Вучань 10 класа сярэдняй школы №2 імя А.К.Флегантава стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта стала магчымым дзякуючы яго інтарэсу да навуковых даследаванняў, прыродазнаўчых дысцыплін і вялікай працаздольнасці.
Ларыса Асановіч, Ігар Харытановіч і Ірына Хендогіна
У 2017 годзе Ігар быў першым у абласным і трэцім у рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічнага накірунку. Таксама стаў пераможцам V Міжнароднага конкурсу праектных і даследчых работ “Прызма”. Сваю работу абараняў на англійскай мове. У конкурсе бралі ўдзел каля двухсот вучняў. Праходзіў ён у гімназіі ў Маскве.
Акрамя таго, Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны вучань як пераможца ХХVІІІ Рэспубліканскага конкурсу работ (праектаў) вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі біёлага-экалагічнага накірунку. Кіраўнік навуковай дзейнасці Ігара — настаўніца біялогіі Ірына Пятроўна Хендогіна. А яшчэ сярэдняя школа №2 імя А.К.Флегантава на працягу трох гадоў супрацоўнічае з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, спецыялісты якога курыруюць навуковую дзейнасць школьнікаў.
Павіншаваць з поспехам юнага даследчыка ў навучальную ўстанову завітала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч. У прысутнасці аднакласнікаў Ігара яна ўручыла яму ад аддзела адукацыі, рэдакцыі раённай газеты “Раённы веснік” падарунак, кнігу “Памяць. Чэрвеньскі раён” і Удзячны ліст. Звяртаючыся да вучняў, Ларыса Валянцінаўна сказала:
— На працягу двух гадоў Ігар займаўся даследчай дзейнасцю. Яго работа: “Вызначэнне левых і правых клубянёў бульбы” выклікала цікавасць. Вучань атрымаў грашовую прэмію ад райвыканкама і аддзела адукацыі. Напярэдадні новага года — прэмію ў памеры 92 рублёў. Зараз ён — стыпенцыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Ларыса Асановіч адзначыла, што сёння сваім інтэлектам і вучні маюць магчымасць зарабляць грошы. Яна пажадала Ігару, яго настаўніцы Ірыне Пятроўне і ўсім вучням поспехаў і здароўя.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

