Напрыканцы мінулага года тут пачалі абжываць два кароўнікі, зараз рыхтуюць да ўводу ў эксплуатацыю цэх сухастою, раздою і ацёлу, а таксама прафілакторый для цялят.
– Комплекс разлічаны на 800 галоў буйной рагатай жывёлы, – распавёў дырэктар ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” Раман Хлапцоў. – Тэрмін будаўніцтва склаў 18 месяцаў. У лістападзе здалі ў эксплуатацыю два хлявы і даільна-малочны блок. Камплектацыю комплексу пачалі лепшымі каровамі са старых фермаў, якія вычарпалі свой рэсурс. Там яны давалі 10-15 літраў малака ў суткі, тут – 21. Усё малако накіроўваецца на перапрацоўку гатункам “Экстра”. Пакуль што на комплексе ўтрымліваецца 280 кароў. Далейшую камплектацыю будзем ажыццяўляць за кошт сваіх цялушак. У планах – атрымліваць ад каровы сем тысяч літраў малака ў год. У перспектыве мяркуем рэканструяваць і выкарыстоўваць для дарошчвання маладняку жывёлагадоўчыя памяшканні старой фермы “Дыя”, якія знаходзяцца побач.

Дакладваючы Аляксею Кушнарэнку пра рэалізацыю праекта, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі адзначыў, што генеральным падрадчыкам на ўзвядзенні комплексу было мясцовае ПМК-237. Як вынік, арганізацыя “ажыла”: колькасць работнікаў павялічылася з сарака да ста чалавек. Для гаспадаркі ж гэта абярнулася эканоміяй больш 4 мільёнаў рублёў, бо будаўнікі ўвялі першую чаргу комплексу ў эксплуатацыю датэрмінова. Акрамя таго, ПМК дало магчымасць падзарабіць на аб’екце навучэнцам мясцовага будаўнічага каледжа, якія на дагаворных умовах выконвалі тут малярныя і тынковачныя работы.
Губернатар ухваліў такое супрацоўніцтва, нагадаўшы, што на неабходнасць захавання ПМК у кожным раёне і загрузкі іх аб’ёмамі будаўніцтва неаднаразова звяртаў увагу кіраўнік краіны.




Комплекс, на будаўніцтва якога паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 365 “Аб развіцці малочнай галіны” было выдаткавана крыху больш за 20 мільёнаў рублёў, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. У прыватнасці, тут усталявана сістэма відэаназірання. Яна здольная не толькі фіксаваць тое, што адбываецца ў вытворчых памяшканнях і на тэрыторыі, але і аналізаваць усе працэсы з дапамогай штучнага інтэлекту. Гэта, напрыклад, дазваляе кантраляваць дзеянні работнікаў, аператыўна рэагаваць на парушэнні і прымаць адпаведныя меры.
Як паведаміў начальнік упраўлення платформенных рашэнняў і сэрвісаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам” Аляксандр Пазняк, на малочнатаварным комплексе “Дыя” ўстаноўлена 27 камер, якія даюць магчымасць цалкам кантраляваць працэс кармлення, даення, а таксама дапамагаюць выконваць іншыя важныя для кіраўніцтва аб’екта задачы.
Падчас расповеду спецыяліста ўзнікла лагічнае пытанне, ці будуць акупляцца такія паслугі сувязістаў. На яго красамоўна адказаў кіраўнік ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” Раман Хлапцоў:
– На фермах і ў майстэрнях гаспадаркі ўстаноўлена шмат камер. За відэаназіранне і інтэрнэт мы плацім тры з паловай тысячы рублёў у месяц. У той жа час адна цялушка, якая можа загінуць па недагляду жывёлавода, каштуе сем з паловай тысяч рублёў. Вось і лічыце, які эканамічны эфект ад відэаназірання…




Аляксей Кушнарэнка падтрымаў неабходнасць далейшага ўкаранення сучасных інфармацыйных тэхналогій у жывёлагадоўлі. Ён адзначыў, што на працягу бліжэйшых двух гадоў відэаназіраннем плануецца абсталяваць большасць аб’ектаў гэтай галіны сельскай гаспадаркі, за выключэннем старых фермаў, якія ў перспектыве будуць выводзіцца з эксплуатацыі.
– І трэба прасоўвацца далей, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Трэба думаць, як выкарыстоўваць штучны інтэлект не толькі для кантролю за персаналам, транспартам, але і ў працы з жывёлай.
Падчас наведвання комплексу Аляксей Кушнарэнка агледзеў даільна-малочны блок і іншыя вытворчыя памяшканні, ацаніў бытавыя ўмовы, створаныя для жывёлаводаў.
– У Мінскай вобласці ідзе мэтанакіраваная праца па паляпшэнню ўмоў утрымання жывёлы шляхам будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў, – адзначыў старшыня аблвыканкама ў гутарцы з журналістамі. – Гэта дазваляе атрымліваць годны вынік у жывёлагадоўлі. Напрыклад, у 2025 годзе быў дасягнуты такі знакавы і значны паказчык, як 20 літраў сярэдняга надою малака на адну карову. Безумоўна, не будзем спыняцца на дасягнутым.

