З вельмі прыемнай падзеі пачалося чарговае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. Справа ў тым, што ў лютым, у мінскай гарадской ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і ганаровых дыпламантаў Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Віталя Біянкі 2-га сезона. Прыемна, што ганаровым дыпламантам гэтай прэміі стаў наш знакаміты пісьменнік Генадзь Пятровіч Аўласенка. З гэтай падзеяй яго шчыра павіншавалі ўсе ўдзельнікі аматарскага аб’яднання.
Потым гаворка пайшла пра слынных сыноў Беларусі – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Кастуся Каліноўскага. Двухсотдзесяцігоддзю першага была прысвечана вечарына “Пачынальнік беларускай літаратуры”. Аматары клуба на мультымедыйнай ўстаноўцы праглядзелі пяціхвілінны фільм “Вінцэнт Дунін–Марцінкевіч” з серыі “Знакакмітыя беларусы”. Сябры клуба Зоя Сушкевіч, Ганна Сірэнская, Яўген Мшар, Аляксандра Раманькова, Сафія Картавусава, Вера і Мікалай Хаткевічы прачыталі вершы паэта. Бібліёграф Алена Шульга паведаміла пра цікавыя звесткі з жыцця асобы, якія былі змешчаны ў перыядычным друку. Былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч прадставіў кнігу Ул. Ліпскага “Я” і расказаў пра яе сувязь з творчасцю драматурга. Ён узгадаў пра тое, што В. Дунін–Марцінкевіч сябраваў з нашымі землякамі – Станіславам Манюшкам і Аляксандрам Ельскім. Затым вельмі выразна і эмацыянальна прачытаў паэтычны твор Я. Купалы, які быў прысвечаны паэту - юбіляру.
У рубрыцы “Наш каляндар” размова ішла пра паэта, публіцыста, грамадскага дзеяча Кастуся Каліноўскага. У гэтым годзе яму споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння. Вельмі грунтоўна пра жыццё і творчасць юбіляра распавёў сябра клуба Васіль Шачок. Аматарам гісторыі ён прапанаваў прачытаць кнігу Анатоля Смірнова “Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года”. Некаторыя гістарычныя падзеі, звязаныя з жыццём грамадскага дзеяча, ўдакладніў Генадзь Аўласенка. Дванаццаць цікавых фактаў пра К. Каліноўскага ўдзельнікам сустрэчы паведаміў Анатоль Турбал. Сябра клуба Уладзімір Паўлавіч прадставіў і параіў прачытаць аповесць Алеся Якімовіча “Кастусь Каліноўскі”.
Да мерапрыемства была падрыхтавана цікавая і змястоўная выстава, якая была прысвечана двум слынным сынам Беларусі.
На прыканцы сустрэчы Уладзімір Паўлавіч Адамовіч прапанаваў кожнаму ўдзельніку аматарскага аб’яднання “Ветразь” напісаць свае успаміны пра Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа, каб потым скласці кнігу памяці аб ім.
Святлана Ждановіч,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара

