– Вытворчасці малака ў гаспадарцы мы надаём першачарговую ўвагу. Бо стабільная праца галіны – гэта штодзённыя “жывыя” грошы. Па прадукцыйнасці дойнага статка маем прыбаўку адзін кілаграм да мінулага года. За год павінна атрымацца 4900 кілаграмаў малака ў сярэднім ад каровы. Гэта на 100 кілаграмаў больш, чым планавалі.
Дырэктар СВФ “Аграбуд” Арцём Анціфееў гутарыць з аператарам па штучнаму асемяненню жывёлы, пераможцай раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшыя работнікі, занятыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці” Валянцінай Бусянковай.
За колькасцю малака наўмысна не гонімся. У прыярытэце – яго рэнтабельнасць. Зараз яна складае 40 працэнтаў. Вынік дасягнуты найперш за кошт якасці прадукцыі (90 працэнтаў малака рэалізуем гатункам “экстра”, яшчэ 9 – вышэйшым), рацыянальнага падыходу да кармлення жывёлы і догляду за ёй. Па расходу кармоў на адзінку атрыманай прадукцыі ўшчыльную наблізіліся да тэхналагічнай нормы.
З мінулага года адмовіліся ад выпойвання маладняку замяняльнікамі цэльнага малака на карысць малака натуральнага. Гэта не толькі станоўча адбілася на здароўі цялят, але і дало магчымасць зэканоміць каля мільярда рублёў старымі грашыма.
З разлікам на малако заўтрашняга дня бліжэйшым часам завяршаем на ферме будаўніцтва крытай пляцоўкі з групавымі домікамі на 200 галоў маладняку. Тут на працягу ўсяго года будуць знаходзіцца цяляты ва ўзросце ад 2 да 6 месяцаў. Бо, як паказвае практыка, самая здаровая жывёла тая, якая ўтрымліваецца на свежым паветры. Адпаведна, будзем мець здаровае патомства ў будучым. Таксама разлічваем, што новы аб’ект паспрыяе скарачэнню тэрміну вырошчвання цялушак пад пакрыццё за кошт хутчэйшай іх прыбаўкі ў вазе.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

