ПАЕЗДЗІЛІ. ПАГЛЯДЗЕЛІ. АБМЕРКАВАЛІ
У мінулую сераду адбылося выязное пасяджэнне камісіі па аграрных пытаннях, харчаванню і сацыяльнаму развіццю тэрыторый раённага Савета дэпутатаў. Удзел у ім бралі старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі дарожных арганізацый. Разгледжаны ход выканання Дзяржаўнай праграмы па развіццю і ўтрыманню аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2015-2019 гады на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна.
Маршрут выязнога пасяджэння праходзіў па аўтамабільнай дарозе Чэрвень-Ляды-Якшыцы, дзе сёлета праходзілі асноўныя аб’ёмныя дарожныя работы. Ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу абсталявана новая пляцоўка прыпынку аўтобусаў. Таксама праведзены бягучы рамонт 2 800 метраў дарогі з ліквідацыяй дэфектаў асфальтнабетоннага пакрыцця. Такі ж рамонт дарогі на вуліцы Кастрычніцкай і іншых участках маршрута Чэрвень-Ляды-Якшыцы, усяго 49 600 метраў.
Едзем па гэтай дарозе да наступнага пункта выязнога пасяджэння. Вёска Рэчкі Лядзенскага сельскага Савета.Тут зроблены капітальны рамонт дарогі, якая праходзіць праз усю вёску. Было поўнасцю заменена старое пакрыццё на новае асфальтабетоннае. Добраўпарадкаваны аўтобусныя прыпынкі і разваротнае кальцо ля былога вясковага магазіна, дэманціраваны старыя і ўстаноўлены новыя дарожныя знакі.
Затым у Лядзенскім сельсавеце прайшло пленарнае пасяджэнне. Адкрываючы яго, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасіксказала:
-Раённыя мерапрыемствы ў рамках праграмы “Дарогі Беларусі” мы прымалі ў 2015 годзе. Многія з іх ужо выкананы. У некаторыя ўнесены змены, выкліканыя жыццёвымі ўмовамі. Напрыклад, аўтобусны прыпынак насупраць фізкультурна-аздараўленчага комплексупершапачаткова не быў уключаны ў план. Але пасля завяршэння будаўніцтва ФОКа гэта было зроблена для зручнасці наведвальнікаў,бяспекі пад’езду да новага спартыўнага будынка. На разгляд камісіі раённага Савета дэпутатаў прадстаўлена справаздача начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандра Раманчыка аб ходзе выканання праграмы. Магчыма ў прысутныхбудуць прапановы, карэктыроўкі ў план. Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў маюць права ўнесці папраўкі, змены на карысць запатрабаванням насельніцтва раёна.
Выступаючы са справаздачай, Аляксандр Раманчык засведчыў:
-Згодна з раённым планам выканання Дзяржаўнай праграмы па развіццю і ўтрыманню аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2015-2019 гады ў Чэрвеньскім раёне выкананы наступныя работы:
-адбудавана нанова 2 кіламетры гравейнай дарогі Анаполле- Падар-Межанка;
-праведзены бягучы рамонт (земляныя работы, абсталяванне пляцовак прыпынку аўтобусаў, мантаж аўтапавільёнаў, устаноўка дарожных знакаў) на дарогах Валевачы-Клінок, Чэрвень-Ляды-Якшыцы, Індом-Ачыжа-Дуброва, Чэрвень-Ляды-Якшыцы, з’езд з Магілёўскай трасы да вёскі Калодзежы, вёскі Чарнаградзь;
-заменена асфальтабетоннае пакрыццё на учасках дарогі Буда-Грабёнка-Рудня;
-пешаходныя дарожкі з’явіліся ў населеных пунктах дарогі Вайнілава-Клінок-Смілавічы;
-заменена старое асфальтабетоннае пакрыццё на новае на мосце дарогі Раванічская Слабада-Бышанка;
-капітальны рамонт прайшоў на участках дарог Грабёнка-Новыя Зелянькі-Праўда і Чэрвень-Ляды-Якшыцы;
-капітальны рамонт з заменай асфальтавага пакрыцця дарогі ў вёсцы Рэчкі, абсталяваны аўтобусныя прыпынкі з, разваротнае кальцо;
-палепшана пакрыццё гравійнай дарогі на участку Раванічы-Градно.
На жаль, па прычыне шматлікага вывазу вялікагрузнымі машынамі па дарогах Чэрвеньшчыны драўніны пасля буралому, бягучы рамонт гравійных дарог мала спрыяе іх захаванню. На рэспубліканскім узроўні прымаюцца рашэнні аб выдзяленні лясгасамі краіны сродкаў ад прыбыткаў на аднаўленне дарог пацярпелых раёнаў. Але пакуль яшчэ грошы не выдзелены.
На 2017 год па рамонту мясцовых дарог запланавана:
-будаўніцтва пляцовак аўтобуснага прыпынку ў вёсках Чарнава, Дубаўручча, Вінаградаўка;
-рамонт участкаў гравійнага пакрыцця дарог Смагароўка-садовае таварыства “Елачка”, Жураўкавічы-Красевічы-Смоленка;
-бягучы рамонт асфальтнага пакрыцця участкаў дарог Чэрвень-Ляды-Якшыцы, Валевачы-Клінок, Жураўкавічы-Красевічы-Смоленка,Замасточча-Раванічы-СтарыПруд, Астравы-Ляжнёўка;
-абсталяванне тратуара ад Магілёўскай трасы да Чэрвеня (700 метраў);
-абсталяванне разваротнага кальца ад аўтадарогі Кулікі-Выжары-садовае таварыства Кавалі да в. Выжары.
Гарантыя якасці работ па бягучаму рамонту складае два гады, капітальнаму – пяць.
“Гарачым” на пасяджэнні было пытанне аб утрыманні, рамонту, грэйдзіраванні вуліц населеных пунктаў. Старшыні сельскіх Саветаў з абурэннем канстатавалі, што ў некаторых вёсках ні разу за год не было праведзена грэйдзіраванне вуліц, а па нормах патрабуецца раз у квартал. Алена Махнач, дырэктар эксперыментальнай базы “Натальеўск”, член камісіі зазначыла, што па прычыне дрэннага стану дарогі з Дамавіцка да Валадуты машыны ездзяць па пасевах, захопліваючы ўсё большыя плошчы. Людміла Пасудзеўская, старшыня Калодзежскага сельсавета падтрымала яе і зазначыла, што па графіку ДРБУ №121 прафіліраванне гэтай дарогі павінна было адбыцца ў красавіку, але работы не выкананы.
На заўвагі прысутных па гэтаму набалеламу пытанню адказ трымаў Аляксандр Халадок, галоўны інжынер “ДРБУ №121”. Ён зазначыў:
-На балансе ДРБУ знаходзіцца 223 кіламетры гравійных дарог, 77,8 кіламетра грунтовых, 198,7 кіламетраў вуліц населеных пунктаў, з іх: 60,5 кіламетры- гравійныя, 111, 7 кіламетра – грунтовыя, 26 кіламетраў – асфальтавыя. Прафіліраванне мясцовых дарог выконваюць грэйдэры. У арганізацыі іх два. Адзін новы, другі – даволі спрацаваны, часта бываюць паломкі. Грэйдэр у дзень робіць пяць кіламетраў. Па тэхналогіі неабходна некалькі разоў папрасаваць пэўны участак дарогі на невялікай хуткасці. Таму маленькая выпрацоўка за дзень. Справіцца такімі сіламі з азначанымі лічбамі кіламетраў дарог даволі праблематычна. Шматлікія скаргі жыхароў у вышэйстаячыя арганізацыі таксама ўплываюць на правядзенне прафіліравання па графіку. Мы вымушаны грэйдэр з аднаго участка работы накіроўваць у заяўленае месца. Канешне, тэрміны графіку парушаюцца. шмат нараканняў насельніцтва, кіраўніцтва арганізацый.
Прыняўшы да ўвагі тлумачэнні Аляксандра Халадка, удзельнікі пасяджэння параілі кіраўніцтву ДРБУ №121 пераглядзець графік прафіліравання мясцовых дарог з улікам агучаных заўваг і далей строга прытрымлівацца яго. Падводзячы вынікі пасяджэння, Валянціна Тарасік звярнула ўвагу на набалелае пытанне і слушныя заўвагі жыхароў дзесяці вуліц з грунтовым пакрыццёмЗарэчнага раёна г.п.Смілавічы.Шмат новых дамоў будуецца ў гэтай частцы пасёлка, вязуць цэглу,цэмент і іншыя цяжкія будматэрыялы. На дарозе ямы і вялікія лужыны. Райвыканкам і райсавет накіравалі пісьмы ў аблвыканкам з просьбай аб выдзяленні дадатковых сродкаў на вырашэнне праблемы.
Жыццё ідзе, паўстаюць новыя пытанні, таму і праграма “Дарогі Беларусі” будзе дапаўняцца мерапрыемствамі на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна.
Галіна ГАМЕЗА.

