Падчас паэтычнаай гадзіны “Шэдэўры японскай паэзіі” старшыня клуба Уладзімір Дарагуж пазнаёміў прысутных з гісторыяй краіны ўзыходзячага сонца. Узгадаў пра формы класічных японскіх вершаў: хоку і танка. З вершамі Мацуо Басё членаў клуба пазнаёміла Зоя Сушкевіч, “Японскія песні” (танкі) прагучалі ў выкананні Кацярыны Дземахінай. Потым Уладзімір Георгіевіч узгадаў кнігу “Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў” 1996 года выдання. Вершы з гэтага зборніка Максіма Танка і Адама Глобуса прагучалі ў выкананні Людмілы Чаркоўскай. Вельмі выразна паэтычныя радкі з кнігі “Высакосны год” Уладзіміра Сіўчыка прадэкламавала Сафія Картавусава. Вершаваную карацельку з кнігі “Сэнр‘ю” Арцёма Арашонка прачытала Вольга Стрыжанкова. Пасля свае парцэлы “Кроплі душы” прадэкламаваў былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч.
Другая тэма пасяджэння клуба - літаратурна-музычная гасцёўня “Мая ціхая песня дубраўная”. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніны Тарас. Вельмі пранікнёна пра жыццё і творчасць юбіляркі распавяла Галіна Калеснікава. Яна ўзгадала прысутным зборнікі вершаў і паэм паэтэсы, кнігі паэзіі для дзяцей і асобныя вершы, якія сталі папулярнымі песнямі. Удзельнікі сустрэчы даведаліся аб тым, што Ніна Тарас займалася перакладчыцкай дзейнасцю. Яна перакладала з рускай, украінскай і польскай моў. Затым сябры клуба Аляксандра Раманькова, Марыя Чаган і іншыя чыталі вершы юбіляркі. З задавальненнем паслухалі песню на словы Ніны Тарас “Сонца за хмаркамі ўранні” у выкананні Людмілы Турбал. Музыку да яе напісаў Іосіф Сушко. Пра яго членам клуба падрабязна расказаў Анатоль Турбал, які ведаў Іосіфа Фаміча асабіста.
“Кахаць і быць каханымі” – так называлася апошняя тэма майскага пасяджэння. Сябры клуба напамяць чыталі любімыя вершы, прысвечаныя “делам сердечным”. Паэтычныя радкі Анатоля Вярцінскага, Івана Курбекі, Веранікі Тушновай, Канстанціна Сіманава і іншых гучалі ў выкананні Уладзіміра Дарагужа, Яўгена Несцяровіча, Галіны Ніціеўскай, Алены Шульгі, Лідзіі Пыка, Зоі Сушкевіч, Наталлі Жданок, Людмілы Чаркоўскай. Асабістыя вершы, прысвечаныя каханню, прагучалі ў выкананні Раісы Церашонак. З усмешкай успрынялі юмарыстычныя творы, якія выканаў Уладзімір Крамарчук на украінскай мове. Наогул вершы гучалі на беларускай, рускай і польскай мовах.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела
абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі

