Мінулымі выхаднымі стартаваў рэгіянальны этап чэмпіянату Беларусі па футболу сярод каманд другой лігі ў дывізіёне “Мінская вобласць”. Чэрвеньскі “Колас” пачаў з перамогі.
Наша каманда, як і ў папярэднія гады, выступае ў групе “А”, дзе сабраныя мацнейшыя футбольныя дружыны па выніках мінулага сезону, і дзе лёгкіх сапернікаў, за рэдкім выключэннем, не бывае.
Так сталася, што “Колас” сёлета не праводзіў грунтоўнай перадсезоннай падрыхтоўкі. Больш таго, усе таварыскія матчы, якія атрымалася згуляць да пачатку чэмпіянату, ён прайграў. Але адна справа – спарынгі, і зусім іншая – афіцыйныя сустрэчы. Тут і напал барацьбы, і матывацыя непараўнальныя.
Пачынаць чэрвеньцам ужо звыкла давялося ў гасцях. Прычына банальная: поля са штучным пакрыццём у Чэрвені няма, а натуральны газон увесну яшчэ занадта кволы для вялікіх нагрузак, і яго лепш паберагчы.
Гулялі на “сінтэтыцы” ў Барысаве з мясцовай “Гайнай-1997”. На трыбунах было нешматлюдна. Па афіцыйных звестках матч наведалі 70 заўзятараў. Рэальна ж такая колькасць атрымалася хіба што з улікам гульцоў абедзвюх каманд.
“Колас” сабраўся на першы тур спаборніцтваў хаця і не ў аптымальным, але даволі баяздольным саставе. У “аснове” апынуўся адзін абсалютны дэбютант – 19-гадовы абаронца Яўген Бунь. Нягледзячы на маладосць, ён ужо пагуляў за юнацкія каманды ФК БАТЭ і «Іслач», а таксама за ПФК “Арсенал-2», «МЛ Віцебск-2» і НФК «Крумкачы». Яшчэ тры гульцы хаця і не выступалі за “Колас” пастаянна, але вядомыя нашым заўзятарам. 40-гадовы абаронца Андрэй Лапшын абараняў гонар Чэрвеня ў Кубку Мінскай вобласці і ў фінальным этапе чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, гуляў за міні-футбольную і футзальную каманды “Будаўнік”. Ён – уладальнік Кубка Мінскай вобласці-2021 у складзе «Коласа». Гэты ж тытул мае і 29-гадовы паўабаронца Раман Бурэц, які сёлета зноў прымерыў футболку нашай каманды. Трэці стары-новы знаёмы – Павел Сёмкін. 33-гадовы паўабаронца гуляў у “Коласе” ў сезонах 2022 і 2023 гадоў, удзельнічаў у прамежкавым і папярэднім раўндах Кубка рэгіёнаў УЕФА ў Азербайджане і Турцыі.
Нашы пачалі гульню надзвычай актыўна. І гэтая актыўнасць была ўзнагароджана. Ужо на сёмай хвіліне Сяргей Лізуноў з перадачы Паўла Сёмкіна скіраваў мяч у вароты барысаўчан.

Адкрыўшы лік, гульцы “Коласа” і не думалі адыходзіць у абарону. Шанцы вызначыцца мелі Артур Купрэйчык, Раман Бурэц, Павел Сёмкін. Потым Сяргей Лізуноў апярэдзіў двух абаронцаў, выкаціўся сам-насам з галкіперам, прабіў, але мяч патрапіў у штангу. У чарговым моманце «стрэліў» вышэй варот Ілья Завадскі. І, нарэшце, на 38-й хвіліне колькасць перайшла ў якасць: перадачу Рамана Бурца ў штрафную пляцоўку замкнуў Павел Сёмкін – 2:0!

На жаль, утрымаць сухі лік да перапынку нашым не ўдалося. Адна з атак гаспадароў поля завяршылася вуглавым, а навес з яго ў штрафную – трапным ударам галавой гульца “Гайны-1997”.
Значная частка другой паловы сустрэчы праходзіла ў нярвовай барацьбе і з тэрытарыяльнай перавагай барысаўчан. Атакі “Коласа” ўжо не мелі такой вастрыні, як у першым тайме, тым не менш, адна з іх скончылася адзінаццацімятровым, які рэферы прызначыў за гульню рукой у штрафной пляцоўцы. Біў Сяргей Лізуноў, але мяч праляцеў над перакладзінай…

Да гонару нашых, гэтая няўдача не выбіла іх з каляіны. Ды і сам Сяргей не павесіў носу, а шукаў свой шанец. Ён надарыўся на 85-й хвіліне. Пасля прастрэльнай перадачы Паўла Сёмкіна ўздоўж варот мяч зрыкашэціў ад гульца “Гайны-1997” і адскочыў да Лізунова, які не прамахнуўся – 3:1.

Апошнія хвіліны сустрэчы трымалі ўсіх у напружанні, бо барысаўчане здолелі хутка адквітаць адзін мяч і былі рашуча настроены звесці гульню да нічыёй. Але нашы хлопцы, нягледзячы на тое, што гуляць давялося амаль без замен, датрывалі і здабылі важную першую перамогу – 3:2.
Пасляматчавы каментарый спартыўнага дырэктара “Коласа” Дзмітрыя Чыстага:
– Ад гульні чакаў большага, але ёсць станоўчы вынік. І гэта – галоўнае. Удвая прыемна, што атрымалі перамогу ў выязным матчы.
Зразумела, пачатак сезона, хлопцы хваляваліся. Не ўсе згулялі ідэальна. У кожнай лініі былі пэўныя недапрацоўкі, што прывяло да двух прапушчаных мячоў. Прааналізуем памылкі, каб іх не паўтараць.
Спадабалася высокая самааддача гульцоў. Прыемна ўразіла, што, нягледзячы на стомленасць, ніхто не прасіў замену, разумеючы, што лаўка запасных кароткая і там – пераважна моладзь.
На жаль, праблема з паўнавартаснымі заменамі пакуль існуе. Шэраг футбалістаў асноўнага саставу не могуць нам дапамагчы з-за траўмаў. Шмат хто не здолеў паўдзельнічаць у першай гульні з-за занятасці на працы або па сямейных абставінах. У суме гэта яшчэ амаль цэлая каманда. З іншага боку, тыя, хто ёсць у абойме, пастараліся паказаць сябе з лепшага боку, змагаліся на полі да апошніх секунд, нягледзячы на сур’ёзную нагрузку для арганізму, усведамляючы адказнасць за вынік. Але асобна выдзяляць кагосьці па выніках першага матча не хацелася б. Футбол – камандная гульня, дзе кожны працуе на перамогу.
Да гульні другога тура з уздзенскім “Неманцом” будзем рыхтавацца са станоўчым настроем і пазітыўнымі думкамі. Сапернік сур’ёзны. Мы саступілі яму летась у фінале Кубка Мінскай вобласці, таму ёсць дадатковая матывацыя згуляць годна.
Матч “Неманец” (Узда) – “Колас” (Чэрвень) адбудзецца 2 мая ў Мар’інай Горцы. Пачатак – у 12 гадзін. Шаноўныя заўзятары! Хто мае магчымасць, прыязджайце на гульню, каб падтрымаць нашу каманду!

