Мінскі абласны выканаўчы камітэт прысудзіў грант Чэрвеньскаму раённаму краязнаўчамумузею для стварэння новай музейнай экспазіцыі, прысвечанай Станіславу Манюшку. Дыплом аб выдаткаванні грашовых сродкаў дырэктару музея Алене ЗАБАРОНАК уручыў намеснік губернатара Мінскай вобласці Віктар СІРЭНКА (на здымку) на выніковым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.
Грант у рамках конкурсу «Творчы Алімп Міншчыны» прысуджаецца штогод для рэалізацыі таго ці іншага праекта. Выдаткаваныя сродкі раённы краязнаўчы музей плануе накіраваць на распрацоўку мастацкага рашэння музейнай экспазіцыі, выраб экспазіцыйнай мэблі, выданне інфармацыйных матэрыялаў і іншыя мерапрыемствы.
Мэта праекта — захаванне і папулярызацыя музычнай спадчыны Станіслава Манюшкі, далучэнне шырокіх слаёў насельніцтва да музычнай культуры, развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.
Экспазіцыя будзе месціцца ў будынку былой мясцовай школы мастацтваў у Смілавічах, дзе знаходзіцца Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі. Першая частка экспазіцыі раскажа аб дзіцячых і юнацкіх гадах кампазітара, праведзеных у маёнтку Убель, другая — пра яго вучобу ў Берлінскай музычнай акадэміі, працу ў Вільні і Варшаве. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з опернай творчасцю кампазітара: гэта ноты, запісы твораў на пласцінках і касетах, фатаграфіі пастановак опер, убачыць сцэнічныя касцюмы Варшаўскага опернага тэатра.
Сняжана КАЎГАРЭНЯ.
Фота аўтара

