Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
09 декабря 2014

Прымеркавана да 200-годдзя

На адным дыханні прайшло лістападаўскае пасяджэнне літаратурна–паэтычнага клуба “Ветразь”. На літаратурна–музычнай вечарыне “Белеет парус одинокий…”, прысвечанай творчасці Міхаіла Лермантава было шматлюдна.

Вельмі падрабязна пра жыццё і творчасць паэта распавяла бібліятэкар Галіна Ніціеўская. Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж узгадаў прысутным, што Лермантаў быў не толькі паэтам, але і мастаком. Члены клуба паглядзелі чатырохсерыйны фільм “Лермонтов – художник”. Потым Уладзімір Георгіевіч прапанаваў сябрам клуба адказаць на пытанне: “Як у жыццё кожнага ўвайшоў Лермантаў?”. Асабіста яго знаёмства пачалося з калыханкі, якую яму спявала маці:

“По синим волнам океана,

Лишь звёзды блеснут в небесах,

Корабль одинокий несётся,

Несётся на всех парусах”

Верш “Воздушный корабль”

У іх доме таксама быў камплект паштовак пісьменнікаў, сярод якіх была і выява паэта.

Кацярына Качан пазнаёмілася з творчасцю Лермантава ў пачатковых класах. Яна дадала, што паэт быў добрым шахматыстам і граў на скрыпцы. Шмат разоў Кацярына Іванаўна бывала на Каўказе, дзе служыў паэт. Прачытала напамяць верш “Парус”.

Зоя Сушкевіч пазнаёмілася з творамі паэта у пяцігадовым узросце. Менавіта тады бабуля чытала ёй верш “Бородино”. Сама Зоя Альбертаўна прадэкламавала верш “Незабудка”.

Знаёмства Уладзіміра Шатэрніка з Лермантавым адбылося пасля чацвёртага класа. Якраз тады, на летніх вакацыях, матуля набыла яму кнігу “Герой нашего времени”. Таксама Уладзімір Уладзіміравіч узгадаў, што ў Чэрвеньскім доме культуры адзначалі 150-годдзе з дня нараджэння паэта, дзе ён чытаў вершы “Нищий” і “Смерть Поэта”. А яшчэ распавёў пра тое, як у свой час ездзіў па лермантаўскіх мясцінах.

Шэдэўрам міравой літаратуры назваў Лермантава Леанід Шофман. Ён адзначыў, што яго творчасць была і светлай, і сумнай. Узгадаў ён і пра дуэль, якую, на яго думку, нельга было пазбегнуць.

На пытанне: “Як увайшоў у ваша жыццё Лермантаў?” - колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч адказаў – “цалкам”. Да мерапрыемства ён перачытаў біяграфію паэта, а таксама лермантаўскую энцыклапедыю у 800 старонак. Уладзімір Паўлавіч узгадаў той час, калі сам быў на Мінеральных водах, падымаўся ў горы, дыхаў паветрам Каўказа. Там яму ўзгадваліся радкі паэта: “Воздух чист и свеж, как поцелуй ребёнка” з рамана “Герой нашего времени”.

Свае любімыя вершы паэта чыталі Ганна Сірэнская і Лідзія Пыка, а Аляксандра Раманькова расказала пра малавядомыя факты з жыцця аўтара.

Потым члены клуба з задавальненнем слухалі рамансы: “Парус”, “Нет, не тебя я пылко так люблю”, “Выхожу один я на дорогу” і арыю з оперы А. Рубінштэйна “Демон”.

На мерапрыемстве (падчас сустрэчы) сябры клуба і бібліятэкары ад шчырага сэрца павіншавалі з днём нараджэння старшыню клуба “Ветразь”. Пажадалі Уладзіміру Георгіевічу моцнага здароўя, дабрабыту і творчых поспехаў.

Сустрэча атрымалася змястоўнай і цікавай, доўжылася яна дзве з паловай гадзіны.

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс