Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
06 февраля 2015

Нашы землякі

Студзеньскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” было прысвечана нашым землякам: беларускаму паэту Уладзіміру Хадыка і Заслужанай артыстцы Беларусі Галіне Бальчэўскай.

    У гэтым годзе споўнілася б 110 гадоў з дня нараджэння і 75 гадоў з дня смерці У. Хадыкі. Пра жыццё і творчасць юбіляра распавялі бібліятэкары Алена Адамовіч і Вольга Стрыжанкова. Іх дапоўніў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж. Ён працытаваў успаміны Сяргея Грахоўскага пра свайго сябра, нашага земляка Уладзіміра Хадыку. Потым на мультымедыйнай устаноуцы прадэманстраваў фотаздымкі яго родных, блізких і сяброў. Вершы паэта чыталі Юлія Бандарык, Галіна Ніціеўская і Аляксандра Раманькова.

Галіна Бальчэўская

Пра творчасць Заслужанай артысткі Беларусі Галіны Бальчэўскай вельмі добра распавяла ўдзельніца клуба Софія Картавусава. У гэтым годзе ёй споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння і 10 гадоў з дня смерці. С. Картавусава ўзгадала, што наша зямлячка нарадзілася 20 студзеня 1945 года ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёна. Памерла Галіна Францаўна 16 мая 2005 года.
Цяжкімі былі дзіцячыя гады, таму што было пасляваеннае ліхалецце. Бацька пакінуў сям'ю, а хутка памерла маці. Так Галіна трапіла ў Чэрвень, дзе выхоўвалася ў дізцячым доме №1. Яшчэ са школы марыла пра сцэну, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У сярэдняй школе №1 г. Чэрвеня, дзе дзяўчынка вучылася, яна сустрэла чалавека, які падтрымаў яе мары. Гэта была настаўніца рускай мовы і літаратуры Герасімовіч Аляксандра Андрэеўна. Праз дзесяць гадоў пасля заканчэння школы менавіта ёй дашле ліст са шчырай удзячнасцю ўжо вядомая артыстка Галіна Бальчэўская: "Хто ведае, магчыма, якраз Вы, аднойчы, даручыўшы мне ролю княжны Валконскай, вырашылі мой жыццёвы шлях. Дзякуй Вам!". У 1963 г. яна скончыла СШ №1 г. Чэрвеня. Год пасля заканчэння школы працавала на Мінскім мотавелазаводзе токарам, затым у 1964 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскі факультэт, які скончыла ў 1968 годзе. Чатыры гады працавала ў Віцебску, у тэатры імя Я. Коласа. 3 1972 г. была артысткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску. Выконвала разнапланавыя ролі: драматычныя, камедыйныя, вострахарактарныя. Але бліжэй за ўсё для Галіны Бальчэўскай былі жанчыны з народа, як кажуць, ад зямлі. Сярод найбольш любімых - Акуліна ("Улада цемры" Льва Талстога), Надзейка ("Трыбунал" Андрэя Макаёнка), Ліза Брычкіна ("А зоры тут ціхія" Барыса Васільева), Ніна (“Парог" Аляксея Дударава ) і інш. Яна збірала беларускія народныя песні. Званне Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь нашай зямлячцы было прысвоена ў 1999 годзе.

Сустрэча у гімназіі №1 г. Чэрвеня, красавік 1999 г.
Злева направа: Л. М. Задорына, А. А. Герасімовіч, Г. Ф. Бальчэўская, С. П. Малішэўскі, Т. С. Федарэнчык

Цёплая сустрэча вучняў і настаўнікаў гімназі № 1 з актрысай Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы Галінай Францаўнай Бальчэўскай адбылася ў красавіку 1999 года. Для ўдзельнікаў сустрэчы быў паказаны монаспектакль "Дагарэла свечачка" па п'есе Алеся Петрашкевіча. Затым Галіна Францаўна адказала на пытанні вучняў, падзялілася ўспамінамі аб сваім дзяцінстве, школьных гадах, часе вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце. На сустрэчу былі запрошаны настаўнікі, якія вучылі Галіну Бальчэўскую.
Софія Картавусава таксама распавяла пра ўспаміны самой артысткі:
«Ёсць такое мястэчка Будслаў у Мядзельскім раёне. Там ёсць такі знакаміты касцёл Маткі Боскай Будслаўскай апякункі Беларусі. Каля гэтага Будслава ёсць невялічкая вёсачка Палессе. Вось там я нарадзілася ў 45 годзе, вырасла.

I вось гэтую вёску пад час вайны спалілі поўнасцю. Пасля вайны, як сябе памятаю, было яшчэ шмат разбураных хат, хоць людзі ўжо і будаваліся. I вось уздоўж вуліцы - дзве сцяжынкі. Гэтыя сцяжынкі былі засыпаныя бітым шклом. Гэта шкло з разбітых вакон разбураных хат. Шкло гэтае ўжо ўелася ў зямлю, было прысыпанае зямлёй, яно не калолася ў ногі.

I вось мы дзеці бегалі па гэтых сцяжынках. Я вельмі любіла бегаць па гэтых сцяжынках босая. Як бяжыш, вецер у вушах свішча, і такая радасць - радасць ад таго, што шкло блішчыць на сонцы, пераліваецца, зіхаціць. I проста аж захлынаешся ад гэтай радасці, што так прыгожа блішчыць шкло на сонцы.

Вось я цяпер думаю часта: гэта ж трэба так - у людзей такое гора, такая бяда, а ў мяне - радасць. Радасць ад таго, што шкло блішчыць. Вось такі ўспамін.
Яшчэ ў памяці засталіся песні маёй мамы - нябожчыцы. Адна з іх:

Ды ў лузі касец косіць,
Ды ў лузі касец косіць,
Ды прылёгшы, галосіць:
Ці твая каса тупа,
Ці твая каса тупа,
Ці твая жана скупа?
Ой ты, косю, ты мой косю,
Ой ты, косю, ты мой косю,
Сягоння паша наша,
Сягоння паша наша,
А заўтра дарожанька.
Паедзем на Украіну,
Паедзем на Украіну
Па чырвону дзяўчыну,
Па чырвону дзяўчыну
Па пухову пярыну».

Вельмі шчырыя і цёплыя ўспаміны ад сустрэч з Заслужанай артысткай Беларусі засталіся ў настаўніцы роднай мовы і літаратуры Таццяны Сяргееуны Федарэнчык. Упершыню сустрэча з Галінай Бальчэўскай адбылася ў 1962 годзе, падчас працы завучам у дзіцячым доме, а апошняя у 2004 годзе ў Мінску на спектаклі «Паўлінка».
Таццяна Сяргееуна узгадала, якімі навучэнцы дзіцячага дома былі дружнымі і працавітымі, яны добра вучыліся, прымалі ўдзел у кружкавой рабоце, дапамагалі дарослым з дзіцячага дома. На тэрыторыі дома былі: сталярная і швейная майстэрні, сталовая, пральня… Работы хапала усім. Уявіце толькі, колькі трэба было зрабіць пельменяў, прынесці вады, абабраць бульбы на 140 навучэнцау? А повар усяго быў адзін. Выхаванцаў дзіцячага дома ў школе ніхто не вызваляў ад працоўнага навучання, негледзячы на тое, што яны яго праходзіли яшчэ і ў сваіх: сталярнай і швейнай майстэрнях. Так, у дзіцячым доме вучылі, як прышыць гузік, змайстраваць табурэт, вешалку… Дзеці займаліся добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, высаджвалі дрэўцы, палівалі кветкі, даглядалі агарод. Карацей, дзеці былі заняты з ранку да вечара.
А калі ў выхаванцаў былі нейкія праблемы, яны звярталіся да сваіх выхавацельніц. Менавіта ў Галіны Бальчэўскай ёй была Ніна Пракоф’еўна Дэрах. Яна была самым важным дарадчыкам, адыграла вялікую ролю ў станаўленні характару, а таксама ў вучэбным працэсе. У адзін з прыездаў у Чэрвень Галіна Бальчэўская, дзякуючы Таццяне Сяргееўне, наведала магілу сваёй выхавацельніцы.
Найбольш цесныя сувязі з Заслужанай артысткай Беларусі ў настаўніцы роднай мовы і літаратуры пачаліся з 1979 года. Якраз у гэты год Таццяна Сяргееўна павезла сваіх выпускнікоў з СШ №4 у Мінск на спектакль «Ажаніцца не журыцца». У той час ніхто не мог і падумаць, што ў спектаклі будзе ўдзельнічаць наша зямлячка. А яшчэ пра тое, што пасля адбудзецца сустрэча з Заслужанай артысткай Беларусі, ніхто і марыць не мог. Але яна адбылася! З гэтага часу яны сталі перапісвацца. Трэба сказаць, што Таццяна Сяргееўна для Галіны Бальчэўскай была і сяброукай, і дарадчыцай.
Настаўніца паказала прысутным фотаздымкі, на якіх была юбілярка падчас сустрэч у Чэрвені, расказала пра яе асабістае жыццё, пра яе сяброўства з Уладзімірам Караткевічам, пра паездкі са спектаклямі на Украіну і ў Прыбалтыку і многае іншае.

Сцэнка са спектакля по п’есе А. Петрашкевіча “Дагарэла свечачка”, у ролі Марфы – Галіна Бальчэўская

Можа хто і не ведае, што Галіна Бальчэўская аставіла аб сабе памяць. Так, у Чэрвені расце бярозка, якую яна пасадзіла ў час знаходжання ў дзіцячым доме. Калі будавалі кінатэатр «Сучаснік», а гэта адбывалася на быўшай тэрыторыі дзіцячага дома, то знішчылі амаль усе бярозкі, а яе засталася і расце яна каля нядзельнай школы Свята – Мікалаеўскай царквы. І кожны раз, калі яна прыязджала ў Чэрвень, заўсёды падыходзіла разам з Таццянай Сяргееўнай да яе, а потым абдымала і цалавала сваю бярозку. І калі аб гэтым расказвала настаўніца, са слязамі на вачах, у мяне самой наварачваліся слёзы.
Свае ўспаміны пра юбілярку ўзгадаў і Субоцін Валерый Іванавіч. Школу ён скончыў пазней за Галіну. Ён расказаў пра тое, як вучні прымалі ўдзел у рабоце драматычнага гуртка, якім кіравала настаўніца Герасімовіч Аляксандра Андрэеўна. Акрамя Галіны Бальчэўскай ролі давалі і Барысу Краўцову, і Алегу Кавалёву, і Тамары Лясун…
Падчас тэлефоннай размовы сваімі ўспамінамі падзялілася аднакласніца артысткі Новікава Галіна Канстанцінаўна. Яна распавяла, што ў іх класе амаль палова вучняў была з дзіцячага дома. А што тычыцца Бальчэўскай, то яна была таварыскай, добра вучылася, была высокай, стройнай. І як адзначыла Галіна Канстанцінаўна ў яе былі вельмі прыгожыя вочы.
Напрыканцы сустрэчы члены клуба Алена Туміловіч і Лідзія Пыка прачыталі вершы, прысвечаныя Заслужанай артыстцы Беларусі Галіне Бальчэўскай.

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс