Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
20 марта 2026

“Раса” ўжо ў полі: у гаспадарках Чэрвеньшчыны пачаліся веснавыя палявыя работы

На парадку дня – падкормка азімых культур і шматгадовых траў.

Адкрытае акцыянернае таварыства “10 з’езд Саветаў” – самая паўднёвая гаспадарка раёна. Адпаведна, тут маюць магчымасць пачынаць работы крыху раней за іншых. Першым традыцыйна выйшаў у поле самаходны агрэгат “Раса”. За яго штурвалам на падкормцы шматгадовых траў працуе галоўны інжынер гаспадаркі Уладзіслаў Ігнацьеў.

– Так сталася, што мае рабочыя рукі спатрэбіліся тут і зараз, – усміхаецца ён. – Ды мне і не прызвычайвацца: з юнацтва працаваў памочнікам на камбайне ў бацькі, потым – самастойна. І зараз падчас жніва на камбайн сядаю, калі трэба.

Што да “Расы”, то гэта – даволі надзейны і просты ў рамонце агрэгат, а, галоўнае, праходзіць там, дзе больш ніякая тэхніка ранняй вясной не пройдзе. Ёй ужо пятнаццаць гадоў, але яшчэ бегае, і даволі жвава. Канешне, рукі давялося прыкласці. Замянілі да сезону “расходнікі” – шыны, падшыпнікі, калёсныя дыскі.  

І ў цэлым, дзякуючы выдзяленню на набыццё запчастак 132 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў, мы паспяхова справіліся з падрыхтоўкай пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі да веснавых палявых работ. 

Акрамя адрамантаванай тэхнікі, гаспадарка папоўнілася і новай. У прыватнасці, мы набылі дзевяцікорпусны плуг і дзесяціметровы культыватар, а таксама дыскатар. Чакаем новую сеялку. Шырокаахопная тэхніка спрыяе эфектыўнасці выканання работ…

Уладзіслаў Ігнацьеў кажа, што сумяшчаць абавязкі галоўнага інжынера з працай у полі для яго не праблема:

– З раніцы на нарадзе многія пытанні вырашаю. Калі ёсць якія паломкі тэхнікі, заказваю запчасткі. Хіба што папяровую працу даводзіцца рабіць увечары…

На падвозцы мінеральных угнаенняў да “Расы” заняты вадзіцель Аляксандр Чычыкайла.

– Настрой веснавы, – бадзёра кажа ён. –Здаецца, за чатыры дзесяцігоддзі працы ў гаспадарцы да ўсяго прызвычаіўся, але ўсё адно крыху хвалююся: каб добра падкармілі ўсё, і каб добра парасло. Бо ў жніво заўсёды працую на камбайне, і ўмалотны колас, вядома ж, прыемней убіраць, чым кволы…

Пакуль мы гутарылі з сёлетнімі пачынальнікамі веснавых палявых работ, пад’ехаў кіраўнік гаспадаркі Раман Гарцуеў.

– Першымі вырашылі падкарміць менавіта шматгадовыя травы, бо гэта – аснова жывёлагадоўлі, – тлумачыць ён. – Хутчэй падкормім – хутчэй травы крануцца ў рост, адпаведна – раней пачнём нарыхтоўку кармоў. Усяго нам трэба падкарміць 700 гектараў шматгадовых траў, 350 – рапсу і 1100 гектараў азімых зерневых культур.

Паводле слоў Рамана Гарцуева, як толькі дазволіць стан глебы, у гаспадарцы пачнуць яе апрацоўку. Праўда, веснавая сяўба сёлета тут будзе не зусім звычайнай.

– Клімат змяніўся, з-за летніх засух вырошчванне яравых зерневыя культур фактычна згубіла сэнс, – кажа кіраўнік сельгаспрадпрыемства. – Таму мы ад іх адмовіліся. Робім стаўку на азімыя зерневыя і, канешне ж, на кукурузу. Пасяўную плошчу пад яе сёлета пашыраем да 1200 гектараў. Гэта – крок да паляпшэння кармавой базы. А кармоў нам трэба шмат: у гаспадарцы – 2400 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 1067 – дойны статак.

Пад кукурузу вывезлі больш за 30 тысяч тон арганікі, зараз актыўна займаемся яе ўнясеннем…

Вяртаючыся да зерневых культур, Раман Гарцуеў са стрыманым аптымізмам разлічвае, што дынаміка росту іх ураджайнасці будзе пазітыўнай:

–  Калі ў 2024 годзе гаспадарка атрымала 21 цэнтнер зерневых з гектара, то летась – 32. Сёлета вырашылі замахнуцца на 40 цэнтнераў з гектара. Прынамсі, менавіта пад такі ўраджай мы разлічылі дозы ўнясення мінеральных угнаенняў. Галоўнае, каб надвор’е паспрыяла. З астатнім – справімся.

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс