У наш час чэмпіянат краіны па «СГ» праходзіць наступным чынам: адбор пісьмовы, удзельнічаць у ім можа кожны. У фінале 16 лепшых гуляюць, набіраючы балы пасля націску на кнопку. Ведаць шмат і пра ўсё тут недастаткова. Трэба яшчэ мець добрую рэакцыю і вытрымку, каб паспець націснуць першым, пры гэтым не дапусціўшы фальстарту. Пры няправільным адказе балы мінусуюць. Спаборнічаюць у гэтым выглядзе і дарослыя, і студэнты, і старэйшыя школьнікі.
А ў цяперашнім гульнявым сезоне Чэмпіянат Беларусі па індывідуальнай «Сваёй гульні» упершыню быў арганізаваны і для ювяналаў, то eсць навучэнцаў 7-9 класаў. Прайшоў ён у Гомелі ў рамках Міжнароднага турніру «Вялікі перапынак».
Вядома ж, там ўдзельнічалі і чэрвеньскія знаўцы! І вось - выдатная навіна! Першым чэмпіёнам краіны сярод ювяналаў стаў Павел Барбук, дзевяцікласнік СШ №4 (трэнер - Ірына Вабішчэвіч). Паша паказаў дзіўны вынік: ён не толькі з велізарным адрывам у 160 ачкоў перамог усіх сваіх аднагодкаў, але і на 110 пазіцый абышоў пераможцу юніёраў (10-11 клас)!!!
Зараз у Пашынай скарбонцы ўзнагарод (а яна ўжо вельмі вялікая) дадалася яшчэ адна, ужо трэцяя залатая медаль чэмпіёна рэспублікі і дыплом Міжнароднага турніру. Гэта не лічачы мульцiборда для школы, выйгранага ў суперфінале тэлешоў «Я ведаю».
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Ірыны Вабішчэвіч

