У мінулую суботу жыхароў і гасцей вёскі аб'яднала прыемная нагода сустрэцца - традыцыйнае свята. Арганізавалі яго работнікі Калодзежскага сельвыканкама, а матэрыяльна дапамагла гаспадарка -- эксперыментальная база "Натальеўск" на чале з кіраўніком Аленай Махнач.
З усіх вуліц прыходзілі пешшу, пад'язджалі на аўтамабілях людзі ў мясцовы парк. Зашумела, загаманіла вёсачка. Сустракаў гасцінны, святочна накрыты стол.
Вядучыя мерапрыемства Вольга Лаўніковіч і Андрэй Хурсевіч павіншавалі прысутных са святам і прадставілі гаспадыню мерапрыемства - старшыню Калодежскага сельвыканкама Людмілу Пасудзеўскую. Яна звярнулася да прысутных са словамі віншавання, падзякі і шчырымі душэўнымі пажаданнямі, адзначыла, як многа значыць для чалавека яго малая радзіма.
Слова ўзяла начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Лідзія Шчацінка. Выступіла таксама дырэктар гаспадаркі "Эксперыментальная база "Натальеўск" Алена Махнач.
Вядучыя зрабілі экскурс у гістарычнае мінулае вёскі, нагадалі пра яе адметнасці. Затым на сцэну запрасілі старэйшыну вёскі Валянціну Маруга. Яна прачытала кранальны верш "Не прадавайце дом бацькоў".
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся дамоў з вайны, хто паклаў свае галовы за будучае мірнае жыццё.
Падарункі, шчырыя словы падзякі і песні гучалі ў адрас самых старэйшых жыхароў Старага Пруда: Алены Лойка, Таісіі Захожай, Раісы Гамялько, Марыі Цюхай. Павіншавалі і самую маленькую жыхарку - Сафію Акуліч (на здымку). На свяце ўшанавалі і сямейную пару - Браніслава і Таісію Яблонскіх. Яны пражылі разам 50 гадоў. Акрамя гэтага, сёлета Браніслаў Казіміравіч адзначыў сваё 75-годдзе. Узнагароджвалі і пары, якія пражылі разам 40 гадоў. Гэта Васіль і Ларыса Гурскія, Анатоль і Люся Квяткоўскія, Пётр і Галіна Качан. Галіна Іванаўна ў гэтым годзе адзначыла сваё 60-годдзе. Словы віншавання і падарункі атрымалі пары, якія разам ужо 35 гадоў: Валерый і Галіна Цумаравы, Уладзімір і Наталля Ладуцька; Мікалай і Галіна Галалоб адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця.
Бурнымі апладысментамі віталі сёлетніх юбіляраў. Алег Раманоўскі, Святлана Бабіновіч і Таццяна Стаброўская адзначылі 50-годдзе. Генадзь Маруга, Віктар Вяргейчык, Жанна Лабанёнак - 55-годдзе, Сяргей Гамеза, Уладзімір Біратко - 60-годдзе, Вікенцій Чорны, Віктар Петрашкевіч, Іван Стахоўскі - 65-годдзе, Васіль Алісейчык адзначыў 75-годдзе.
Словы падзякі за нялёгкую настаўніцкую працу былі выказаны Галіне Цумаравай, Святлане Бабіновіч, Галіне Галалоб.
Падзяку за міласэрнасць і суперажыванне, за ўвагу да старэйшых жыхароў вёскі атрымала сацыяльны работнік Таццяна Максіменка.
На свяце адзначылі і прыгожыя, добраўпарадкаваныя падворкі. Плённую працу правялі Уладзімір Лобач, Васіль Алісейчык, Іван Гурскі, Мікалай Стахоўскі, Віктар Стахоўскі, Яўген Акуліч, Віктар Бабіновіч, сям'я Віктара і Валянціны Вяргейчык.
Юным жыхарам і гасцям вёскі былі прапанаваны батут, салодкая вата, паветраныя шарыкі. Чэрвеньскае райпо арганізавала выяздны гандаль.
Святочны настрой вяскоўцам стваралі вакальны ансамбль "Крыніцы" Раваніцкага сельскага Дома культуры, Марына Сіняўская разам з удзельнікамі калектыва "Дарящие радость", Надзея Чарніцкая, Андрэй Хурсевіч. На свята завіталі і госці з Бярэзінскага раёна - народны ансамбль народнай песні "Лявоніха".
Кацярына ШУМКО. Фота аўтара

