Надвор’е злітвалася. Сонейка вызірнула з-за хмар, дбайна абсушвае палеткі са спелай збажыной. Уборка ўваходзіць у звыклы рытм.
Сяргей Міцкевіч
Жнівень, нібы апраўдваючы сваю назву, з першага дня выдаўся на Чэрвеньшчыне сухім. Хаця ў пятніцу наступствы непагадзі яшчэ былі адчувальнымі. У гэтым мы пераканаліся падчас наведвання сельгасфіліяла “Аграбокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс”.
На палетак азімага рапсу ля вёскі Чарнава тры камбайны “Лаверда” выйшлі толькі пасля апоўдня.
– Вільготнасць алейнага насення высокая – 15-16 працэнтаў, а дапрацоўваць трэба да васьмі працэнтаў, – тлумачыць намеснік дырэктара гаспадаркі па раслінаводству Алег Церашчук. – Толькі чакаць няма калі. Лепш сёння панесці дадатковыя выдаткі на зернесушылках, чым заўтра страціць частку ўраджаю з-за асыпання. А ўбіраць сёння ёсць што. На гэтым полі ўраджайнасць рапсу каля 40 цэнтнераў з гектара, дзесьці будзе крыху менш, але ў сярэднім не менш за 35 цэнтнераў разлічваем мець. Гэта не мінулагоднія пятнаццаць з паловай цэнтнера, калі ўраджай пабіла градам. Стаўку на азімы рапс, як на патэнцыйна прыбытковую культуру, рабілі адмыслова: у поўным аб’ёме, а, галоўнае, своечасова выканалі ўвесь комплекс аграхімічных мерапрыемстваў. Падкормкі праводзілі па адмысловай тэхналогіі: малымі дозамі тры-чатыры разы…
Станіслаў Папельскі
Радуюць тутэйшых земляробаў і першыя ўраджаі зерневых культур. Азімы ячмень даў у сярэднім па 48 цэнтнераў з гектара, а яравы – ажно 56. І гэта – лепшы паказчык сярод гаспадарак раёна.
– Сабраць вырашчанае у максімальна сціслыя тэрміны і з мінімальнымі стратамі – галоўная наша задача, – кажа дырэктар сельгасфіліяла Андрэй Вяргейчык. – Кожны гэта ўсведамляе і робіць усё, што ад яго залежыць. Добраму настрою ўдзельнікаў жніва паспрыяў абрад “Зажынкі” з удзелам самадзейных артыстаў Раваніцкага сельскага Дома культуры, які мы наладзілі перад выхадам у поле…
Аляксандр Канонік
За руплівай працай у хлебаробаў асабліва няма часу на размовы. Выключэнне – тыя некалькі хвілін, калі алейнае насенне рапсу струменем чорнага золата перасыпаецца з бункера камбайна ў кузаў аўтамашыны.
Сяргей Міцкевіч больш за дваццаць гадоў убіраў збажыну ў сельгаспрадпрыемстве “Раванічы”, зараз працуе ў аэрапорце, а на жніве ў “Аграбоксе” – першы сезон:
– Прыйшоў сюды па просьбе кіраўніцтва гаспадаркі. Адмыслова для гэтага ўзяў адпачынак на асноўнай працы. Далі “Лаверду”. Камбайн добры, камфортны, высокапрадукцыйны. Хаця і не працаваў ніколі на такіх, але асвоіўся хутка. Сам жа і рыхтаваў яго да жніва, балазе графік працы ў аэрапорце, два праз два дні, даваў такую магчымасць…
Віктар Жалабковіч за штурвалам “Лаверды” – трэці сезон:
Віктар Жалабковіч
– Камбайну ўжо дзевятнаццаты год пайшоў, але ён заўсёды быў у клапатлівых руках, таму па-ранейшаму ў страі. І я яго даглядаю, стараюся. Сёлета часу на падрыхтоўку да жніва з-за дажджоў хапала. Ды і сур’ёзных праблем з камбайнам не было: замяніў фільтры, масла, пару сегментаў і нажоў. Усё, як звычайна.
Праца на жніве напружаная, але мой арганізм падрыхтаваны да яе, дзякуючы заняткам спортам. У вольны час гуляем з хлопцамі ў футбол на спаборніцтвах аматарскай лігі ў Мінску, а ў суседніх Новых Зелянках па выхадных ладзім валейбольныя таварыскія матчы.
Сяргей Шчурок у неспрыяльнае для жніва надвор’е, як і іншыя яго калегі, не сядзеў без працы:
Сяргей Шчурок
– У мяне ж, акрамя камбайна, трактар ёсць. Трэба – траву на кармы кашу, трэба – арганіку важу. А на камбайне ўжо ячмень даводзілася малаціць на смілавіцкім участку. Зараз тут рапс убяром і на зерневых будзем працаваць да апошняга каласка…
Свой шэсцьдзесят шосты дзень нараджэння днямі сустрэў на жніве вадзіцель на адвозцы збожжа Станіслаў Папельскі:
– Я ў полі – пяцьдзесят гадоў. Як сеў пасля васьмі класаў на трактар, так і працую на зямлі. Пачынаў з гусенічнага “ДТ-74”. Потым рознай тэхнікай кіраваў, і кормаўборачнай і збожжаўборачнай. На “МАЗе” збожжа вазіў, а, калі ўжо цяжка стала, дык перасеў на “газон”. Узрост ужо не той, але ж рабочых рук не хапае, дык трэба роднай гаспадарцы дапамагчы…
На зернятоку, што месціцца ля цэнтральнай сядзібы “Аграбокса”, у аб’ектыў фотакамеры патрапілі аператары КЗС. У палявода Аляксандра Шэршаня – першы вопыт падобнай працы, але ён паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. А Аляксандр Канонік, які ў маладосці паехаў з родных мясцін у Мінск, дзе тры з паловай дзесяцігоддзі адпрацаваў вадзіцелем гарадскога аўтобуса, пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў Чарнаву і ўжо сёмы сезон дапамагае гаспадарцы сушыць збожжа…
Аляксандр Шэршань
…Жніво ў “Аграбоксе” яшчэ толькі набірае хаду, а ўжо надышоў час сеяць азімы рапс. Як распавёў Алег Церашчук, надвор’е і тут унесла карэктывы ў планы. Паколькі значная частка азімых зерневых, палеткі пасля якіх планаваліся ў якасці папярэднікаў пад рапс, яшчэ не ўбраная, у гаспадарцы вымушаны заворваць для сяўбы гэтай культуры нізкапрадуктыўныя сенажаці. Па іншаму не выпадае, бо аптымальныя тэрміны сяўбы нельга ўпусціць.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

