У Чэрвеньскай дзіцячай Школе мастацтваў адбыўся вечар, прысвечаны памяці былога дырэктара школы Васіля Васільевіча Капцелава. У актавай зале сабраліся тыя, хто яго ведаў, хто меў шчасце быць яму блізкім і родным чалавекам, каму давялося разам з ім займацца творчасцю, працаваць, ствараць і сябраваць, хто быў яго шматгадовым гледачом і прыхільнікам таленту. Яны прыйшлі, каб аддаць даніну глыбокай павагі чалавеку, які ўсё жыццё бескарысліва і аддана служыў развіццю культурнай спадчыны і інструментальнай творчасці ў Чэрвеньскім раёне. Прайшоў год, як пайшоў з жыцця цудоўны чалавек, выдатны музыкант, настаўнік, верны сябар. Яму было 68 гадоў…
Вечар вяла кіраўнік тэатральнага аддзялення дзіцячай Школы мастацтваў Вольга Шалабнёва. Яна прыгадала жыццёвы і творчы шлях Капцелава. Прысутныя ўбачылі фотаздымкі, на якіх ён — малады музыкант, вайсковец тэрміновай службы, удзельнік розных мерапрыемстваў: канцэртаў, конкурсаў, са шматлікімі выпускнікамі школы…
Вядучая распавяла пра гады вучобы Васіля Васільевіча ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, аб удзеле падчас вайсковай службы ў ансамблі песні і пляскі імя Аляксандрава, дзе прайшла загартоўка на ўсё астатняе жыццё.
Вольга падкрэсліла, што Васіль Васільевіч не быў славалюбным чалавекам, ён ведаў сапраўдную цану працы, укладзенай у справу, імкнуўся пастаянна развіваць свае здольнасці.
Ансамбль «Ігуменскія крыніцы», якім кіраваў Васіль Васільевіч з 2000 года, быў прызёрам прэстыжных конкурсаў у Нясвіжы, Маскве і ў Польшчы і прызнаны адным з лепшых музычных калектываў Мінскай вобласці.
«Рэха» — вакальны калектыў, які пазней стаў народным, таксама створаны намаганнямі Васіля Васільевіча. Калектыў з’яўляецца дыпламантам конкурсаў «Напеў зямлі маёй» (2012 г.) і Хрысціянскага музычнагаа фестывалю (2016 г.). Ён і сёння робіць вялікі ўнёсак у развіццё і захаванне музычных традыцый у Чэрвеньскім раёне.
За гады сваёй творчасці Васіль Васільевіч даў больш тысячы канцэртных выступленняў! Поспех прыходзіць тады, калі ў калектыве складваецца творчая і сяброўская атмасфера, таму што калектыў — другая сям’я. А першая — гэта яго жонка Галіна Адамаўна, якая ўвесь час была для мужа верным паплечнікам, сябрам, дарадчыкам — чалавекам, які перажываў за ўсё, што адбывалася на рэпетыцыях і канцэртах, а таксама двое яго сыноў.
Дырэктар Школы мастацтваў Галіна Прышывалка зачытала тэлеграму, якую даслала ўдзельнікам вечара памяці Ала Сяргееўна Падольская — сябра і калега Васіля Капцелава. На вечары прагучалі творы, якія любіў Васіль Васільевіч, якія прайшлі праз яго жыццё, музыка, якая адлюстроўвала яго ўнутраны свет і адносіны да людзей.
Музычныя творы выканалі: выкладчыкі Школы мастацтваў Святлана Кузьміч, Алег Калеснік, ансамблі «Ігуменскія крыніцы», «Рэха» і дзіцячы хор «Домисолька», канцэртмайстар Любоў Доліч.
Памяць Васіля Васільевіча Капцелава прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання …
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

