і партрэтыст Апалінарый Гараўскі, ўраджэнец вёскі Уборкі, вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў, майстэрства ўдасканальваў у Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. Быў блізка знаёмы з рускім мастацкім дзеячам П.М. Траццяковым і дапамагаў яму фарміраваць мастацкую калекцыю.
Хаім Суцін - вялікі мастак сусветнага ўзроўню, ураджэнец Смілавіч, у 1912 годзе паехаў у Парыж і жыў у “Вуллі” - інтэрнаце мастакоў. Быў знаёмы і сябраваў са знакамітымі мастакамі - Мадзільяні і Пікасо. У Францыі захоўваюць памяць аб ім: у горадзе Ле-Блан існуе дом, дзе калісьці Хаім здымаў кватэру, адна з вуліц носіць яго імя. У Смілавічах адкрыты Арт-цэнтр “Вулей”, названы ў гонар парыжскага “Вулля”.
Алесь Суша, ураджэнец вёскі Дамавіцк – лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, член Беларускага Саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі мастакоў, старшыня секцыі манументальнага мастацтва. Яго работы вылучаюць дабрыню і рэдкую шчодрасць. Прымаў удзел у стварэнні мазаічных пано на брацкіх могілках, прысвечаных воінма часоў Першай сусветнай вайны.
Алена ШУЛЬГА,
бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара

