Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
19 июня 2025

За працоўныя заслугі: Мікалай Ладуцька з Чэрвеньскага лясніцтва атрымаў дзяржаўную ўзнагароду

18 чэрвеня ў сталічным Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам розных прафесій. Медаль «За працоўныя заслугі» з рук прэм’ер-міністра краіны Аляксандра Турчына атрымаў ляснік (са студзеня гэтага года – лесавод) Чэрвеньскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса Мікалай Ладуцька.

Гэтай узнагароды ён удастоены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 158 ад 17 красавіка 2025 года за шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у развіццё лясной гаспадаркі.

– Пра тое, што Прэзідэнт падпісаў указ, я даведаўся нечакана, калі з лясгаса патэлефанавалі, – кажа Мікалай Сцяпанавіч. – Не, на працы сакрэту не рабілі, што падалі дакументы на ўзнагароду. Але гэта даўнавата было, яшчэ мінулай восенню. Я ўжо і забыўся. Так што атрымаўся сюрпрыз.

Падчас узнагароджання, зразумела, хваляваўся. Медаль атрымліваў з пачуццём удзячнасці дзяржаве, што ацаніла мой сціплы ўнёсак у агульную справу.

Распытваючы Мікалая Сцяпанавіча пра тое, як ён прыйшоў у лясную гаспадарку, шчыра кажучы, спадзяваўся пачуць рамантычную гісторыю пра любоў да лесу з маленства, асабліва калі ўлічыць, што нарадзіўся і вырас ён у Іванічах, дзе лес – з усіх бакоў. Але рэчаіснасць аказалася нашмат больш празаічнай.

– Так, паколькі лес побач, я там шмат часу ў дзяцінстве бавіў: у грыбах-ягадах, за гульнямі з сябрукамі, – пачаў расповед Мікалай Ладуцька. – Мо, якраз таму, што гэта было блізка, даступна і звычайна, пра прафесію лесавода не марыў. Скончыў восем класаў і пайшоў вучыцца ў Чэрвеньскае ПТВ-80 на слесара-сантэхніка. Пасля службы ў войску ўладкаваўся на працу ў райсельэнерга, ажаніўся. А потым надарыліся “ліхія дзевяностыя”, калі ўсё пайшло на злом.

Жонка працавала на ФАПе, у другой палове будынка якога мы і жылі з двума дзецьмі. І вось адзін знаёмы падказаў, што лясгас будуе жыллё для сваіх работнікаў. Якраз у той час нанова раздзялялі злучаныя Натальеўскае і Чэрвеньскае лясніцтвы. У Чэрвеньскае патрэбны былі людзі. Так я і звязаў лёс з лесам на доўгія гады.

Жыллё, праўда, у хуткім часе будаваць у лясгасе перасталі (“ліхія дзевяностыя” ж!) Дзякуй Богу, што яшчэ паспеў ухапіць лесу, пакуль зусім не падаражэў. Пабудаваў дом сам, уласнымі рукамі…

Працоўны стаж Мікалая Ладуцькі ў лясной гаспадарцы пайшоў ужо на чацвёрты дзясятак.

– У мяне, як у той песні: “праз дзве зімы” ўжо і пенсія, – смяецца ён.

– Дык, мо, і на пенсіі яшчэ будзеце працаваць?

– Гэта наўрад ці (уздыхае). Здароўе ўжо не тое, рукі хворыя. Усё ж дваццаць тры гады – з пілой: сумяшчаў абавязкі лесніка з працай вальшчыкам.

– Што найбольш запомнілася за час працы?

– Такіх выпадкаў, каб асабліва ўрэзаліся ў памяць, не прыгадаю… Запомнілася, як тушылі буйныя пажары на Галым балоце і Дзікім возеры, як працавалі на ліквідацыі наступстваў ураганаў у іншых лясніцтвах. Заўсёды было балюча глядзець на лес, які загінуў.

Таксама застаецца ў памяці мой верны сябра – конь Орлік. Спачатку ён належаў лясніцтву, а потым, калі коней пачалі прадаваць, я яго выкупіў. Гадоў дваццаць мы былі разам. У астатнім жа – звычайная будзённая праца: садзім лес, даглядаем яго. Са студзеня гэтага года мы ўжо не леснікі, а лесаводы. Але кола абавязкаў і клопатаў не змянілася.

– Акурат у Вашых “уладаннях”, пры лесе, што падыходзіць да ракі Волма ля Іванічаў, любяць адпачываць чэрвеньцы і госці. Шмат смецця пакідаюць?

– Ну, не без гэтага. Стараюся ў выхадныя абавязкова праехаць і пагутарыць з людзьмі, каб прыбіралі смецце за сабой. Хтосьці слухаецца, хтосьці не. Тут усё ад свядомасці і выхавання залежыць…

Старажытная мудрасць кажа, што сапраўдны мужчына ў сваім жыцці павінен зрабіць тры рэчы: пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і вырасціць сына. Дом Мікалай Ладуцька пабудаваў, сына ды яшчэ і дзвюх дачок вырасціў (зараз яго радуюць шасцёра ўнукаў), а дрэў пасадзіў столькі – хопіць не на адно жыццё.

– Прыемна ўсведамляць, што зробленае табой застанецца нашчадкам, – гаворыць ён. – Хочацца толькі, каб людзі ашчадна карысталіся лесам, як найвялікшым багаццем, беражліва ставіліся да прыроды.

Кацярына Пузанкова, намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Чэрвеньскага лясгаса:

– Тое, што Мікалай Ладуцька адзначаны дзяржаўнай узнагародай – вялікі гонар для ўсяго нашага калектыву. Ён – сапраўдны прыклад адданага, добрасумленнага стаўлення да працы. І гэтая праца ацэнена па заслугах.

Медаль “За працоўныя заслугі” – не першая ўзнагарода Мікалая Сцяпанавіча. Ён мае нагрудныя знакі адрознення Міністэрства лясной гаспадаркі “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” і “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”, Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Падзяку Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Ганаровую грамату Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, Граматы Чэрвеньскага лясгаса і Падзякі яго дырэктара. Па выніках раённага спаборніцтва за 2023 год быў прызнаны лепшым у прафесіі і занесены на раённую Дошку гонару.

Шчыра віншуем Вас, шаноўны Мікалай Сцяпанавіч, з атрымаеннем узнагароды! Няхай Ваша праца і надалей прыносіць плён!

 Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара, belta.by  і тэлеграм-канала Мінлясгаса

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс