У Валевачскім сельскім Савеце з 17 па 18 лютага праводзіцца работа па папярэджанні пажараў у жылым фондзе. У рамках спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства «Дом без пажару» работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з суб’ектамі прафілактыкі наведваюць дамоўладанні грамадзян, якія патрабуюць павышанай увагі.
Да правядзення рэйдавых мерапрыемстваў далучыліся прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. Яны аказалі практычную дапамогу жыхарам, безаплатна ўсталёўваючы аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў дамах катэгарыраваных грамадзян. Такая падтрымка дазваляе своечасова выявіць узгаранне і значна павышае ўзровень бяспекі пражывання.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства – пажылыя людзі, адзінока пражываючыя грамадзяне, інваліды. Падчас наведванняў спецыялісты правяраюць спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў, пры неабходнасці замяняюць элементы сілкавання, аглядаюць пячное ацяпленне і тлумачаць гаспадарам правілы бяспечнай эксплуатацыі бытавога абсталявання.
Жыхарам нагадваюць, што асноўнымі прычынамі пажараў застаюцца чалавечая неабачлівасць і ігнараванне элементарных патрабаванняў бяспекі. Ратавальнікі раяць абавязкова адключаць электрапрыборы перад выхадам з дому, не перагружаць электрасеткі, своечасова абслугоўваць печы і дымавыя каналы, а таксама не курыць у ложку ці месцах адпачынку.
Прафілактыка – гэта найбольш эфектыўны спосаб папярэджання пажараў, – адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Рогаў. – Наша задача – не толькі кантраляваць стан жылля, але і навучыць людзей простым правілам бяспекі. Сумесная работа з добраахвотным пажарным таварыствам дазваляе ахапіць больш дамоў і зрабіць жыццё грамадзян больш бяспечным.
Работа ў – рамках мерапрыемства будзе працягнута. Спецыялісты нагадваюць: уважлівае стаўленне да пытанняў пажарнай бяспекі і своечасовая прафілактыка з’яўляюцца надзейнай абаронай ад надзвычайных сітуацый.

