…Казка пачынаецца з вуліцы. Ля плота вялікая клумба са шматлікімі кветкамі. Бярозавы бычок ветліва сустракае гаспадароў і гасцей дома. Прыгожы плот з хвалістымі дошчачкамі, да брамы вядзе драўляны масток.
— Плот зрабіў муж Генадзь Аляксеевіч, — патлумачыла Людміла Аляксандраўна. — Кожную дошчачку выпільваў бензапілой, каб яна была такой хвалістай. А гэта ж — карпатлівая праца. Некаторыя дзівяцца: дзе такія крывыя дрэвы браў? Масток да брамы — таксама яго работа. Мясцовая дзетвара ўпадабала яго. Штодня дзеці тут скачуць, сядзяць на поручнях і, нават, на веласіпедах катаюцца…
А за брамай — сапраўднае царства кветак! Адных толькі ружаў у Людмілы Аляксандраўны 96 гатункаў! Клемацісы, лілеі, касачы, якія яшчэ цвітуць, напаўняюць паветра чароўным пахам. Вялікае сямейства лілейнікаў, якія адцвітаюць, ад іх застаюцца шапкі зялёных лістоў і ўтвараюць прыгожы дыван.
Сярод гэтага хараства стаіць драўляны домік, грыбкі. Гэта так гарманічна ўпісваецца ў агульны малюнак! Кветкі ўсюды. Нават дарожка да хлява і тая ў кветках! Вакол дома — таксама кветкі. Прыгожая альтанка, невялічкая сажалка, арэлі, новая рубленая лазня, душ — усё прыстасавана для ўтульнага і прыгожага жыцця. Пад страхой дома ластаўкі звілі гняздо, вывелі птушанят. Гэта добрая прыкмета. Людзі кажуць, што ластаўкі селяцца толькі ў дбайных гаспадароў.
— Вы можаце падумаць, што агарода ў мяне няма, — смяецца Людміла, — а ён ёсць.
І сапраўды, уражанне такое, што тут пануюць толькі кветкі. Аднак за пладовымі дрэвамі — агарод і цяпліца. І тут парадак ідэальны. Памідоры і перац, цыбуля і часнок, фасоля і агуркі — усё, што і павінна быць на агародзе.
— Градам столькі ўвагі не надаю, — працягвае Людміла Аляксандраўна. — А кветкі патрабуюць шмат часу, іх трэба пільна даглядаць. Глебу падрыхтаваць, перасадзіць, прапалоць, падкарміць, зберагчы ад шкоднікаў, падвязаць. Упарадкаваць на зіму: зрэзаць, накрыць. Кожная кветка патрабуе свайго догляду. Муж і сын дапамагаюць, калі патрэбна працаёмкая работа.
Уся астатняя работа на кветніках — прыярытэт гаспадыні. І калі толькі яна спіць? Ды і работа ў старшыні сельвыканкама адказная. Затое асабісты прыклад дапамагае дакараць тых, у каго няма элементарнага парадку на падворку.
Кветкі падабраныя па тэрмінах цвіцення так, каб квітнелі пастаянна. З ранняй вясны пачынаюць распускацца першацветы, пазней — нарцысы, цюльпаны, за імі — касачы і півоні, ружы, флоксы, наперстаўка, алісум, петуніі, гваздзікі, хосты розных гатункаў і іншыя. Яны радуюць вока маляўнічымі фарбамі да позняй восені.
А што ж робіць зімой гэтая апантаная жанчына?
— Не хапае мне кветак, не магу дачакацца, калі вясна прыйдзе. Выратоўваюць архідэі. Іх, праўда, у мяне няшмат. Аднак кветкі заўсёды радуюць душу. Ёсць у мяне такая моцная да іх прыхільнасць…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

