Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
16 августа 2017

Забралі Кубак, але перамогу не забраць!

У суботу на стадыёне СДЮШАР перад матчам 11 тура чэмпіянату вобласці па футболу паміж чэрвеньскім «Коласам» і салігорскім «Хімікам-Беларуськаліем» адбылося ўшанаванне ігракоў нашай каманды з нагоды паспяховага выступлення ў Кубку сталічнага рэгіёну. 
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Зубар падзякаваў футбалістам за тое, што годна прадставілі Чэрвеньшчыну ў спаборніцтвах, уручыў ім Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі.

16 08 17 3

Узнагароду атрымлівае нападаючы «Коласа» Аляксандр Мрынскі.

Як паведамляў ужо “Раённы веснік”, пасля фінальнага кубкавага матча, у якім “Колас”, паказаўшы выдатную гульню, разграміў дзяржынскую “Лівадыю-Юні” – 6:1, надарылася прыкрая гісторыя. Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола Мінскай вобласці прыняў рашэнне пакараць нашу каманду тэхнічным паражэннем – 0:3 – за ўдзел у гульні незаяўленага іграка. Тым не менш, “Колас” застаўся ў статусе фіналіста і заняў у спаборніцтвах другое месца.

Сам факт таго, што, нягледзячы на непрыемную сітуацыю, было прынята рашэнне ўшанаваць каманду за паспяховае выступленне ў Кубку, сведчыць пра неабыякавае стаўленне кіраўніцтва раёна да развіцця спорту на Чэрвеньшчыне.

Выступаючы на ўрачыстасці, старшыня райвыканкама Андрэй Зубар выказаў захапленне вынікам, які “Колас” паказаў у фінальным матчы. Ён прызнаўся, што любіць футбол, сам змалку гуляў у яго, уважліва сочыць за выступленнямі нашай каманды і разам з усімі шчыра радаваўся перамозе чэрвеньцаў. Што да адабрання Кубка, то, паводле слоў Андрэя Зубара, гэта здарылася з-за нездавальняючай арганізацыйнай працы.

Тэма ідэалогіі спорту і футбола ў тым ліку неаднаразова гучала ў выступленні старшыні райвыканкама. Ён, у прыватнасці, выказаў крытыку на адрас аддзела адукацыі, спорту і турызму за неналежную арганізацыю ўрачыстага мерапрыемства, маючы на ўвазе тое, што яно праходзіла фактычна пры пустых трыбунах.

Акрамя таго, Андрэй Зубар закрануў і актуальную тэму неабходнасці рэканструкцыі стадыёна СДЮШАР.

– Калі я ў дзяцінстве гуляў у футбол, у нас у вёсцы быў такі ж стадыён, – сказаў ён. – Сорамна, што каманда, якая апошнім часам паспяхова выступае на абласных спаборніцтвах, прымае тут сапернікаў. Таму абяцаю, што ў чацвёртым квартале, калі будзе фарміравацца бюджэт раёна на наступны год, мы заплануем сродкі на тое, каб прывесці стадыён у парадак…

Павіншаваць нашу каманду таксама прыехаў старшыня Федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун. Ён адзначыў годны ўзровень развіцця футболу на Чэрвеньшчыне і падзякаваў Андрэю Зубару за падтрымку гульні нумар адзін.

Не забыліся на ўрачыстасці і пра балельшчыкаў. Трэнер “Коласа” Сяргей Прыступа ўручыў футбольныя мячы з аўтографамі футбалістаў старэйшаму заўзятару нашай каманды Аляксандру Жуку, якому хутка споўніцца 80 гадоў, і арганізатару фан-сектара чэрвеньцаў на фінальнай кубкавай гульні ў Лагойску Аляксею Лядскаму.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс