Жніво – гарачая пара для хлебаробаў. Але сёлета, як ніколі, гарачыню “астуджваюць” амаль штодзённыя праліўныя дажджы. У такіх умовахна ўборцы ўраджаю каштоўная кожная пагодлівая часіна.
Для галоўнага агранома камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Валевачы” Сяргея Бартніцкага, як і для яго калег, у топе на мабільным тэлефоне – прагноз надвор’я. Ды не на суткі-двое, а літаральна пагадзінны. Бо аператыўныя планы жніва сёння даводзіцца будаваць з папраўкай на настрой і паводзіны нябеснай канцылярыі.
– З аднаго боку на надвор’е, мо, і не варта моцна наракаць, – кажа Сяргей Бартніцкі. – Усё ж яно сёлета было спрыяльным для росту і выспявання зерневых. Звычайна азімыя больш даюць, а яравыя засушвае падчас наліву збожжа. Але ў гэтым годзе вільгаці хапала, таму і яравыя не падвялі. І ўвогуле ўраджай збажыны маем значна лепшы, чым у мінулым годзе. Галоўнае – убраць яго хутка і без страт. І вось тут дажджы, канешне, перашкаджаюць. Асабліва з улікам таго, што жніво сёлета запазнілася тыдні на два…
Старт уборцы ўраджаю ў гаспадарцы даў абмалот азімага ячменю. Гэтая культура займала тут 132 гектары. У сярэднім на круг атрымалі па 32 цэнтнеры збожжа. Паводле слоў Сяргея Бартніцкага, магло быць і больш, калі б частка пасеваў не патрапіла пад вымачкі і вымярзанне.
На ўборцы азімага ячменю былі задзейнічаны чатыры камбайны. Калектыў камбайнераў – сплаў маладосці і вопыту.
Мікіта і Дзмітрый Бабовічы
Для Дзмітрыя Бабовіча сёлетняе жніво – трэцяе:
– Я – мясцовы. Адвучыўся на механізатара і вадзіцеля ў Смілавіцкім каледжы. Практыку і адпрацоўку праходзіў у “Валевачах”. Потым звольніўся, пайшоў працаваць ў рыбгас. Але падчас жніва штогод сядаю на камбайн. Памочнікам у мяне другі сезон – брат Мікіта. Ён вучыцца ва ўніверсітэце фізкультуры, а на канікулах бавіць час з карысцю: і гаспадарцы дапамагае, і грошы зарабляе…
Анатоль Трыпуз
У Анатоля Трыпуза жніўнага вопыту пабольш – выпускнік Смілавіцкага сельгасліцэя працуе ў гаспадарцы сем гадоў:
– Настрой добры. Калі б не дажджы, быў бы яшчэ лепшым. Не дае надвор’е разагнацца. Летась у гэты час ужо рапс заканчвалі ўбіраць…
Уладзімір Колтун і Мікалай Юшко
Дваццаць адзін год працоўнага стажу – за плячыма ў механізатара Уладзіміра Колтуна:
– Гэта ўжо мой пяты камбайн. Ён яшчэ амаль новы: трэці сезон мы разам у полі. Калі ў астатніх культур будзе хаця б такая ўраджайнасць, як у азімага ячменю, тысячу тон, думаю, без праблем намалоцім.
Сяргей Кавалевіч
Сяргей Кавалевіч – воін-інтэрнацыяналіст. Менавіта пасля тэрміновай вайсковай службы ў Афганістане і щладкаваўся ён на працу ў гаспадарку:
– Як прыйшоў сюды ў 1987 годзе механізатарам, так і не сыходзіў нікуды. Ужо і пенсію прычакаў, але яшчэ працую слесарам. А падчас жніва – на камбайне. Нарабіўся за жыццё, час і адпачыць, ды толькі поле моцна трымае, не адпускае…
Яшчэ адзін удзельнік жніва – механізатар Мікалай Юшко. На трактары “МТЗ-3522” з універсальным трыццацітонным паўпрычэпам ён адвозіць збожжа ад камбайнаў.
– Мой “Амкадор” забірае адразу тры бункеры збожжа, – дзеліцца Мікалай. – Пры жаданні можна загрузіць і чатыры. У параўнанні з “МАЗам” эканомія атрымоўваецца. Гэты паўпрычэп незаменны і пры нарыхтоўцы кармоў. Таксама падчас сяўбы чапляю да трактара плугі або культыватар. Карацей, ёсць занятак з вясны да восені…
Васіль Пачасуй і Сяргей Бартніцкі
Сустрэліся мы ў полі і з неаднаразовым героем публікацый у “раёнцы” Васілём Пачасуем. Амаль чатыры дзесяцігоддзі жыцця аддаў ён справе хлебароба. Зараз – на заслужаным адпачынку, але ў гарачую пару не можа ўседзець дома: падчапіў да трактара бочку з вадой і сочыць за пажарнай бяспекай:
– Рознае надвор’е падчас жніва на сваім вяку бачыў. Найчасцей сушыла моцна, а каб так залівала, дык і не памятаю. Цяжка сёння ў полі мужыкам. Але, веру, яны адужаюць. Я калісьці ў таты памочнікам пачынаў на “СК-4”… Так, сёння ўраджайнасць збожжа нашмат вышэйшая, чым у часы маёй маладосці. Але ж і камбайны іншыя: камфортныя, магутныя, высокапрадукцыйныя!..

Бурштынавым струменем збожжа сыплецца з бункераў камбайнаў, напаўняе кузавы і адпраўляецца на зерняток. Адзін з двух яго гаспадароў – спецыяліст з вышэйшай адукацыяй Іван Душэўскі.
Іван Душэўскі
– Я працую ў “Валевачах” галоўным энергетыкам, – прыязна ўсміхаецца ён. – Але ўжо трэці сезон на час жніва станаўлюся аператарам КЗС. Асноўнай працы гэта не перашкаджае, бо тут – пазменны графік. Калі што якое – напарнік падстрахуе. Дапрацоўваць збожжа мне падабаецца, ды і прыбаўка да асноўнага заробку адчувальная. Тут усё на аўтаматыцы. Галоўнае – пільна сачыць за працэсам і своечасова выконваць усе неабходныя аперацыі. Сёлета нагрузка на КЗС будзе большай, бо вільготнасць збожжа вышэйшая. Але справімся! Калі мы не спраўляліся?
…Завяршыўшы абмалот ячменных палеткаў, у КСУП “Валевачы” перайшлі на азімы рапс, які займае 150 гектараў.
Як распавёў Сяргей Бартніцкі, таксама ў гаспадарцы неабходна ўбраць 584 гектары трыцікале, 438 – пшаніцы, 156 – жыта, 100 – яравога ячменю і столькі ж гектараў аўса. На прэсаванні саломы будзе задзейнічана тры падборшчыкі. Таксама арганізаваная падрыхтоўка глебы пад азімы рапс, сяўбу якога плануецца пачаць бліжэйшым часам.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

