19-20 красавіка ў горадзе Стоўбцы адбыўся XXVI адкрыты абласны фестываль-конкурс юных музыкантаў "Сымон-музыка".
Навучэнцы музычных школ і школ мастацтваў з Беларусі і Расіі прадэманстравалі майстэрства ігры на такіх інструментах, як баян, акардэон, гітара, домра, балалайка, мандаліна, дудка, скрыпка, віяланчэль і цымбалы. Выступленні ацэньвала прафесійнае журы.
Чэрвеньскую дзіцячую школу мастацтваў прадстаўлялі юныя выканаўцы на скрыпцы, гітары і акардэоне. Лізавета Сяцко (клас выкладчыка Святланы Усеваладаўны Кузьміч), Арцём Врублеўскі (клас выкладчыка Юрыя Несцеравіча Калесніка) і Мікалай Мяшкоў (клас выкладчыка Алены Віктараўны Ліхадзіеўскай).
Трэба адзначыць, стала добрай традыцыяй актыўнае ўзаемадзеянне настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў у працэсе падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсах і фестывалях. Вось і гэтым разам бацькі нашых ўдзельнікаў мелі магчымасць не толькі аказаць транспартныя паслугі і маральна падтрымаць сваіх дзяцей, але і паўдзельнічаць у праглядзе выступленняў іншых канкурсантаў, параўнаць узровень выканальніцкага майстэрства.
Шчыра дзякуем усiм бацькам вучняў за падтрымку і аказаную дапамогу, а асабліва - бацькам Лізаветы Сяцко і Мікалая Мяшкова.
Спадзяёмся, што той бясцэнны вопыт, які мы атрымалі, дзякуючы ўдзелу ў фестывалі-конкурсе, спатрэбіцца ў падрыхтоўцы да наступных конкурсных выступленняў і стане гарантыяй новых творчых перамог.
Галіна Прышывалка,
дырэктар ДУА «Чэрвеньская дзіцячая
школа мастацтваў»,
фота аўтара

