Вёска Хвойнікі вядома з 17 стагоддзя. Уваходзіла ў склад прыватнага маёнтка Ігумен. Паводле перапісу 1897 года, гэта вёска Кліноцкай воласці Ігуменскага павета, 25 двароў, 169 жыхароў. Працавала школа царкоўнай граматы. На пачатку 20 стагоддзя – 23 двары, 186 жыхароў. У 1917 годзе, сто гадоў назад, у Хвойніках жыло 186 жыхароў, было 23 двары. Тут ніколі не было магазіна, ФАПа, клуба, сюды не адпраўляліся маршрутныя аўтобусы. Бо знаходзіцца гэта вёска побач з Чэрвенем. Цяпер ўжо зусім злілася з яго вуліцамі.
А яшчэ нядаўна стаяла асобна. Была ў вёсцы адна доўгая вуліца. Яна і зараз самая доўгая. Называецца Хвойніцкая. Астатнія тры – Мінская, Светлая, Падлесная, завулак Мінскі з’явіліся ў сямідзесятыя гады. Багаты па тым часе калгас “Бальшавік”, старшынёй якога быў знакаміты Сямён Майсеевіч Стальмашонак, пачаў будаваць дамы для сваіх работнікаў.
Яшчэ больш прыгожай, прывабнай для жыцця стала вёска ў новым стагоддзі. Цяпер будуюцца тут актыўна маладыя людзі, бо жывеш, як у горадзе, з усімі выгодамі: газ, вадаправод, каналізацыя, а дыхаеш, адпачываеш, як у вёсцы: на лоне прыроды, побач прасторныя лугі і лес.
Аб адметнасці жыцця сёняшніх Хвойнікаў, аб яе руплівых, працавітых людзях казала на свяце вёскі старшыня Чэрвеньскага Савета Наталля Свірыдовіч. Да яе добрых слоў далучылася памочнік дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь ад нашага раёна Пятра Атрошчанкі Алена Гоман, якая падкрэсліла, што Хвойнікі з’яўляюцца практычна варотамі Чэрвеня. Па забудовам вёскі, па сядзібах, палетках, па добраўпарадкаванні грамадскіх тэрыторый мяркуюць прыезжыя аб чэрвеньцах увогуле.
Аб пасляваеннай гісторыі вёскі, аб лёсе і яго выпрабаваннях аднавяскоўцаў, падобных да лёсу ўсяго беларускага народа, расказаў стараста вёскі, лаўрэат звання “Чалавек года Міншчыны” Васіль Бачыла. Ён нарадзіўся тут, вырас, праз пэўны час пасля службы ў прафесійнай арміі вярнуўся на радзіму продкаў, стаў дэпутатам. Справай адстойваў інтарэсы аднавяскоўцаў. Пры яго ініцыятыве і актыўным удзеле з’явіліся тут газ і вадаправод.
Пра слаўнае мінулае калгаса “Бальшавік” успомнілі прысутныя, вітаючы ветэранаў калгаснай працы: Марыю Іосіфаўну Кацько, Таццяну Адамаўну Граблюк, Мікалая Канстанцінавіча Ашэйчыка, самую сталую доўгажыхарку вёскі Кацярыну Мікалаеўну Калтовіч, Уладзіміра Мікалаевіча Калтовіча, Ларысу Мікалаеўну Калтовіч, Зінаіду Пятроўну Ліпніцкую, Марыю Данілаўну Дадалка, Мікалая Міхайлавіча Гатоўка, Любоў Аляксандраўну Івашкевіч. Падзякавала за добрасумленную працу ветэранам і ўручыла падарункі ад прадпрыемства спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” Кацярына Шахловіч.
Традыцыйна віталі на свяце бацькоў самых маленькіх жыхароў – Савелія Качана і Мікіты Паўловіча. Шматлікімі апладысментамі сустракалі землякі сямейную пару Мікалая Канстанцінавіча і Вольгу Васільеўну Ашэйчык, якія крочаць па жыцці разам 57 гадоў. Адзін з прысутных маладых людзей уручыў Вользе Васільеўне прыгожы букет кветак, даведаўшыся, што ў яе сёння дзень нараджэння. Побач са шлюбнымі юбілярамі на сцэну запрасілі маладых Руслана і Ірыну Яблонскіх, якія толькі месяц назад узялі шлюб. Старшыня Наталля Свірыдовіч павіншавала іх ад імя аднавяскоўцаў і ўручыла памятны падарунак.
Атрымалі ўвагу, павагу і захапленне прысутных шматдзетныя маці Аксана Раманькова ( трое дзетак) і Алена Касцевіч ( пяцёра дзетак). З падарункамі былі і будучыя першакласнікі Вераніка Кацько і Максім Довста.
Самыя шчырыя і гучныя віншаванні і апладысменты атрымалі юбіляры, якія ствараюць працоўную славу сённяшніх Хвойнікаў: Ірына Несцярэнка -50 гадоў, 60 гадоў – Уладзімір Дзерах, Галіна Марціновіч, Аляксандр Ладуцька, Дзмітрый Сушкевіч, Аляксандр Дадалка, Ларыса Гасік, Надзежда Пашкова, Тамара Калтовіч – 70 гадоў. Шматлікія дзеці і ўнукі радасна віталі любых родных.
Самым лепшым прызнана падвор’е Раісы Сушкевіч. Кветкі, агарод – усё тут выглядае адмыслова. А лепшай мыйстрыцай аднагалосна назвалі Ларысу Калтовіч. Абаяльная, прывабная, падцянутая, спартыўная, яна знаходзіць час ствараць сваімі рукамі вышыванкі так, як некалі вучыла маці.
Увесь час канцэрта радавалі вяскоўцаў самадзейныя артысты ансамбля народнай песні “Крынічанька” Хатлянскага сельскага Дома культуры Уздзенскага раёна, фальклорнага калектыву “Чараўніца” аграгарадка “Усяж” Смалявіцкага раёна і цудоўныя маладыя таленты раённага цэнтра культуры і адпачынку. Сучасныя мелодыі запрашалі танчыць, спяваць, забаўляцца на атракцыёнах побач з адметнымі гістарычнымі атрыбутамі – гарматай і самалётам. Дыхтоўнае камфортнае месца адпачынку з’явілася ў старой-маладой вёскі Хвойнікі.
Галіна ГАМЕЗА.Фота аўтара

