Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
19 января 2018

Сёння выратавальнікі адзначаюць прафесійнае свята

Першая змена пажарнай часткі №1 у Чэрвені: Дзмітрый Малахаў, Дзяніс Воранаў, Генадзь Сільвановіч, Яўген Раманёнак, Дзяніс Мініч, Ігар Крук.

101 ці 112 – на гэтыя нумары тэлефануюць людзі з надзеяй на хуткую дапамогу ў надзвычайных сітуацыях. І выратавальнікі да месца выкліку выбываюць неадкладна. Менавіта ў гонар гэтых людзей штогод 19 студзеня адзначаецца Дзень выратавальніка. У гэтую прафесію ідзе той, хто гатовы рызыкаваць сабой дзеля выратавання чужога жыцця, моцны духам, спакойны, але не абыякавы да чужой бяды. 
Мяняюцца эпохі, але задача выратавальнікаў застаецца нязменнай: прыходзіць на дапамогу, ратаваць людзей. Тэхнічны ўклад нашага жыцця толькі павялічыў крыніцы небяспекі для насельніцтва: кароткае замыканне электраправодкі, дарожна-транспартныя здарэнні, аварыі на вытворчасці, — гэта няпоўны спіс рызык, з якімі можа сутыкнуцца сучасны чалавек. І не праходзіць ні дня, каб у навінах не паведамлялі аб чарговай надзвычайнай сітуацыі прыроднага ці тэхнагеннага характару.

У мінулым…
З архіўных дакументаў вядома, што ў 1860 годзе тры гарады Мінскай губерні – Барысаў, Игумен, Рэчыца пагадзіліся ўтварыць у сябе грамадскія пажарныя каманды.
Менавіта пажарная вежа была самым высокім будынкам у горадзе. Яе пабудавалі, каб своечасова заўважыць дым пажару і папярэдзіць насельніцтва, што здарылася бяда.
Пажарная частка ў Ігумене, між іншым, лічылася самай беднай у Мінскай губерні. У ёй змяшчаліся трое рабочых-пажарных. Камплектавалася яна 3 трубамі, 4 рукавамі, 6 вёдрамі, 3 бусакамі. Усё астатняе — бочкі, сякеры, лесвіцы і іншыя прылады, якія можна было б выкарыстаць у барацьбе з пажарам, — забяспечвалася жыхарамі.
Напачатку ХХ стагоддзя ў невялікіх гарадах пажарныя каманды былі свайго роду славутасцямі. Па святах ладзілі шэсце вогненных барацьбітаў. Яны апраналіся ў мундзіры, на галаве ў некаторых былі медныя каскі, у астатніх – фуражкі. Перад шэсцем яны с дапамогай пяску даводзілі да залатога бляску два рады медных гузікаў на кіцелях і медныя каскі. Падчас шэсця наперадзе ішоў аркестр. За ім крочылі коннныя падводы з бочкамі з вадой і пажарныя, многія з якіх служылі ў царскай арміі. Паназіраць прыходзілі ледзь не ўсе жыхары горада.

19 01 2018 6

Сёння…
У Чэрвеньскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях уваходзяць 2 пажарныя аварыйна-выратавальных часткі, у Чэрвені і Смілавічах, і тры пасты — у Горках, Дамавіцку і Ведрыцы.
Анатоль ХМІЛЕЎСКІ, які ўзначальвае пажарную частку №1 Чэрвеня, распавёў аб яе тэхнічным аснашчэнні:
— У нашым аўтапарку знаходзяцца тры аўтамашыны: адзін МАЗ і два ЗІЛы, укамплектаваныя неабходным абсталяваннем. Першай на пажар, а таксама на дапамогу пажарным пастам у вёсках, выязджае МАЗ. Ён перавозіць 8 тон вады, абсталяваны бакам на 500 літраў з пенаўтваральнікам. Ёсць магчымасць рэгуляваць насычанасць пены ў залежнасці ад неабходнасці. Аўтаматычны насос гэтай машыны дазваляе адначасова падключыць да 8 ствалоў. Да іх мацуюцца рукавы розных дыяметраў. Якія выкарыстоўваць — пажарныя вызначаюць, зыходзячы з пажару. Ёсць яшчэ лафетны ствол, які дазваляе падаваць 40 літраў вады ў секунду, замест “стандартных” 3,5-7 літраў.
Тэхніка ніколі не вяртаецца ў частку пустой: адразу ж пасля пажару з бліжэйшых крыніц набіраецца вада.
Акрамя таго, у машыне маюцца пілы, бензарэз для бетону і металу. У кабіне знаходзяцца працівагазы і цеплавяртальныя касцюмы, якія напрацягу некалькіх секунд вытрымліваюць уздзеянне да 200 градусаў па Цэльсію. Зусім нядаўна выратавальнікаў забяспечылі датчыкамі, якія спрацоўваюць на 10-15-секундную нерухомасць яго ўладальніка.
У адной з машын знаходзіцца гідраўлічнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў асноўным пры дарожна-транспартных здарэннях для вымання пацярпелых з аўтамабіля. З мінулага года ў дапамогу “байцам” працуе «паветрадуўка», яна эфектыўная пры тушэнніпалаў травы.
Не заўсёды аб’ект тушэння можна адразу абясточыць, таму дыэлектрычныя боты, пальчаткі і нажніцы таксама абавязкова знаходзяцца ў арсенале выратавальніка.
Пасля паведамлення аб здарэнні работнікі МНС павінны выехаць не пазней 50 секунд пасля выкліку. Калі раптам здараецца, што ўсе тры машыны будуць задзейнічаны на ліквідацыі надвычайных сітуацый, то чэрвеньскіх выратавальнікаў падстрахоўваюць пажарныя пасты або аддзелы па надзвычайных сітуацыях з суседніх раёнаў.
Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў САЎКОВІЧ, падраздзяленні МНС у нашым раёне ўкамплектаваны 7 адзінкамі тэхнікамі (яшчэ 6 знаходзяцца ў рэзерве) і 3 спецыяльнымі легкавымі аўтамабілямі. Маецца 7 мотапомпаў, каб забіраць ваду з адкрытых водных крыніц, 5 камплектаў механізаванага аварыйна-выратавальнага інструмента, 6 бензарэзаў. Вельмі карысная рэч — перасоўны дызель-генератар, які знаходзіцца ў Чэрвені. Ён выкарыстоўваецца пры любых надзвычайных сітуацыях, будзь гэта рамонтна-аднаўленчыя работы ці падтрымка абсталявання ў працаздольным стане.

19 01 2018 7

ІМЁНЫ Ў ГІСТОРЫІ ПАЖАРНАЙ СЛУЖБЫ

ПАРЦЯНКА Мікалай Піліпавіч. Трэць стагоддзя ён стаяў на ахове Смілавічаў ад надзвычайных сітуацый. Да таго, як узначаліць мясцовую пажарную частку ў гарадскім пасёлку, ён прайшоў праз Вялікую Айчынную вайну ад першага яе дня да апошняга. Ужо ў 1942-м годзе ён адным з першых у сваёй асобнай стралковай брыгадзе №152 атрымаў медаль “За адвагу” – самую дарагую для салдата ўзнагароду.
Смілавіцкую пажарную частку Мікалай Піліпавіч узначаліў у 1965-м годзе. Па яго ініцыятыве быў пабудаваны будынак, у якім і зараз працуюць выратавальнікі.
“Выратавальнік – прафесія, звязаная з рызыкай для жыцця”. Ад шматлікіх паўтораў сэнс гэтых слоў паступова губляецца, аднак менавіта яны адлюстроўваюць рэчаіснасць як ёсць. 23 лютага 2008 года старшына ўнутранай службы ХАРЛАНОВІЧ Аляксандр Генадзьевіч, кіроўца пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 в.Ведрыца, пры правядзенні работ па ўборцы паваленыхдрэў на аўтадарозе Мінск-Магілёў каля вёскі Хутар загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Калегам Аляксандр запомніўся спагадлівым і адказным чалавекам і па праву карыстаўся павагай сярод усіх, хто яго ведаў.

ПАЖАРНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў РАЁНЕ: у 2017-м годзе — 43 пажары (у 2016 — 64)

Асноўнымі прычынамі пажараў у мінулым годзе былі:

  • парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі печаў, агрэгатаў, якія генеруюць цяпло (15);
  • парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (14);
  • неасцярожнае абыходжанне з агнём (7);
  • падпал (5);
  • прыродныя з’явы (2).

У бягучым годзе адбылося 2 пажары, адзін з якіх — з гібеллю чалавека. У 2016-м за такі ж перыяд не было зарэгістравана ніводнага пажару.
Работнікі Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях звяртаюць увагу чытачоў на неабходнасць захавання супрацьпажарнай бяспекі ў побыце і на вытворчасці і напамінае аб недапушчальнасці пакідаць дзяцей адных дома без нагляду дарослых.

Падрыхтавала Сняжана КАЎГАРЭНЯ

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс