У гэты дзень рэжым працы гандлёвых аб'ектаў будзе падоўжаны, яны будуць адкрыты для пакупнікоў з 9 да 20 гадзін вечара.
У райцэнтрах і буйных населеных пунктах, недалёка ад шматлікіх выбарчых участкаў, у гэты дзень разгорнуцца міні-кірмашы. На іх наведвальнікі змогуць набыць сельскагаспадарчую прадукцыю перапрацоўчых прадпрыемстваў, мясамалочнай галіны, камбінатаў хлебапрадуктаў, хлебазаводаў, рыбгасаў і іншых арганізацый гандлю і грамадскага харчавання.
У арганізацыі гандлёвага абслугоўвання на выбарчых участках будуць задзейнічаны суб'екты гаспадарання розных формаў уласнасці, у тым ліку 16 найбуйнейшых гандлёвых сетак рэспубліканскага значэння, 26 буйных прамысловых прадпрыемстваў Мінскай вобласці, больш за 150 суб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання, таксама рамеснікі і індывідуальныя прадпрымальнікі.
На буйных выбарчых участках будзе арганізавана 65 выстаў-продажаў кулінарных, кандытарскіх і булачных вырабаў. Свае вынаходствы прадставяць майстры-кухары, майстры-кандытары, а таксама хлебазаводы.
Арганізацыямі мяса-малочнай галіны і птушкаперапрацоўкі запланавана правядзенне 73 дэгустацый розных відаў прадукцыі.
Як паведаміла Таццяна Шаўцова, па Мінскай вобласці 17 лістапада будзе аб'яўлены адзіны дзень зніжак. Пакупнікоў чакаюць зніжкі на прадукцыю ад 10 да 30 працэнтаў, на нехарчовыя тавары – да 20 працэнтаў.
На кулінарную прадукцыю арганізацый грамадскага харчавання нацэнка будзе зніжана ад 50 да 70 працэнтаў.
Акрамя таго, будзе арганізаваны розыгрыш бяспройгрышных латарэй. Для дзятвы разгорнуцца вясёлыя атракцыёны. Наведвальнікаў пастараюцца здзівіць і фотазонамі. Чакаецца правядзенне розных акцый.
– Гэта робіцца для таго, каб жыхарам Мінскай вобласці было камфортна, прыйшоўшы на выбарчы ўчастак і прагаласаваць, і набыць тавары па зніжаных цэнах, – распавяла Таццяна Шаўцова. – Так, напрыклад, зніжкі будуць прадастаўляць такія вядомыя маркі, як «Чырвоны харчавік», «Камунарка», «Слодыч», Барысаўскі, Слуцкі, Мінскі мясакамбінаты, агракамбінат «Дзяржынскі», «Смалявiчыбройлер», малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы «ЗдравушкаМiлк», Слуцкі сыраробны камбінат, Мінскі малочны завод і іншыя вытворцы.
Наталля Суйкова, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці, распавяла, што ў дзень выбараў свае паслугі са зніжкай будуць аказваць і раённыя камбінаты бытавога абслугоўвання.
Яны прадставяць прадукцыю ўласнай вытворчасці - швейныя і трыкатажныя вырабы, пасцельную і сталовую бялізну, падушкі, коўдры, пледы, верхнюю вопратку і сувенірную прадукцыю. Гэта ўсё можна будзе набыць са зніжкамі. Важна, што пакупнікам прадставяць і новыя мадэлі сталовай бялізны, верхняга адзення. Будуць арганізаваны паказы, дэманстрацыі. Да прыкладу, мадэлі Пухавіцкага РКБА ўжо гатовыя да дэфіле. Яны прадэманструюць прыгожыя курткі, камізэлькі з падшыванага палатна.
А яшчэ сярод сюрпрызаў - зніжка ад 10 да 30 працэнтаў на паслугі цырульні. У дзень выбараў, 17 лістапада, іх дадуць усе РКБА. Рабочыя месцы паспрабуюць арганізаваць у непасрэднай блізкасці ад выбарчых участкаў, наколькі гэта дазволяць санітарна-гігіенічныя ўмовы. Таксама пастрыгчыся са зніжкай можна будзе і ў стацыянарных цырульняў.

