5 мая ўрачыстасці прайшлі каля абеліска памяці жыхарам вёсак калгаса «Бальшавік» у Хвойніках, на месцы памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам і на Алеі герояў у Чэрвені, на мемарыяльным комплексе «Папова Града».
... у Хвойніках
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мітынгу выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік і старшыня Чэрвеньскага сельвыканкама Наталля Свірыдовіч.
У скульптурнай кампазіцыі ўвекавечана памяць 117 жыхароў вёсак калгаса «Бальшавік», якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гісторыі яе стварэння распавяла Наталля Свірыдовіч.
З тых, хто працаваў у калгасе «Бальшавік» і прайшоў вайну, на сённяшні дзень у жывых засталіся двое: ветэраны Васіль Ігнатавіч Семчанка і Іван Канстанцінавіч Гамеза.Васіль Семчанка разам з прадстаўнікамі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, ветэранскай арганізацыі, арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, працоўных калектываў і моладзі Чэрвеньшчыны ўсклалі вянкі і кветкі ля абеліска – у памяць аб тых, для каго вайна скончылася на поле бою разам з жыццём.
... у Паповай Градзе
У Чэрвеньскім раёне ў вайну спалена 25 вёсак, дзве з іх, Буда і Папова Града, не аднавіліся.
У Паповай Градзе на месцы былых дамоў пабудаваны мемарыяльны комплекс. Мітынг напярэдадні Дня Перамогі тут пачаўся з ускладання кветак да спаленых хат мірных жыхароў.Перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька і піянеры піянерскай дружыны імя Марата Казея школы №3 Чэрвеня. Кветкі да помніка ўсклалі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў, ветэранскіх арганізацый, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
... у Чэрвені
Маладзёжны мітынг, прысвечаны памяці загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, адбыўся на Алеі герояў.
- Мы сабраліся тут напярэдадні светлага для нас свята – Дня Перамогі. Свята, якое не толькі аб'ядноўвае і нагадвае, якой цаной дасталася Перамога, але і прымушае думаць аб цяперашнім часе і, вядома, аб будучыні, - адзначыў падчас выступлення галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, член БРСМ Вадзім Лобач. - Камсамольцы 40-х гадоў ішлі на фронт, каб адстаяць незалежнасць сваёй Радзімы. Сённяшняя моладзь шануе Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і яе герояў, якія адстаялі для нас магчымасць жыць пад мірным небам незалежнай Беларусі.
Пасля ўскладання кветак на Алеі герояў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька і ваенны камісар Артур Чэус ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі членскія білеты БРСМ вучням Хутарскай і Запольскай школ.

