64 пераможцы спаборніцтва, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і па эканоміі рэсурсаў, па выніках працы за 2017 год занесены на Рэспубліканскую Дошку Гонару.Па эканоміі рэсурсаў сярод раёнаў лепшым прызнаны Чэрвеньскі раён, сярод гандлёвых арганізацый – прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства нашага раёна «ВерасокЭліт» (дырэктар – Марыя Захаранка).
Вось які каментарый дала з гэтай нагоды “Раённаму весніку” намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па эканоміцы Алена Шлома:
– Прыемна, што дзяржава высока ацаніла вынікі комплексу мерапрыемстваў, рэалізаваных летась суб’ектамі гаспадарання Чэрвеньшчыны для дасягнення эканоміі рэсурсаў. Гэта, у прыватнасці, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, рост прадукцыйнасці працы, які летась на 4 працэнты апярэдзіў рост сярэдняй заработнай платы.

Шмат зроблена ў раёне па энергазберажэнню. Больш паловы прадпрыемстваў дасягнулі тут істотнай эканоміі выдаткаў. Сярод іх – “Нафтабітумны завод”, Чэрвеньскія дрэваапрацоўчы камбінат, ПМС, РБУ, Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка, рыбгас “Волма”. Важкі ўклад у агульнараённы паказчык па энергазберажэнню ўнесла Чэрвеньская жыллёва-камунальная гаспадарка. Тут атрыманы значны эканамічны эфект у выніку замены лямпаў вулічнага асвятлення на энергазберагальныя, а таксама – за кошт аптымізацыі сістэмы цеплазабяспячэння ў гарадскім пасёлку Смілавічы шляхам аб’яднання кацельняў аграрнага каледжа і былога гарбарнага завода. З сельгаспрадпрыемстваў па энергазберажэнню варта вылучыць ААТ “Валевачы”, “10 з’езд Саветаў”, эксперыментальную базу “Натальеўск”, філіял СГК “Велікаполле” УП “Мінсктранс”.
Што да прызнання на рэспубліканскім узроўні прадпрыемства “ВерасокЭліт”, то яно стала вынікам мэтанакіраванай працы па нарошчванню аб’ёмаў выручкі з адначасовым зніжэннем выдаткаў. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на прадпрыемстве здолелі захаваць працоўны калектыў, а з’эканомленыя сродкі выкарыстоўваюцца на далейшае развіццё – будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сэрвісу, адкрыццё якога запланавана на сёлета.
Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ
На здымку: дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «ВерасокЭліт» Марыя Захаранка.

