На першым этапе корманарыхтоўкі пэўныя карэктывы ў планы аграрыяў уносіць надвор’е.
У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Новыя Зелянкі” ААТ “Мінскі малочны завод №1” на пачатак тыдня скасілі травы першага ўкосу больш чым на палове адведзеных пад іх палеткаў і амаль дзве трэці ад скошанага ўбралі.
– Халодны май не спрыяў росту траў, таму сёлета нарыхтоўку кармоў давялося пачынаць на два тыдні пазней, чым звычайна, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Наталля Сахончык. – Закладваем ужо другую траншэю сенажу. З-за дажджоў на першай, аб’ёмам 2400 тон, давялося працаваць парцыённым метадам. Утрамбаваны сянаж на ноч укрывалі плёнкай, каб не намачыла, раніцай адкрывалі і працягвалі закладку.
Зразумела, няўстойлівае надвор’е стрымлівае тэмпы корманарыхтоўкі. Светлавы дзень вялікі, але пасля начных дажджоў раней дзесяці-адзінаццаці гадзін у поле выязджаць не выпадае. Каб максімальна ўхапіць травы, якія падсохлі, а таксама не затрымлівацца з касьбой і не парушаць тэхналагічныя тэрміны закладкі траншэі, карыстаемся дапамогай і ўзаемадапамогай.
Напрыклад “пазычалі” дзве касілкі ў суседнім “Смалявічы-Сузоне”, а ім давалі кормаўборачны камбайн. На гэтым тыдні ў нас на адвозцы сянажнай масы працуе аўтамашына і трактар з “Аграбуда” і трактар з суседняй фермерскай гаспадаркі, бо адлегласць ад поля да траншэі – каля дзесяці кіламетраў, свае шэсць адзінак тэхнікі не спраўляюцца…
…На трамбоўцы сянажнай масы ў траншэі побач з новай малочнатаварнай фермай гаспадаркі працуюць на пагрузчыках “Амкадор” малады механізатар Юрый Шлыкевіч і адзін з ветэранаў сельгаспрадпрыемства Уладзімір Няборскі. Старэйшы з усмешкай ківае ў бок малодшага: “Напішыце, во, што Юра жаніўся”.

Падзея і сапраўды адметная. І адбылася яна літаральна ў мінулую суботу. З гэтай нагоды Юрый атрымаў законныя выхадныя.
– Мая Оля таксама працуе ў гаспадарцы, у бухгалтэрыі, – распавёў ён. – Яна прыехала ў Новыя Зелянкі па размеркаванню з Бабруйска. Мы сустракаліся тры гады і, нарэшце, вырашылі стварыць сям’ю. Самае прыемнае, што ёсць дзе жыць: гаспадарка выдзеліла нам службовае жыллё. Дом хаця і не новы, але дагледжаны, утульны. Вяселле гулялі ў “Сямёрачцы”, але доўга не загульваліся. Сянаж жа сам сябе не ўтрамбуе…
…Уладзімір Няборскі, за плячыма якога амаль сорак гадоў працы ў гаспадарцы, прыязна адгукаецца пра напарніка:
– Юра – хлопец працавіты, старанны. Самастойна адвучыўся на трактарыста, мае ўсе катэгорыі. Зразумела, напачатку вучылі яго, падказвалі, дапамагалі. А зараз ужо сам някепска спраўляецца.
…Пакуль Юрый Шлыкевіч і Уладзімір Няборскі працуюць на заключным этапе корманарыхтоўкі, асноўныя падзеі разгортваюцца на сенажаці ля вёскі Кутузаўка.

Леаніда Зыля, які заняты на касьбе траў, мы сфатаграфавалі ў момант пераезду з аднаго поля на іншае. Часу на гутарку ў яго не было, бо трэба забяспечваць фронт работ камбайнам на наступныя дні. Хто ведае, якім выдасца надалей надвор’е, і колькі тая люцэрна будзе падсыхаць у валках?
А тым часам Андрэй Красоўскі на “КВК-800” і Леанід Абрагімовіч на “Джон Дзіры” падбіралі з валкоў ужо гатовую да закладкі ў траншэю зялёную масу. Праўда, у Леаніда на нейкі час выйшла неспадзяванка:

– Не хоча круціць барабан, хоць ты яму што, – у роспачы дзеліцца ён. – Я ўжо і засцерагальнікі ўсе праверыў, і тое, і гэтае. Тэхніка добрая, высокапрадукцыйная. Калі ўсё ў парадку і надвор’е спрыяе, то па паўтысячы тон траў за дзень лёгка падбіраю. Але, бывае, капрызіць мой “Джон Дзір”…
…Неўзабаве з-за далягляду азначыў сябе “КВК-800”. Летась Андрэй Красоўскі атрымаў яго новым. А калісьці менавіта ён працаваў на “Джон-Дзіры”, які потым перайшоў да Абрагімовіча. Параўняўшыся з намі, Андрэй праз поле паспяшаўся на дапамогу. Былога гаспадара заморская тэхніка паслухалася хутчэй. Абышоўшы камбайн з усіх бакоў, ён адчыніў адзін з люкаў, “пачараваў” над праводкай і… барабан закруціўся!

– Падобна, што кантакты дзесьці на раз’ёме акісліліся, – патлумачыў Андрэй. – Такое здараецца. Ну што, паехалі?..
…Загудзеў рухавік, заляскатаў барабан. Корманарыхтоўка вярнулася ў звычайны рытм. Ланцужок шчыльна нагружаных зялёнай масай трактароў і машын пацягнуўся да сянажнай траншэі. Будуць фермы з кармамі, а гаспадарка – з малаком. Толькі б меней паломак. І каб не лілі дажджы.

