Па ўсёй Чэрвеньшчыне прайшлі мітынгі-рэквіемы. Трэцяга ліпеня ў райцэнтры памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі на ўрачыстым мітынгу-рэквіеме, які адбыўся на плошчы Свабоды каля помніка воінам і партызанам.
- Дзень Незалежнасці неразрыўна звязаны з найважнейшай падзеяй айчыннай гісторыі - вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - зазначыў падчас выступлення старшыня райвыканкама Андрэй ЗУБАР. - Для беларусаў гэта дата з'яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, доблесці і славы. І чым больш час аддаляе нас ад суровых ваенных дзён, тым вышэй адказнасць кожнага з нас за захаванне гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцяў.
Звяртаючыся да ветэранаў, ён назваў іх галоўнымі героямі Перамогі, подзвіг якіх стаў залогам мірнага жыцця і незалежнасці Беларусі.
- На знешнепалітычнай арэне наша краіна праводзіць міралюбівую, шматвектарную палітыку, заснаваную на прынцыпах добрасуседства і супрацоўніцтва, - сказаў на заключэнне кіраўнік раёна. - Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Расіяй, развіваем дыялог з заходнімі краінамі, выступаем міжнароднай пляцоўкай для вядзення міратворчых перамоў. Рухаючыся наперад, мы павінны помніць: падмуркам усіх дасягненняў з'яўляюцца мір і згода на зямлі, адзінства, свабода і незалежнасць краіны.
Памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ветэраны, раённая адміністрацыя, ваенны камісарыят, грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы Чэрвеньшчыны, дэлегаты з расійскіх гарадоў Каралёў і Парфіна ўшанавалі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.
Урачыстасці, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прайшлі і ў іншых населеных пунктах. У гарадскім пасёлку Смілавічы свята сабрала каля пяцісот гасцей і ўдзельнікаў. Да канцэртнай праграмы, акрамя мясцовых выканаўцаў, далучыліся творчыя калектывы з Шасціснопаў і Турца.
Сняжана КАЎГАРЭНЯ

