Бадай, для кожнага, хто нарадзіўся ў вёсцы, яна да скону застаецца незабыўнай казкай, у якую хочацца вяртацца зноў і зноў. Ці не таму ў паселішчах, што за апошнія дзесяцігоддзі прыкметна збяднелі на сталых жыхароў, усё ж цепліцца жыццё: іх нашчадкі ў вольны ад працы час знаходзяць тут паратунак ад гарадскога шуму і тлуму. І не дзіва, што падчас свята вёскі ў Іванічах былы мясцовы Дом фальклору з цяжкасцю ўмясціў усіх, хто прыйшоў сюды, каб прыгадаць мінулае, спаткацца з маладосцю, пабачыць старых сяброў, атрымаць кветкі і падарункі.
Ад пачатку лірычным настроем ахінула залу мясцовая самадзейная спявачка Тамара Дуброўская, якая пранікнёна выканала песню “Вёсачка мая”. З прывітальным словам да вяскоўцаў і гасцей звярнуліся старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Сурага і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Алена Канстанціновіч.
Святар чэрвеньскай Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр Лазоўскі, якога з духмяным караваем на ўваходзе ў будынак сустракалі дзеці, згадаўшы пра тое, што ў Іванічах будуецца храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, пажадаў усім ласкі божай.
Свята было напоўнена шчырай удзячнасцю тым, чый лёс непарыўна звязаны з Іванічамі, суседнімі вёскамі Аточная Слабада і Чырвоны Бераг, хто з’яўляецца неад’емнай часткай іх гісторыі. І першай па праву ўшанавалі старэйшую жыхарку Іванічаў Еву Тоўсцік, якой нядаўна споўнілася 97 гадоў. Шмат чаго давялося зведаць за сваё нялёгкае жыццё Еве Антонаўне. Але яна ніколі не адступала перад цяжкасцямі, годна вырасціла і выхавала чацвярых дзяцей, дванаццаць унукаў і зараз дапамагае гадаваць 18 праўнукаў.
Ветэранам працы, якія дзесяцігоддзі свайго жыцця аддалі сельскай гаспадарцы, шчыра падзякавала старшыня прафкама ААТ “10 з’езд Саветаў” Валянціна Цюлюпа. Яна ўручыла Граматы і Удзячныя лісты Таццяне Бандарык, Аляксандру Краснагіру, Соф’і Лысай, Валянціне Калтовіч, Зоі Тоўсцік, Марыі Ладуцька, Віктару Пусеву, Аляксандры Захарчанка, Галіне Паповай, Але Верынай, Марыі Трапашка і Мікалаю Папову.
Слёзы заблішчэлі на вачах прысутных у зале падчас згадкі пры самы жахлівы дзень у гісторыі Іванічаў – 10 сакавіка 1944 года, калі жыхароў вёскі зганялі на шлях, збіраліся расстрэльваць. Моладзь забралі ў Германію. Гарэлі хаты, галасілі жанчыны, плакалі малыя… Для жывых сведкаў тых падзей са сцэны прагучаў верш “Дзецям вайны”.
Ушанаванне вяскоўцаў прадоўжылася ўручэннем кветак і падарункаў сем’ям, з якіх кожны можа браць прыклад: Аляксандру і Марыі Карасікам, Васілю і Ніне Ладуцькам, Аляксандру і Марыі Краснагірам, якія крочаць поруч вось ужо больш за паўстагоддзя. А таксама – Мікалаю і Наталлі Ладуцькам, якія разам амаль трыццаць гадоў.
Не забыліся на свяце і пра моладзь – Міхаіла Ладуцьку і Юрыя Філіповіча, якія годна адслужылі ў войску, выпускнікоў базавай школы Сяргея Калтовіча і Сяргея Філіповіча, выпускніка пачатковай школы Васю Зубка, а таксама Пашу Зубка, які пачне спасцігаць навуку сёлета.
Гучнымі апладысментамі вітала зала землякоў-ардэнаносцаў – кавалера ордэна Маці, маці-гераіню Зою Тоўсцік, кавалера ордэнаў “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга Аляксандра Краснагіра, кавалераў ордэна Працоўнай Славы Марыю Карасік і Соф’ю Лысую; вялікую групу ветэранаў працы – механізатараў, жывёлаводаў, паляводаў, якія добрасумленна і старанна працавалі на роднай зямлі; адзінага цяперашняга аднавяскоўца-работніка мясцовай гаспадаркі Мікалая Папова; былую вясковую настаўніцу Таццяну Шуша, якая дала пуцёўку ў самастойнае жыццё ні аднаму пакаленню жыхароў Іванічаў, Аточнай Слабады і Чырвонага Берага; загадчыцу мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта Наталлю Ладуцька, якая вось ужо тры дзесяцігоддзі ў спякоту і сцюжу спяшаецца да хворых; былога паштальёна Паліну Есіпёнак, якую заўсёды з нецярплівасцю чакалі ў кожнай вясковай хаце; былую гаспадыню камбіната бытавога абслугоўвання Галіну Кісель, швейныя вырабы якой можна назваць сапраўднымі дызайнерскімі шэдэўрамі; былую загадчыцу клуба Аляксандру Гаўрыльчык, якая ў далёкім 1973 годзе стаяла ля вытокаў мясцовага фальклорнага гурта “Вечарына”, калектыву, што радуе гледачоў сваёй адметнай творчасцю па сёння, і, канешне ж, не прамінуў выступіць на свяце.
Адмысловая старонка ўрачыстасці была прысвечана знакамітым людзям, якіх выгадавала тутэйшая зямля – вядомаму не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі медыку Івану Ладуцьку, супрацоўніку расійскай авіякампаніі, паэту-лірыку Васілю Ладуцьку, прафесару Мікалаю Ладуцьку, кандыдату тэхнічных навук Зінаідзе Бурай, цэлай плеядзе афіцэраў-вайскоўцаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Уганаравалі і мясцовых майстрых, тканыя і вышываныя творы якіх аздабляюць музейную экспазіцыю, а таксама пераможцу конкурсу на лепшае вясковае падвор’е Зою Тоўсцік.
Старшыня Кліноцкага сельвыканкама Васіль Сурага шчыра падзякаваў за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства ўладальнікам фермерскіх гаспадарак “Стары Тын” і “Вясковы Стан” Вікторыі і Анатолю Рапейкам, а таксама самадзейным артыстам, якія аздобілі свята канцэртнымі нумарамі – народнаму ансамблю “Азяраначка” Азёрнаўскага сельскага Дома культуры, вакальнаму калектыву “Крыніца” Руднянскага сельскага Дома культуры і салісту Андрэю Хурсевічу.
Напрыканцы свята прагучалі такія словы: “Пакуль над намі кружыць белы бусел, я веру: мая вёска будзе жыць”.
Буслы і сапраўды шмат гадоў ладзяць гняздо акурат на даху будынка, дзе праходзіла ўрачыстасць. І да свята вёскі яны ўжо вывелі буслянят. Так што Іванічам – жыць!
Ларыса АРЭХАВА, вядучая свята.
Фота Ігара АДАМОВІЧА

