Для Валянціны Эдуардаўны Навіцкай сёлетні год – адметны. Як ужо паведамляла раённая газета, нядаўна яна стала намінанткай конкурсу “Жанчына года”, а яшчэ – яе зорны сын Алег трэці раз рыхтуецца да чарговага касмічнага палёту. І хаця апошняя падзея для маці вельмі хвалюючая і трывожная, але яе сэрца ўсё роўна перапаўняе гонар за сына.
У гэты дзень, ідучы на свой выбарчы ўчастак, Маякоўскі №2, Валянціна Эдуардаўна таксама была з думкамі пра Алега. Напярэдадні ён наведваў маці, паспеў нават павіншаваць яе з ганаровым званнем і цяпер вось вяртаўся дадому. Дарога да Зорнага гарадка доўгая, таму і хвалявалася мама, як ён даехаў. Прыязджалі павіншаваць дарагога чалавека, а таксама сустрэцца з братам (што надараецца не часта), і яе сын Дзмітрый з дзецьмі, і дачка Марына. Для Валянціны Эдуардаўны час, калі збіраецца яе дружная сям’я, заўсёды свята. Тады за шчодрымі мамінымі пачастункамі вядуцца размовы “за жыццё”: успамінаюць бацьку, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця, расказваюць пра дзяцей, сяброў, блізкіх, пытаюцца пра здароўе, слухаюць расказы Алега пра космас, яго работу, дзеляцца планамі, і абавязкова разважаюць пра будучае краіны, раёна.
Таму Валянціна Эдуардаўна кожны раз, прымаючы ўдзел у выбарах (іх у яе жыцці і не пералічыць), напярэдадні дасканала знаёміцца з біяграфіяй, працоўнай дзейнасцю і асабістымі якасцямі кожнага кандыдата. Па яе словах, дэпутатамі павінны быць ідэйныя, адказныя, разумныя, здольныя быць шчырымі і добразычлівымі з усімі выбаршчыкамі. Бо ад іх дзеянняў будзе залежыць узровень жыцця многіх людзей. А яшчэ — дэпутат павінен любіць сваю малую радзіму, як сваю сям’ю, быць сумленным перад сабой і людзьмі, быць адукаваным, адэкватным і станоўча ўспрымаць крытыку.
— Для мяне важны і яго дзелавыя, агульначалавечыя якасці, — распавядае Влянціна Эдуардаўна. — Ён можа займаць любую пасаду, галоўнае, каб быў кампетэнтным, неабыякавым, сумленным, гатовым актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Менавіта такія якасці я бачу ў тых кандыдатах, за якіх сёння аддала свой голас.
Наш горад невялікі, жыву я тут усё жыццё, таму добра ведаю многіх людзей, у прыватнасці, і нашых кандыдатаў. На мой погляд, усе яны годныя людзі, адказныя работнікі. Неаднаразова даводзілася чуць пра іх шмат цёплых слоў. Яны старанна працуюць, неаднаразова ўшаноўваліся ў раёне і вобласці. Пра гэта часта даведвалася са старонак раённай газеты. Ды і арганізацыі, у якіх яны працуюць, лічацца аднымі з лепшых. Спадзяюся, што таксама добрасумленнай і якаснай будзе іх работа ў дэпутацкім корпусе.
Валянціна Эдуардаўна падзялілася таксама сваімі думкамі пра змены, якія адбываюцца ў горадзе па добраўпарадкаванню і на якія кожны свой прыезд на Чэрвеньшчыну звяртае ўвагу сын Алег, пра цяперашніх пенсіянераў, якім створаны годныя ўмовы для жыцця і дабрабыту, пра маючы адбыцца сёлета кангрэс касманаўтыкі, да якога яна павінна падрыхтавацца, бо да яе абавязкова завітаюць шаноўныя госці, а таксама выказала пажаданне, каб у нашым раёне, нарэшце, адбыліся абласныя “Дажынкі”.
— Напэўна, гэта будзе мой першы наказ дэпутатам, — з усмешкай дадала Валянціна Эдуардаўна, — над якім яны павінны папрацаваць.
Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота Таццяны МАРЦЬЯНАВАЙ

