У Маладзечне на конкурсе «Жанчына года Міншчыны» ўшаноўвалі паспяховых прадстаўніц выдатнай паловы чалавецтва. Ад Чэрвеньскага раёна на ганаровае званне намінавалася Валянціна НАВІЦКАЯ, мама касманаўта, трэцяга беларуса, якому пашчасціла адправіцца ў падарожжа да зорак.
У спіс намінантаў на званне «Жанчына года Міншчыны» ўвайшлі 26 чалавек. Усе яны дасягнулі значных поспехаў у тых ці іншых сферах дзейнасці і з’яўляюцца актывістамі жаночага руху.
Валянціна Эдуардаўна стала пераможцай у намінацыі «Матчына слава». Разам з ёй у гэтай катэгорыі былі прадстаўлены тры жыхаркі горада Жодзіна, чые дзеці дабіліся значных поспехаў на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Яе перамога – пуцёўка на Х рэспубліканскі конкурс «Жанчына года», арганізатарам якога з’яўляецца Беларускі саюз жанчын.
Па словах Валянціны Эдуардаўны, калісьці яна і падумаць не магла, што яе сын, які служыў ваенным лётчыкам, паднімецца яшчэ вышэй — да самых зорак.
— Тады гэта здавалася недасягальным. Але так, напэўна, распарадзіўся лёс: веды і магчымасці Алега былі высока ацэнены і прывялі яго ў касманаўты.
Валянціна Эдуардаўна прызнаецца, што такой трывогі (выкліканай шмат у чым нявызначанасцю), якую ў свой час адчувала мама Юрыя Гагарына перад палётам сына ў космас, у яе не было:
— Вядома, я хвалявалася. Магчыма, задавала занадта шмат пытанняў, можа, і непатрэбных, але ўсе яны не заставаліся без адказу.
Калі сын здзяйсняе падарожжа да зорак і назад, яе мацярынскае сэрца цяжэй за ўсё перажывае тры моманты. Гэта старт касмічнага карабля, яго стыкоўка са станцыяй і фінальны акорд экспедыцыі – прызямленне капсулы з МКС.
Валянціна Эдуардаўна ўзяла сабе за правіла: за некалькі дзён да старту адкласці ўсе хатнія справы і клопаты, акрамя гатавання ежы. Гэта для таго, каб палёт Алега прайшоў у штатным рэжыме.
Калі сын у космасе, мама на зямлі часта ўглядаецца ў зорнае неба. Яна ведае, калі над Беларуссю будзе пралятаць Міжнародная касмічная станцыя. Які б час ні паказваў гадзіннік, ці ўранку, ці позняй ноччу яна выходзіць на двор, выглядвае ў небе кропку, якая рухаецца з неверагоднай хуткасцю, — МКС.
— Услед станцыі памахаю рукой, пажадаю касманаўтам шчаслівага палёту. І засынаецца потым лягчэй, — прызнаецца яна.
Святлана САРОКА, старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»(з выступу на цырымоніі ўзнагароджання ў Маладзечне):
— Беларускі саюз жанчын з’яўляецца ініцыятарам і заснавальнікам многіх праектаў, і, на мой погляд, адзін з самых значных — рэспубліканскі конкурс «Жанчына года». — Яго асноўная мэта павысіць ролю і статут жанчыны ў грамадстве. Конкурс — гэта прызнанне глыбокай павагі жанчыне, якая спрадвеку была ўвасабленнем прыгажосці і натхнення, захавальніцай хатняга ачага, сямейнага дабрабыту.
Сняжана КАЎГАРЭНЯ,
фота аўтара

