Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
11 августа 2025

«Нейкія мы былі не агрэсіўныя»: чаму «Колас» прайграў «Гарадзеі» і што далей

Чэрвеньскі «Колас» няўдала стартаваў у плэй-оф чэмпіянату Мінскай вобласці па футболу.

На стадыі 1/4 фіналу жараб’ёўка вызначыла чэрвеньцам у сапернікі “ГСК Гарадзея” з Нясвіжскага раёна. Пры гэтым першы матч “Коласу” выпала гуляць у родных сценах. Хаця часцей за ўсё трэнеры і ігракі каманд лічаць лепшым варыянтам пачынаць двубой у гасцях, бо у выпадку неспрыяльнага зыходу першай сустрэчы дома выпраўляць сітуацыю лягчэй.

“Гарадзея”, якая заняла другое месца ў групе “Б” дывізіёну “Мінская вобласць”, саступіўшы ўсяго адно ачко смалявіцкаму “Спутніку”, актыўна пачала матч у Чэрвені. У нашых на старце сустрэчы зусім не атрымлівалася гуляць у пас. Пэўнае ажыўленне адбылося прыкладна праз чвэрць гадзіны сустрэчы, калі “Колас” падаваў тры вуглавыя запар. А потым надышла нешчаслівая для чэрвеньцаў 20-я хвіліна гульні. Страта мяча на сваёй палове поля прывяла да доўгага закіду на левы фланг атакі “Гарадзеі”, наш галкіпер Уладзімір Пяцігорац далёка выйшаў на перахоп, але мячом завалодаў ігрок гасцей і скіраваў яго па паветру ў пустыя вароты…

Да перапынку “Колас” меў некалькі шанцаў параўнаць лік, але мяч у вароты не ішоў. А ў другой палове сустрэчы “Гарадзея” пачала гуляць на захаванне станоўчага для сябе выніку. Пры гэтым госці не саромеліся відавочна цягнуць час, падоўгу лежачы на газоне пасля любога мінімальнага сутыкнення. Чэрвеньцы правялі другі тайм у несупынных атаках. Найбольш блізкія да поспеху яны былі падчас удару па варотах капітана “Коласа” Ільі Завадскага, але галкіпер “Гарадзеі” здолеў дацягнуцца да мяча, які ляцеў у правы верхні кут.

Паражэнне 0:1 пакідае нашым шанцы на перамогу па суме двух матчаў. На выпраўленне сітуацыі ёсць мінімум два таймы па сорак пяць хвілін у Гарадзеі. Але гэта ўжо будуць чужыя сцены і гучныя мясцовыя балельшчыкі. 

Залішне казаць, што цана гэтай сустрэчы на полі саперніка вельмі і вельмі высокая. На коне – не толькі працяг барацьбы за тытул чэмпіёна Мінскай вобласці, але і пуцёўка ў групавы турнір фінальнага этапу чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі, якую аўтаматычна атрымае пераможца двубою.

Дзмітрый Чысты, спартыўны дырэктар “Коласа”:

– Прайгралі першы тайм, пачалі па-сапраўднаму гуляць толькі ў другім… Магчыма, у саперніка было больш жадання перамагчы. Не выключаю, што на гульні нашай каманды адбіўся фактар спёкі. Усё ж, у нас сярэдні ўзрост ігракоў каля трыццаці гадоў, а ў гарадзейцаў гуляла пераважна моладзь, якая пры такіх умовах надвор’я больш цягавітая. Сапернік не дужа прыгожа сябе паводзіў у другім тайме, цягнучы час. Але не думаю, што варта яго за гэта асуджаць. Магчыма, любая іншая каманда ў такой сітуацыі рабіла б тое ж самае. Як кажуць, на вайне ўсе сродкі добрыя. Адступаць нам больш няма куды. Пастараемся сабраць на гульню ў адказ аптымальны састаў і даць “Гарадзеі” бой. 

Дзяніс Трапашка, галоўны трэнер “Коласа”:

– У хатнім матчы з “Гарадзеяй” у нас шмат што не атрымалася. Згулялі неагрэсіўна, нясмела. Не ўсе ігракі паказалі максімум таго, на што яны здольныя. Гэта, мабыць, адна з самых невыразных гульняў у сезоне ў выкананні “Коласа”. У дадатак і поле было не ў лепшым стане, не паспела як след высахнуць пасля кубкавай сустрэчы ў сераду. А прапушчаны гол атрымаўся зусім нелагічным і неабавязковым. Састаў і тактыку на матч у Гарадзеі будзем вызначаць пасля паўторнай кубкавай гульні з “Беразіно”, у залежнасці ад таго, хто і як будзе фізічна і псіхалагічна падрыхтаваны.

Ігар Адамовіч. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс