Гэта дырэктар Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Васільевіч Корсік.
Нарадзіўся Юрый Васільевіч у вёсцы Забалаць Мінскага раёна ў 1972 годзе. Яго бацькоў-выкладчыкаў па размеркаванню пасля заканчэння інстытута накіравалі працаваць у сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй у Смілавічы. Тут і праходзіла жыццё Юрыя. Скончыўшы школу, ён паступіў у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на інжынера-механіка сельскагаспадарчай вытворчасці, пасля заканчэння якога сваю працоўную дзейнасць пачаў брыгадзірам трактарнай брыгады ў Смілавіцкім саўгасе-тэхнікуме.
Але бацькоўскія гены педагогаў перадаліся Юрыю, і ён вырашае набыць яшчэ другую спецыяльнасць – настаўніка. Пераходзіць на работу ў сельгасліцэй спачатку выхавальнікам інтэрната, а з 1998 года – загадчыкам аддзялення. Паступова набываўся вопыт, прыйшоў прафесіяналізм. Сёння яго заслугі педагога, арганізатара высока ацэнены на дзяржаўным узроўні. Ён з’яўляецца лаўрэатам Прэзідэнцкага фонду за падрыхтоўку кадраў.
Юрый Васільевіч упэўнены, што важным з’яўляецца не толькі тое, якога спецыяліста падрыхтуе навучальная ўстанова, але і якога грамадзяніна выхавае. Выхаванне ў гэтай навучальнай установе будуецца на аснове дзелавога партнёрства – з педагогамі, вучнямі, бацькамі.
Педагагічны калектыў ліцэя стараецца прывіць навучэнцаў любоў да радзімы, нашчадкаў, культурнай спадчыны праз турысцка-краязнаўчую дзейнасць. І дырэктар у гэтай справе прымае непасрэдны ўдзел. Актыўныя яго дапаможнікі педагогі – Мікалай Мікалаевіч Шастак, Павел Канстанцінавіч Дзяркач. Вынікі гэтай сумеснай работы навідавоку. Апошнія восем гадоў каманда ліцэя не зыходзіць з п’едэстала гонару ў рэспубліканскіх конкурсах. Прычым, даводзіцца жорстка канкурыраваць з такімі ўстановамі адукацыі, якія маюць турыстычную накіраванасць ва ўчэбным працэсе. З пешымі паходамі, вела- і воднымі паходамі вучні і выкладчыкі прайшлі ўжо амаль усю Беларусь. Распрацоўваюцца карты месцаў наведвання, планы паходаў. Абавязкова займаюцца падчас гэтага валанцёрскай дзейнасцю, наведваюць месцы пахаванняў воінаў, партызан, па неабходнасці займаюцца добраўпарадкаваннем.
Развіваецца ў ліцэі і тэхнічная творчасць. Працуе гурток рацыяналізатараў, пры кожнай майстэрні ёсць творчая група, якая распрацоўвае мадэлі машын.
Тут таксама дырэктар установы – не назіральнік, а актыўны ўдзельнік.
— Іншы раз прыгадваю, што я інжынер, — смяецца Юрый Васільевіч. — Вось такія “ёжыкі” (паказвае чарцяжы) зрабілі для праполкі бульбы. Ідэя мая. Усе падхапілі. Радуемся, калі што ў нас атрымоўваецца і нашы экспанаты выкарыстоўваюцца ў вытворчасці.
Ліцэй на працягу васьмі гадоў у гэтай справе займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы. Напрыклад, у мінулым годзе прывезлі два Дыпломы. А ў вобласці каманда ліцэя заўсёды займае прызавыя месцы. Мадэлі, створаныя рукамі выхаванцаў і майстроў, зараз экспануюцца ў Доме рэспубліканскай інавацыйнай творчасці, у доме інавацыйнай творчасці сістэмы прафтэхадукацыі. Смілаўчан там ведаюць. Іх тэхніка мае свой “брэнд”. Калі прывозяць экспанаты на выставу, іх адразу пазнаюць.
У ліцэі два навучэнца і малады выкладчык Арцём Юр’евіч Крывапуз з’яўляюцца лаўрэатамі Прэзідэнцкага фонду за тэхнічную творчасць.
Раз у два гады праводзіцца рэспубліканскі злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Два вучні ліцэя сталі пераможцамі гэтага злёту. Адзін зрабіў трэнажор электрыфікаванага зернеўборачнага камбайна, другі – быў распрацоўшчыкам і сувырабніком малагабарытнага прычэпнага экскаватара, мадэлі, якая дзейнічае. Аўтарытэтнае журы вызначала мэтазгоднасць агрэгатаў, перспектыву іх выкарастання ў народнай гаспадарцы.
А наогул, у ліцэі чатыры пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў. Трое з іх — трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, адзін – вадзіцель.
Гэтыя ўсе поспехі – заслуга калектыву, якім Юрый Васільевіч вельмі ганарыцца.
Сёння адукацыя спазнае шматгранныя змяненні. Не стала выключэннем і сістэма прафтэхадукацыі.
— Яшчэ гадоў дваццаць таму чалавек атрымліваў адукацыю і разумеў, што яна на ўсё жыццё, — распавядае Юрый Васільевіч. — Цяпер тэхніка і тэхналогіі імкліва мяняюцца. Таму педагогі павінны пастаянна вучыцца, быць у курсе ўсяго новага, перадавога, набываць сучасныя веды, пераймаць у калег вопыт.
Юрый Васільевіч упэўнены, што сёння ў прафтэхадукацыю прыходзяць зусім іншыя навучэнцы, тыя, хто свядома абраў рабочую спецыяльнасць і хоча стаць у ёй сапраўдным майстрам. Таму што зараз кваліфікаваны спецыяліст рабочай прафесіі вельмі запатрабаваны.
На цяперашні час сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй — гэта шматпрофільная ўстанова адукацыі, якая прайшла вялікі шлях станаўлення ад школы механізацыі да сучаснай навучальнай установы. Тут вядзецца падрыхтоўка кадраў для народнай гаспадаркі па шырокаму спектру спецыяльнасцей: трактарыста-машыніста, машыніста пагрузчыка, вадзіцеля-прафесіянала грузавых аўтамабіляў, агароднінавода, а таксама для грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання, гандлю. Большасць навучэнцаў – хлопцы. Прыемна, што некаторыя з іх набываюць прафесію повара.
Юрый Васільевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Яго жонка – Святлана Іванаўна – таксама педагог, выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў ліцэі. Яны – паплечнікі. У сям’і – двое сыноў: малодшы сын заканчвае Мінскі абласны ліцэй, старэйшы – студэнт медуніверсітэта 5 курса. Вельмі ўдзячны Юрый Васільевіч сваёй жонцы за выхаванне дзяцей, таму што на яе плечы легла большая частка клопату пра сям’ю. Яны вельмі цэняць той час, калі ўсе маюць магчымасць быць разам, займацца агульнымі справамі, каб назаўжды запомніць прыемныя хвіліны сумесных стасункаў…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

