Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
11 апреля 2017

Лесавоз для сеялкі — не лепшы сябар

Земляробы СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” у сераду першымі ў раёне завяршылі сяўбу ранніх яравых зерневых культур, а заўчора пачалі сеяць зернебабовыя.

11 04 2017 2

Увесь аб’ём пасяўных работ у сельгасфіліяле традыцыйна выконвае механізатар Мікалай Разганаў

— Пшаніцу пасеялі элітным насеннем гатунку “Любава”, якое набылі на Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі, – распавёў галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – Ячмень – піваварнага гатунку “Бровар”. Упершыню сёлета сеем кармавы боб нямецкага гатунку “Ватфарм”. Гэтая высокабялковая культура зойме 80 гектараў. З дапамогай яе разлічваем палепшыць прадукцыйнасць дойнага статку. Кукурузы будзем сеяць на 100 гектараў менш, чым летась, бо маем паўтарагадовы запас кансерваваных кармоў. Вызваленую плошчу зойме люцэрна для забеспячэння зялёнага канвееру ў жывёлагадоўлі…
Як распавёў дырэктар СВФ “Аграбуд” Арцём Анціфееў, сёлетняя веснавая пасяўная кампанія ў гаспадарцы азмрочана непрыемнай сітуацыяй, якая склалася ў сувязі з вывазкай драўніны з навакольных лясоў, што пацярпелі падчас мінулагодняга ліпеньскага ўрагану.
— Восенню мы дазволілі работнікам лясной гаспадаркі заняць пэўныя тэрыторыі пад іх патрэбы, – тлумачыць ён. – У студзені я папрасіў кіраўніцтва Чэрвеньскага лясгаса як мага хутчэй вызваліць палеткі, дзе складзена драўніна, каб у сакавіку мы без затрымкі змаглі іх апрацоўваць.

11 04 2017 3

Механізатары Ігар Бяжок і Максім Вінаградаў, паляводы Ленара Бешхадэм і Пётр Зыгмантовіч занятыя на ўнясенні мінеральных угнаенняў

Але гэтая просьба засталася без увагі. Як вынік, сёння, напрыклад, мы не можам паўнавартасна працаваць на палетку ля вёскі Нежаўка, дзе сеем зернебабовыя. Я ўжо не кажу пра драўніну, якая ляжыць там уздоўж лесу: літаральна пасярод поля яна займае плошчу каля сямі гектараў. Толькі пасля звароту да старшыні райвыканкама лес пакрысе пачалі вывозіць. Зразумела, гэты ўчастак ужо давядзецца засяваць іншай культурай, асобна даглядаць і ўбіраць… Рэальныя эканамічныя страты нанесены нам і на палетках азімых культур, якія шмат дзе пазразаны коламі лесавозаў. Акрамя таго, работнікі лясгасаў, якія прыязджалі да нас з усёй краіны, пакінулі на месцы сваіх часовых лагераў, устаноўленых на сельгасугоддзях гаспадаркі, бытавое смецце.
…І, усе ж, нягледзячы на неспадзяваныя праблемы, у гаспадарцы жывуць надзеяй на добры ўраджай. Шчодрая запраўка глебы мінеральнымі ўгнаеннямі, якасная сяўба, запас сродкаў аховы раслін даюць мясцовым земляробам падставы разлічваць, што пры спрыяльным надвор’і кожны гектар зерневых дасць у сярэднім не менш чым па 48 цэнтнераў збожжа.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс