16 жніўня ў Лядзенскім сельскім Савеце адбылася сустрэча старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Зубара з жыхарамі сельсавета. Пасля сустрэчы Андрэй Леанідавіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. У размове таксама прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідзія Шчацінка. На сустрэчу прыйшлі людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статута. З увагай яны слухалі старшыню райвыканкама аб стане сацыяльнай сферы і эканоміцы раёна, аб ходзе ўборачнай кампаніі. Закрануў Андрэй Леанідавіч і пытанні будаўніцтва жылля і льготнага крэдытавання. Падкрэсліў, што узровень жыцця на вёсцы пастаянна паляпшаецца. Ёсць годныя жыллёвыя і камунальныя выгоды, добрыя ўмовы працы, сацыяльная абарона работнікаў, вялікая ўвага надаецца тэхніцы бяспецы працы. Заработная плата ў сельскай гаспадарцы – на ўзроўні сярэдняй па раёну. Галоўнае – дысцыпліна кожнага работніка на сваім працоўным месцы і адказнасць за вынікі працы.
Абмеркавалі вяскоўцы асабістыя клопаты са старшынёй райвыканкама пасля сустрэчы. Шчырая размова выклікала сяльчанаў да гутаркі па розных пытаннях.
Галіна ГАМЕЗА.
Фота Лідзіі ШЧАЦІНКА

