Кожны чалавек марыць аб шчаслівай сям’і. Некаторыя маладыя людзі не разумеюць, якая гэта цяжкая паўсядзённая праца. Але той, хто свядома і цярпліва прымае выпрабаванні жыцця, жыве ў ладзе і згодзе. Сям’я Марціновічаў з Лядоў — таму яскравы прыклад.
Сяргей і Ванда сустрэліся на Чэрвеньшчыне ў вёсцы Рудня. Яна прыехала сюды на працу па размеркаванню пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Ён працаваў ветурачом у гаспадарцы. Пазнаёміліся, спадабаліся адзін аднаму, пачалі сустракацца і хутка ажаніліся. Тут нарадзіўся першы сын Аляксей. Потым Сяргея Сямёнавіча запрасілі на працу ў калгас “Лядзенскі», а мясцовай школе патрэбен быў настаўнік роднай мовы і літаратуры.
Прыжылася ў вёсцы Ляды маладая працавітая сям’я. Адзін за адным нарадзіліся яшчэ два хлапчукі — Яўген і Сяргей, а следам дзве сястрычкі-пагодкі — Алена і Ганна. Так іх стала сем «я». Вялікая сям’я — вялікія клопаты і затраты. Сяргей Сямёнавіч вырашыў арганізаваць фермерскую гаспадарку. Набыў тэхніку, прычапныя прылады, вырошчваў зерневыя і бульбу, аказваў сельгаспаслугі жыхарам суседніх вёсак. Увесь светавы вясновы, летні, восеньскі дзень — у полі.
А Ванда дома адна з дзецьмі. Трэба дзяцей накарміць, гаспадарку дагледзець (трымалі сем кароў), прыбраць у хаце, у агародзе папрацаваць і яшчэ безліч хатніх спраў перарабіць. Прыгадвае:
-У той час па тэлебачанні ішоў бразільскі серыял «Багатыя таксама плачуць». Так усіх людзей захапіў лёс беднай Марыяны, што цяжка было адарвацца ад тэлевізара нават на хвілінку. Каб не марнаваць час, я ўсаджвала дзяцей на канапу гуляць у цацкі, коўдры з падлогі зкручвала ў кутку, прыносіла ванначкі, ваду і мыла бялізну і адзенне. Рукамі церла бялізну, а вачыма пазірала на экран тэлевізара. Слёзы цяклі ад жалю да сіроткі Марыяны.
Самой не верыцца, што столькі спраў паспявала перарабіць! Людзі майго пакалення ўсе такія. Цяжкасцей не баяліся, мо таму і сем’і былі трывалымі і надзейнымі. Я і дзецям так кажу: «Калі не пакіне цябе твая «палавінка» ў горы, то і ў радасці вам будзе добра». Сёння я з замілаваннем гляджу на сваіх дзяцей і іх выбраннікаў, калі яны разам збіраюцца ў бацькоўскай хаце: тры сыны з нявесткамі, дзве дачкі з зяцямі, шэсць унукаў.
Мы з мужам і цяпер трымаем вялікую хатнюю гаспадарку: шэсць парсюкоў, шмат гусей, качак, курэй. Птушанят выводзім па сучасных тэхналогіях — у спецыяльным інкубатары з падтрымкай неабходных параметраў тэмпературы і вільготнасці. Кожны дзень пачынаецца з клопатаў аб мужу, унуках, шматлікай гаспадарцы. Думка аб тых, хто ад цябе залежыць, дапамагае падымацца зранку, гатаваць ежу, завіхацца па гаспадарцы, будаваць планы на заўтрашні дзень. Так вучылі мяне бацькі, а іх мае бабулі і дзядулі. Не разумею лайдакоў і гультаёў. Калі не працаваць, то чым запоўніць кожны свой дзень, у чым знайсці радасць і асалоду?
У шматдзетных сем’ях размеркаванне хатніх абавязкаў, іх выкананне, адказнасць перад роднымі, сорам за дрэнныя ўчынкі фарміруюць у дзяцей правільны лад жыцця, жыццёвы стрыжань, які не зламаць нядобрым людзям.
Адзін з нашых сыноў таксама шматдзетны тата. Астатнія працуюць над гэтым, — усміхаецца Ванда Вітальеўна. — Цяжка гадаваць пакуль дзеці маленькія, а калі вырастуць — любая праца, любая справа ім пад сілу. Бацькам застаецца толькі радавацца і ганарыцца.
Трынаццатага красавіка Ванда Вітальеўна Марціновіч адзначыла шасцідзесяцігоддзе. Трыццаць тры гады адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Шматдзетная маці, узнагароджана ордэнам Маці. Атрымала яго адной з першых у раёне ў 1997 годзе. Актыўная чытачка раённай газеты, выпісвае «раёнку» больш за трыццаць гадоў.
Занатавала Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара

