Такое меркаванне выказала ў размове з карэспандэнтам раённай газеты старшыня Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Півавар, якая і сама чатыры тэрміны выконвае гэтую пачэсную місію.
Каму, як не дэпутату мясцовага Савета, найбольш блізкія праблемы і клопаты насельніцтва? Хто першы можа пачуць і зразумець чалавека, дапамагчы выбрацца са складанай сітуацыі? Канешне, гэта дэпутат, які жыве побач.
За тыя шмат гадоў, якія Валянціна Іванаўна ўзначальвае Смілавіцкі сельвыканкам, яна пазнаёмілася з кожнай сям”ёй на падведамаснай ёй тэрыторыі. Таму іх клопаты, радасці і засмучэнні лічыць ужо асабістымі. Кожны яе працоўны дзень пачынаецца з вырашэння сямейных, бытавых і іншых праблем сваіх вяскоўцаў, з якімі яны звяртаюцца да свайго дэпутата. Многія з іх вырашаюцца на месцы, іншыя – патрабуюць пэўнага часу. Але ўсе яны – на кантролі ў старшыні. Вось толькі за апошнія гады: праведзена асвятленне вуліц, зроблены ямачны рамонт дарожнага пакрыцця, добраўпарадкаваны вуліцы Горкага, Палявая, Першамайская і плошча ў г.п.Смілавічы, заасфальтаваны тратуары, добраўпарадкавана аб’язная дарога ў Куліках, пабудаваны два прыпынкі па вуліцы Савецкай. На гэты год запланавана будаўніцтва двух прыпынкаў па вуліцы Кастрычніцкай, капітальны рамонт участка дарогі ад трасы М4 да маста, замена лямпаў накальвання на энергазберагаючыя, добраўпарадкаванне тратуарнай дарожкі па вуліцы Савецкай.
Канешне, аднаму старшыні сельвыканкама гэтыя задачы былі б не пад сілу, каб не дапамога старастаў вёсак і дэпутатаў. Кожны з іх ведае свае абавязкі і добрасумленна іх выконвае: прымае удзел у рабоце грамадскага пункту аховы правапарадку, агляднай камісіі, якая двойчы на год праводзіць абследаванне ўсіх домаўладанняў (іх у сельсавеце больш за 5 тысяч), працуе з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетнымі, адзінокімі, ажыццяўляе іншую дзейнасць.
На наша пытанне, якім павінен быць дэпутат, Валянціна Іванаўна адказала:
— У першую чаргу, важныя яго грамадская пазіцыя, інтэлектуальны ўзровень, працоўны вопыт, гатоўнасць адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. Гэта павінен быць чалавек аўтарытэтны, з вопытам работы, актыўны і пазітыўны, які жыве і працуе ў гэтай мясцовасці, тут вучацца і яго дзеці. Таксама ён павінен зарэкамендаваць сябе на мясцовым узроўні, напрыклад, як добры ініцыятыўны работнік, быць знаёмым жыхарам сваёй акругі, ведаць іх праблемы, не баяцца да іх падступацца і імкнуцца вырашаць у першую чаргу сваімі сіламі.
Зразумела, хочацца зрабіць больш. Напрыклад, рамонт дарог у зарэчанскім мікрараёне, вуліцы якога знаходзяцца на былых меліярыраваных землях. Таму патрэбен праект, каб дакладна зрабіць адвод вады. А ён нямала каштуе. Плануюцца і іншыя работы па добраўпарадкаванню населеных пунктаў сельсавета.
Наогул, работы яшчэ шмат. Спадзяюся, што нанава абраныя дэпутаты годна справяцца са сваімі абавязкамі і будуць не на словах, а на справе ажыццяўляць усе наказы сваіх выбаршчыкаў.
Занатавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА

