Поўныя трыбуны стадыёна ДЮСШ, Аляксандр Саладуха ў якасці хэдлайнера, здымкі телеканала “Беларусь-5” і прыгожая перамога “Коласа”. Такім выдалася адкрыццё новага футбольнага сезона ў Чэрвені.
Мясцовыя заўзятары чакалі гэтую падзею з нецярплівасцю. З восені ў Чэрвені паспелі засумаваць па футболу і па роднаму “Коласу”, які ў гэтым дзесяцігоддзі нязменна прыносіць станоўчыя эмоцыі аматарам гульні нумар адзін.
Чакаць давялося даволі доўга: першыя тры туры чэмпіянату чэрвеньцы праводзілі на выездзе. Прычына простая: наш горад адзін з нешматлікіх на Міншчыне, дзе на стадыёне захаваўся натуральны газон. Таму арганізатары спаборніцтваў пры складанні календара гульняў пайшлі насустрач “Коласу”, даючы магчымасць полю як след высахнуць, а траве – умацавацца.

Сезон адкрылі пры поўных трыбунах. І гэтаму, безумоўна, паспрыяў прыезд заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі. Хтосьці прыйшоў адмыслова, каб пабачыць і паслухаць знакамітага спевака, хтосьці – выключна на футбол, хтосьці, як кажуць, вырашыў сумясціць прыемнае з карысным. А ў выніку на стадыёне сабралася не менш за 1000 чалавек, што стала абсалютным рэкордам наведвальнасці ў сёлетнім чэмпіянаце сярод усіх арэн Міншчыны.
Удзельнікаў матча і заўзятараў прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Бурцаў. Журналіст тэлеканала “Беларусь-5” Мікалай Стула ўручыў памятныя падарункі юным удзельнікам конкурсу, які быў аб’яўлены напярэдадні адкрыцця футбольнага сезона ў Чэрвені. Аляксандр Саладуха “запаліў” стадыён сваімі неўміручымі хітамі: “Здравствуй, чужая милая!” яму нават давялося выконваць “на біс”. На поле вынеслі вялізнае палотнішча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, а гімн нашай краіны ўжывую выканаў народны вакальны ансамбль “Рэха” Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў.
Сапернікам “Коласа” ў першым хатнім матчы была капыльская “Бабоўня” – каманда няўступлівая, якая звычайна б’ецца за вынік да апошніх секунд. Але гэтым разам госці выглядалі не так грозна. І, думаецца, “вінаватыя” ў гэтым нашы футбалісты, якія папросту не далі капылянам магчымасці праявіць сябе напоўніцу.

Першую прабоіну “Бабоўня” атрымала ўжо на 11-й хвіліне сустрэчы. Раман Бурэц зрабіў навясную перадачу ў раён лініі штрафной пляцоўкі, Дзмітрый Купнеўскі прыняў мяч і пайшоў з ім да варот, а футбаліст капыльскай каманды, спрабуючы яму перашкодзіць, згуляў рукой. Пенальці Дзмітрый Купнеўскі выканаў бездакорна.
Далей першы тайм праходзіў без асаблівай вастрыні ля варот абедзьвюх каманд, хаця барацьбы хапала на кожным метры поля. І толькі бліжэй да перапынку каманды абмяняліся атакамі, якія маглі завершыцца вынікова. Спачатку стопрацэнтны галявы момант не рэалізаваў Сяргей Лізуноў, а неўзабаве гулец “Бабоўні” не патрапіў у пустыя вароты пасля таго, як наш галкіпер Вячаслаў Камінскі не здолеў завалодаць мячом пры дальнім выхадзе.

У другім тайме надышоў зорны час Сяргея Лізунова – лепшага бамбардзіра “Коласа” і аднаго з лепшых галеадораў усяго чэмпіянату. Двойчы, пасля выдатных перадач на ход ад Ільі Завадскага і Артура Купрэйчыка, ён здолеў апярэдзіць двух абаронцаў сапернікаў і перайграць галкіпера.

Вішанькай на торце стаў чацвёрты мяч у вароты “Бабоўні” перад самым фінальным свістком. Яго аўтар –Дзяніс Трапашка, які якраз у нядзелю святкаваў дзень нараджэння. Усяго тры хвіліны пасля выхаду на замену спатрэбілася гуляючаму трэнеру “Коласа”, каб усталяваць канчатковы лік на табло. Цікава, што галявую перадачу імянінніку аддаў Мікіта Каваленка, які з’явіўся на полі адначасова з ім.



Такім чынам, “Колас” набраў чарговыя тры ачкі і вярнуўся ў стан лідараў. Хаця пакуль лідарства гэтае ўмоўнае: у нашай групе “А” ўсё вельмі шчыльна. Адметна, што Сяргей Лізуноў, на рахунку якога ўжо шэсць мячоў, ва ўсіх трох выніковых для яго матчах аформіў дублі, а Вячаслаў Камінскі ў другой запар сустрэчы адгуляў “на нуль”.
Пасляматчавы каментарый спартыўнага дырэктара “Коласа” Дзмітрыя Чыстага:
– Адкрыццё сезона ў Чэрвені пры поўных трыбунах, ды яшчэ і ў дзень нараджэння галоўнага трэнера Дзяніса Трапашкі стала для хлопцаў выдатнай матывацыяй. Пры такім антуражы нельга было не перамагчы.
Сёння ў каманды шмат атрымалася. Будзем спадзявацца, што так будзе і надалей. Рэзервы для ўзмацнення гульні ў нас яшчэ ёсць. Вельмі чакаем хутчэйшага акрыяння шэрагу футбалістаў, якія яшчэ не дэбютавалі ў сезоне з-за траўмаў. Разлічваем, што пры іх удзеле малюнак гульні “Коласа” стане яшчэ больш прывабным.
Пакуль жа рыхтуемся да гасцявой сустрэчы са смалявіцкім “Спутнікам”. Тое, што ён у мінулым туры не здолеў перамагчы на выездзе ФСК “Слуцк”, не павінна нас расслабляць. Гэта футбол, ён непрадказальны, і адна гульня непадобная на іншую. Зразумела, як заўсёды будзем імкнуцца перамагчы. Але саперніка недаацэньваць нельга. У “Спутніка” хапае вопытных выканаўцаў. Сярод іх – Антон Багданаў, які летась гуляў за нас, абаронца Філіп Палякоў, галкіпер Антон Шунто.
Матч “Спутнік” – “Колас” адбудзецца заўтра ў пасёлку Кастрычніцкі. Пачатак – у 16.00.
Шаноўныя заўзятары! У каго ёсць магчымасць, прыедзьце і падтрымайце нашу каманду!
“КОЛАС” (Чэрвень) – “БАБОЎНЯ” (Капыль) – 4:0.
“Колас”: Камінскі, Весялоў, Срыбненка (Няхай, 87), Лапшын, Бунь (Лаўрык, 81), Завадскі, Купрэйчык, Бурэц (Клімовіч, 90), Сёмкін, Купнеўскі (Трапашка, 87), Лізуноў (Каваленка, 87).
Галы ў “Коласа”: Купнеўскі (11 – з пенальці), Лізуноў (66, 82), Трапашка (90).

