Узначальвае яго Аксана Бурлуцкая (на здымку). Разам з ёй працуюць спецыялісты Валянціна Баглова і Дзяніс Галавенчык. Пастаянна наведваюць аддзяленне 45 грамадзян пенсійнага ўзросту.
Дзейнасць яго накіравана на аказанне кансультацыйных, сацыяльна-псіхалагічных, пасрэдніцкіх паслуг грамадзянам пажылога ўзросту і падтрыманне іх актыўнага ладу жыцця.
Наведвальнікі аддзялення займаюцца ў клубах і гуртках, якімі кіруе Дзяніс Аляксандравіч Галавенчык. На базе гуртка “З песняй па жыцці” створаны ансамбль “Ігуменскі настрой”. Ён паспеў ўжо заваяваць сімпатыі не толькі чэрвенцаў, але і жыхароў раёна і нават г.Мінска. У гуртку “На крок наперадзе” пажылыя людзі вывучаюць камп’ютар на ўзроўні карыстальніка, у тым ліку вучацца арыентавацца ў Інтэрнет-прасторы.
У аддзяленні створаны аматарскія клубы “Собеседник”, “Пристань” і “Залатыя ручкі”. Пажылыя людзі з задавальненнем іх наведваюць. Тут ёсць усе ўмовы для навучання новым тэхнікам рукадзелля, развіцця творчых здольнасцей. У “Школе духоўнага адраджэння”, якая працуе сумесна з храмам Мікалая Цудатворцы, вывучаюць духоўную спадчыну пакаленняў, праводзяць гутаркі. Дзейнасць “Школы бяспекі для сталых людзей” накіравана на павышэнне ўзроўню дасведчанасці пажылых людзей пра бяспеку ўмоў пражывання. На заняткі ў гэтай школе спецыялісты аддзялення запрашаюць работнікаў аддзела па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, юрысконсультаў, псіхолагаў, медыцынскіх работнікаў. Праводзяцца лекцыі, гутаркі, “круглыя сталы”. Для наведвальнікаў ладзяцца таксама спартыўныя і культурныя мерапрыемствы.
Напярэдадні Дня пажылых людзей па ініцыятыве саміх наведвальнікаў пачаў працаваць клуб “Садаводаў-аматараў”. Кіраўніцтва клубам узяла на сябе валанцёр Наталля Жданок.
Кожны месяц у аддзяленні праходзяць запланаваныя мерапрыемствы. Акрамя падрыхтоўкі і святкавання дзяржаўных святаў, дзён нараджэння, заняткаў у гуртках і клубах, сталыя людзі арганізоўваюць турыстычныя паездкі, пешыя вандроўкі, экскурсіі. Наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Батанічны сад, тэатры.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

