Убачанае ўразіла. Хтосьці адцягнуў адну з альтанак бліжэй да вады. Ля гэтай альтанкі — вогнішча. Каб развесці агонь, разабралі агароджу вакол пляцоўкі з кантэйнерамі для смецця.
Майстар па добраўпарадкаванню горада ўнітарнага прадпрыемства «Чэрвеньская жыллёва-камунальная гаспадарка» Аляксандр Саковіч, якога сустрэла на пляжы, у роспачы кажа:
— Горка на ўсё гэта глядзець. Хтосьці працуе, каб адпачынак чэрвеньцам арганізаваць, а хтосьці ўсё гэта псуе. Тое, што планавалі зрабіць, мы зрабілі. На маю думку, трэба было болей грыбкоў паставіць для дзяцей. І альтанак двух мала, і раздзявальні б яшчэ не перашкодзілі. Дык вось пастаў усё гэта… Зломяць зноў. Вартаўніка тут няма. Кожны тыдзень не будуць жа сродкі выдаткоўваць на добраўпарадкаванне пляжа. Сёлета яшчэ і мала папсавалі. У мінулыя гады болей шкоды нарабілі. І альтанкі палілі, і грыбкі. Альтанка каштуе больш за 500 рублёў. Вось якое выхаванне ў некаторай моладзі.
Да нас далучыўся старшыня раённай арганізацыі ТВВОД рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на вадзе» Васіль Ладуцька:
— Трэба, каб міліцыя больш сачыла за гэтым. Каб злавілі таго, хто гэта рабіў, ды прымусілі ўсё аднавіць і адрамантаваць за свае сродкі, дык можа быў бы які толк. Вось бачыце, бутэлькі раскіданы, а да сметніцы два метры… Што тычыцца нашай работы, то ўсё неабходнае для выратавання ёсць: лодкі — маторная і грабная, выратавальныя жылеты. Па штату тры чалавекі патрэбны, а працуюць шэсць. Па палове стаўкі ў кожнага. Сумяшчальнікі ў асноўным. Хацелася, каб і ў нас быў добры пляж. У Пухавічах і лежакі стаяць, усё аздоблена вакол. Ніхто нічога не ламае. А ў нас што? У Дзяржынску стаяць лодкі і ноччу. А мы зацягваем у хлеў на ноч. Бо раніцай не знойдзеш.
Вакол нашай станцыі сцяна. У мінулым годзе выламалі пралёт. Нікога не знайшлі. Хто вінаты? Спалілі лавачку з грыбком. Ляжалі п’яныя мужыкі да вечара тут, ніхто не забраў іх.

А. Саковіч:
— Калі планавалі добраўпарадкаваць пляж, трэба было б зрабіць добры адкос, пяску прывезці. І гандаль наладзіць.
В. Ладуцька:
— Будуць чысціць канаву, папрашу, каб і пляж тут абрэзалі. Прыбярэжную расліннасць падкасіць таксама трэба.
Рыбакі, што сядзелі з вудамі на беразе, сказалі:
— Возера стала крыху чысцейшым, пасля таго, як амура запусцілі, але на такую плошчу малавата яго. Зараз трава схавалася пад вадой, яе менш бачна.
Аб якасці вады і яе бяспецы паведамілі работнікі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Урач-лабарант санітарна-гігіенічнай лабараторыі Кацярына Ефімкова:
— Пробы на хімічны аналіз адбіраюцца ў вадаёме згодна санітарных нормаў і правілаў адзін раз у месяц. Апошні аналіз вады, зроблены 10 ліпеня, паказаў, што адабраныя ўзоры вады адпавядаюць ўсім патрабаванням.
Фельчар-лабарант бактэрыялагічнай лабараторыі Аксана Шанцавалава:
— На бактэрыялагічны аналіз пробы вады бяром раз на тыдзень. Апошні раз — 10 ліпеня. Узоры вады і па баканалізу адпавядаюць нормам. Так што купацца не забаронена.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

