Навучанне дзяцей навыкам бяспечных паводзін – важны напрамак у дзейнасці выратавальнікаў. З ранніх гадоў фарміраванне правільных звычак дапамагае падрастаючаму пакаленню арыентавацца ў небяспечных сітуацыях, сваечасова рэагаваць і прадухіляць няшчасныя выпадкі. Таму выратавальнікі рэгулярна праводзяць навучальныя заняткі і тэматычныя сустрэчы ва ўстановах адукацыі.
Работнікі раённага аддзела МНС сустрэліся з навучэнцамі сярэдняй школы №3 горада Чэрвеня імя Л.Ф.Камароўскага. Інспектар сектара прапаганды Юлія Новікава-Сакалоўская расказала хлопцам пра асноўныя прычыны ўзнікнення вогненных надзвычайных здарэнняў і дала рэкамендацыі, як іх пазбегнуць.
Хлапчукі і дзяўчынкі пазналі прынцып працы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, навучыліся карыстацца першаснымі сродкамі пажаратушэння, а таксама ўспомнілі алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару. Размаўляючы са школьнікамі, інспектар МНС удзяліла асаблівую ўвагу дзеянням пры эвакуацыі.
– У выпадку ўзгарання вельмі важна захоўваць спакой і не панікаваць. Ні ў якім разе нельга хавацца, карыстацца ліфтам, разбіваць і адчыняць вокны. Каб абараніць сябе ад таксічнага дыму, неабходна прыкрыць органы дыхання вільготнай тканінай, – акцэнтавала ўвагу прадстаўнік службы «101».
Цікавай была і гульня "Школа бяспекі", у якой хлопцы круцілі барабан і адказвалі на пытанні. Дарэчы, пытанні не заўсёды былі лёгкімі, і адказы былі не хуткімі, але школьнкі зладзіліся абсалютна са ўсімі задачкамі.
Дзеці з цікавасцю слухалі інспектара, задавалі пытанні і актыўна прымалі ўдзел у вырашэнні тэматычных заданняў. За правільныя адказы школьнікі атрымалі вялікія расклады для заняткаў з героямі мультфільма «Спецатрад 112».

