Мінавіта пад такой назвай 26 жніўня прайшло ў вёсцы Чарнава Свята вёскі. Сонечным ясным днём прыйшлі на свята жыхары і госці в. Чарнава, каб успомніць мінулае, каб парадавацца поспехам адзін аднаго, і яшчэ раз пераканацца: самы цудоўны куточак на свеце — той, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Жывуць у вёсачках прыгожыя і працавітыя людзі, якія з радасцю і чалавека з дарогі прывецяць, і ў хату запросяць, і малачком пачастуюць. Яны гонар і слава зямлі Чэрвеньскай. Кожнае свята, як вядома, пачынаецца з віншаванняў і добрых пажаданняў. Першым слова меў старшыня Руднянскага сельскага савета Мікалай Канстанцінавіч Нахамчык. З віншаваннямі на свята завіталі і ганаровыя госці – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Лідзія Аляксандраўна Шчацінка і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама Алена Анатольеўна Калтовіч.
Прагучалі народныя і лірычныя песні ў выкананні вакальнага ансамля “Крыніцы” Руднянскага сельскага Дома культуры, дуэта Віктара Барысёнка і Анатолія Кеда з Грабёнскага сельскага Дома культуры і салістаў Навазелянкоўскага СДК - Валянціны Наркевіч і Арпінэ Татаян. Знайшла сваё месца і выстава народнай творчасці з наступнымі вырабамі: дываны, рушнікі, сурвэткі, мяккая цацка і іншыя сувеніры, наладжаная работнікамі Новазелянкоўскага і Руднянскага Дамоў культуры.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аднавяскоўцаў, што загінулі ў Вялікую Айчынную. Успомнілі тых, хто вярнуўся з фронту, уручылі падарунак Івану Антонавічу Мальковічу, ветэрану Вялікай Айчыннай войны.
Бадай, не было ў той дзень ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрае слова. Дружна віталі ветэранаў працы, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі: хто аддана працаваў на карысць роднага сяла, хто нарадзіў і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дабіўся вялікіх поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Сярод тых, каго ў той дзень ушаноўвалі, былі найстарэйшыя жыхары вёскі Чарнава, якія тут нарадзіліся і выраслі, прайшлі свой нялёгкі жыццёвы шлях сумленна і без нараканняў. Цёплыя і шчырыя віншаванні пачулі ў свой адрас срэбраныя юбіляры Яўсеенка Сяргей Адамавіч і Тацянна Мікалаеўна. Не пакінулі без увагі і шматдзетных маці. Бурнымі апладысментамі віталі самую-самую маленькую жыхарку вёскі Астасейчук Вікторыю. У яе яшчэ ўсё наперадзе: і першы крок, і першае слова, і першае каханне, і першы пацалунак, і першы працоўны дзень. А пакуль ёй пажадалі расці здаровенькай і паслухмянай дзяўчынкай на радасць маме і тату.
Завяршылася свята святочным канцэртам самадзейных артыстаў Чэрвеньшчыны.
Вольга ЛАЎНІКОВІЧ

