Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
20 октября 2015

Сустрэча з нагоды юбілею

Па-хатняму цёплай была сустрэча з паэтам, драматургам і пісьменнікам Генадзем Аўласенкам (на здымку), якая адбылася ў актавай зале Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў. 

Сюды завіталі сябры клубаў “Ветразь” і “Журавінка”, работнікі бібліятэк,  аматары творчасці Генадзя Пятровіча, былыя калегі. Нагодай сустрэцца быў 60-гадовы юбілей пісьменніка, які ён адзначыў у жніўні.

Любоў Джафарава, дырэктар Чэрвеньскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы распавяла:

- Першыя яго вершы друкаваліся ў раённай газеце ў 1984 годзе, якая у той час называлася “Уперад”. А вынікам сяброўства з клубам “Ветразь” стала публікацыя вершаў Генадзя Аўласенкі ў калектыўным зборніку “Мая Ігуменьшчына”, надрукаваным у бібліятэцы. Некаторыя з іх былі пакладзены на музыку Ігарам Адамовічам. У прыватнасці,  “Час збіраць камяні”, “Зорачка”, “Вечар поўніцца снамі”, “Ветэранам вайны”, “Нясвіж” і іншыя.

У выкананні выкладчыка музыкі і спеваў Тамары Рухловай прагучалі песні: “Яшчэ далёка да вясны” і “Так хочацца кагосьці пакахаць”.

Падчас сустрэчы гучалі лірычныя вершы Генадзя Аўласенкі ў выкананні работнікаў бібліятэкі: Алены Мацвеевай, Алены Адамовіч, Святланы Ждановіч і Аляксея Рашчынскага.

Удзельнікі сустрэчы даведаліся пра тое, што Генадзь Аўласенка вёў гурток па вершаскладанню ў Доме піянераў (цяпер Дом дзіцячай творчасці) і напісаў кнігу “Азы вершаскладання” – своеасаблівы падручнік для пачынаючых паэтаў. Лялечныя гурткі, якія працавалі пры кожнай бібліятэцы, ставілі вясёлыя, вершаваныя п’есы-казкі  аўтара. Рыфмаваныя радкі запаміналіся дзецьмі лёгка. У змесце кожнай казкі была пэўная шарада.

Перад удзельнікамі сустрэчы была разыграна невялікая гумарыстычная п’еса “Павук і мухі” у выкананні Алены Мацвеевай і Алены Адамовіч.

Бібліёграф Алена Шульга распавяла, як упершыню пазнаёмілася з творчасцю Генадзя Аўласенкі. Адбылося гэта падчас яе ўдзелу у народным тэатры Чэрвеньскага Дома культуры і адпачынку. Прыгадала смешныя моманты. Падзякавала Генадзю Пятровічу за творчасць і за магчымасць ганарыцца сваім земляком.

Раіса Церашонак, былая калега Генадзя Пятровіча,  (яны працавалі разам у Чэрвеньскім ПТВ-80 у 80-я гады, Генадзь Аўласенка выкладаў хімію і біялогію), захавала вершаваныя радкі пісьменніка, якія складваліся ў яго падчас  нарад, сходаў, калі маладым настаўнікам было сумна слухаць розныя дэбаты і справаздачы, і яны абменьваліся запіскамі. Яна дала назву вершам: “З ранняга Аўласенкі” і зачытала іх да ўсеагульнай весялосці. Раіса Георгіеўна адзначыла сціпласць Генадзя Аўласенкі, яго стрыманасць і немнагаслоўнасць, за якімі хаваецца вялікая душа.

Генадзь Пятровіч распавёў аб сваім творчым станаўленні і прачытаў шэраг гумарыстычных вершаў з дзіцячай кніжкі, якая нядаўна выйшла, і вершы філасофскай накіраванасці: “Як лёгка жыць у чорна-белым свеце”, “Пра беларускую мову”, “Выпадкова” і іншыя.

Па словах пісьменніка, з гадамі многія паэты становяцца празаікамі. Так здарылася і з ім. Апошнім часам  Генадзь Пятровіч перайшоў на напісанне прозы: дзіцячай і дарослай. З-пад  яго пяра выйшлі дзіцячыя казкі і фантастычныя гісторыі для дарослых.

Словы падзякі за творчасць выказала Зоя Сушкевіч. Яна прыгадала пасяджэнні клуба “Ветразь”, у якіх прымаў удзел Генадзь Аўласенка.

Свае адносіны да творчасці паэта, драматурга і пісьменніка Генадзя Аўласенкі выказалі Уладзімір Дарагуж, Уладзімір Адамовіч, Марыя Чаган, Соф’я Гурына, Марыя Зяневіч і Соф’я Картавусава. Яны павіншавалі яго з юбілейнай датай і пажадалі моцнага здароўя, новых творчых поспехаў.

Ад калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы юбіляра павіншавала і ўручыла кветкі Святлана Ждановіч.

Валянціна Тарасік, старшыня Чэрвеньскага раённага савета дэпутатаў, звяртаючыся да юбіляра, сказала:

- Сёння такая прыемная у нас сустрэча, і хаця юбілей адбыўся крыху раней, але ўсе мы рады павіншаваць нашага любімага і вядомага таленавітага чалавека, не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

Валянціна Тарасік уручыла Генадзю Аўласенку  Ганаровую грамату, у якой гаворыцца: “Раённы выканаўчы камітэт узнагароджвае члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка”, аўтара шматлікіх мастацкіх твораў для дзяцей і падлеткаў за вялікі асабісты ўклад у падтрымку таленавітай моладзі, выхаванне падрастаючага пакалення, прапаганду перадавой нацыянальнай літаратуры і ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння”.

- Хай у Вас хапае натхнення на стварэнне новых вершаў, паэм, раманаў на радасць усім аматарам Вашай творчасці, здароўя Вам і плёну, - дадала Валянціна Браніславаўна.

У той жа дзень адбылася яшчэ адна сустрэча Генадзя Аўласенкі са старшакласнікамі ў Чэрвеньскай гімназіі №1.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс