На мінулым тыдні споўнілася 80 гадоў Ганароваму грамадзяніну Чэрвеньскага раёна, першаму трэнеру Чэрвеньскай ДЮСШ па футболу Леаніду Корзуну.
У суботу шаноўны Леанід Міхайлавіч прымаў віншаванні з юбілеем падчас адкрыцця традыцыйнага, сёмага па ліку, турніру па міні-футболу сярод ветэранаў на яго прызы, які прайшоў у фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Ігумен» Чэрвеньскай СДЮШАР.
Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама і раённага выканаўчага камітэта ўручыла Леаніду Корзуну намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, адзначыўшы яго важкі ўклад у развіццё гульні нумар адзін на Чэрвеньшчыне.

Таксама шаноўны юбіляр атрымаў узнагароды ад Беларускай федэрацыі футбола, федэрацыі футбола Мінскай вобласці, падарункі і сувеніры ад вядомых у футбольным свеце нашых землякоў Рыгора Фёдарава, Анатоля Усенкі, Андрэя Лаўрыка, музычнае віншаванне ад народнай капэлы “Ігуменскія крыніцы”. У яго адрас прагучала шмат шчырых удзячных слоў.

У міні-футбольным турніры на прызы Леаніда Корзуна ўзялі ўдзел чатыры каманды. У першым паўфінале зборная Беларусі сярод спартсменаў з аслабленым зрокам і слыхам, якую трэніруе Анатоль Усенка, упэўнена перамагла ветэранаў футбола Пухавіцкага раёна – 4:0.
Драматычным выдаўся другі паўфінал, у якім сустрэліся нашы ветэраны футбола і каманда Мінскага завода колавых цягачоў. Чэрвеньцы першымі адкрылі лік: у другой палове першага тайма Сяргей Канцур прайшоў з мячом праз усю пляцоўку і скіраваў яго ў вароты.
Пасля перапынку мінчане не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад. Затым лік параўнаў Сяргей Качановіч, але ужо праз хвіліну каманда МЗКЦ зноў павяла ў ліку. За тры хвіліны да заканчэння асноўнага часу матча Сяргей Канцур зрабіў лік нічыйным – 3:3. А на апошніх секундах чэрвеньцы вырвалі перамогу: Аляксей Сасункевіч аказаўся самым спрытным у барацьбе за мяч пасля падачы з вуглавога – 4:3.

У фінале наша каманда гуляла са зборнай Беларусі сярод спартсменаў з аслабленым зрокам і слыхам. Больш вопытныя і тытулаваныя сапернікі відавочна пераўзыходзілі чэрвеньцаў у класе. Мяч пяць разоў пабываў у нашых варотах, якія абараняў Сяргей Купровіч. Але і ён не застаўся ў даўгу: за тры хвіліны да заканчэння сустрэчы пайшоў у атаку і “прабіў” галкіпера зборнай, які да гэтага не прапусціў на турніры ніводнага мяча.
Такім чынам, зборная Беларусі сярод спартсменаў з аслабленым зрокам і слыхам выйграла спаборніцтвы. Другое месца занялі чэрвеньскія ветэраны (Сяргей Купровіч, Аляксей Сасункевіч, Сяргей Качановіч, Сяргей Канцур, Вячаслаў Целяціцкі, Юрый Пятроўскі, Дзмітрый Новік, Сяргей Забаронак, Віталь Манулік і Сяргей Прыступа). У матчы за трэцяе месца каманда Пухавіцкага раёна перамагла ветэранаў футбола Мінскага завода колавых цягачоў – 7:3.

Каманды пераможцы і прызёры турніру ўзнагароджаны медалямі. Прыз лепшага іграка ў складзе чэрвеньцаў атрымаў Аляксей Сасункевіч.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

