Мітынг, прысвечаны 72-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у Чэрвені прайшоў каля помніка воіну-вызваліцелю. Яму папярэднічала ўшанаванне памяці загінуўшых на Алеі герояў. Менавіта адсюль стартавала акцыя “Бессмяротны полк”: прадстаўнікі грамадскасці неслі партрэты ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны да месца мітынгу у суправаджэнні духавога аркестра школы мастацтваў.
Перад прысутнымі слова трымалі старшыня райвыканкама Андрэй Зубар, ваенны камісар Артур Чэус і гімназіст Арцём Жабурдзёнак – пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.
Пасля мітынгу на плошчы Свабоды працавалі тэматычныя пляцоўкі з майстар-класамі, гучаў духавы аркестр школы мастацтваў. У лесапарку “Загор’е” разгарнуліся гандлёвыя “кропкі”, музейныя пляцоўкі, імправізаваны ваенны лагер. Гасцей бясплатна частавалі юшкай і салдацкай кашай.
Праграма да 9 Мая завяршылася ў 22:00 – разам з акцыяй “Спяваем “Дзень Перамогі” разам” і салютам.
***
Урачыстыя мерапрыемствы да Дня Перамогі прайшлі ў Смілавічах. Мітынг адбыўся каля абеліска на брацкай магіле, дзе пахаваны 201 воін, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Імёны 72-х застаюцца невядомымі.
На мітынг выйшлі каля 200 чалавек, у тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі сельвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры.
У летнім амфітэатры ў другой палове дня адбыўся канцэрт «Заквітнела салютамі перамога», у падрыхтоўцы якога актыўна ўдзельнічалі артысты сельскага Дома культуры ў Шасціснопах. Маладзёжнаяпраграма «Салют, Перамога!», акцыя «Праспяваем «ДзеньПерамогі» разам» і салют завяршылі свята.

