На матч у Капыль чэрвеньцы выправіліся з вялікімі кадравымі праблемамі. Акрамя паўабаронцы Яўгена Смаля, які па-ранейшаму залечвае старую траўму, адчувальнай была адсутнасць у выязным саставе абодвух асноўных крайніх абаронцаў – выдаленага ў хатняй гульні з “Салігорскам” Мікалая Івашкіна, а таксама Аляксандра Мінко.
У такой сітуацыі трэнерскі штаб “Коласа” мусіў “закрываць” праблемныя пазіцыі за кошт ігракоў сярэдняй лініі. На левы край абароны “адкамандзіравалі” Артура Купрэйчыка, на правы – Дзяніса Сіманчыка. Нязвыклую для сябе пазіцыю левага паўабаронцы заняў і Сяргей Лізуноў. Але ў цэлым незвычайны састаў нашых выглядаў на полі цалкам баяздольным. І нават з улікам прапушчаных мячоў яны мелі шанцы забраць ачкі ў “Бабоўні”, калі б забілі ўсё, што павінны былі забіваць.
На 11-й хвіліне лік у сустрэчы адкрылі капыляне: ігрок “Бабоўні” зрабіў навес амаль на самую лінію нашых варот, і яго партнёр накіраваў мяч у сетку. Але ўжо праз дзве хвіліны “Колас” адыграўся. Аляксандр Красноў выдатна адпасаваў на ход Мікіту Шугункову, той выйграў дуэль у галкіпера і закаціў мяч у пустыя вароты – 1:1.

На працягу першага тайма каманды мелі яшчэ не па аднаму галявому моманту, прычым у нашых іх было прыкметна больш. А незадоўга да перапынку “Бабоўня” зноў выйшла наперад. Поспех гаспадарам поля прынёс стандарт. Пасля навесу са штрафнога Уладзімір Пяцігорац адбіў мяч уверх, а ігрок “Бабоўні” завалодаў ім і скіраваў у вароты.

У другім тайме капыляне, маючы перавагу ў ліку, гулялі ў атацы ўжо не так актыўна. Але на 55-й хвіліне кур’ёзны момант ля нашых варот дазволіў ім зрабіць гэтую перавагу яшчэ больш трывалай. Можна сказаць, што саюзнікам “Бабоўні” стаў дождж, які не спыняўся падчас гульні ні на хвіліну. Пасля ці то навесу на нашыя вароты, ці то ўдару па іх амаль з цэнтра поля Уладзімір Пяцігорац паспрабаваў злавіць слізкі мяч, але не ўтрымаў яго ў руках. Побач апынуўся ігрок “Бабоўні”, які ўдала падпільнаваў адскок…
Пры ліку 1:3 чэрвеньцы не апусцілі рукі, шукаючы ўдачы ля варот саперніка. Ціск на іх узмацніўся ў апошнія хвіліны сустрэчы з выхадам на поле Дзяніса Трапашкі. Але капыляне самаахвярна клаліся пад мяч, адбіваючы яго ўсімі дазволенымі гэта рабіць часткамі цела, і ўтрымалі перамогу.

Пасля другога запар паражэння ў спаборніцтвах наша каманда апусцілася на трэці радок у турнірнай табліцы, саступіўшы другі “Бабоўні”. З улікам таго, што ў плэй-оф абласнога чэмпіянату напрамую выходзіць чатыры каманды, становішча “Коласа” па-ранейшаму зусім не крытычнае. Усё яшчэ наперадзе. Але, каб адчуваць сябе камфортна, трэба набіраць ачкі. Тым больш, што статус дзеючых чэмпіёнаў Міншчыны абавязвае быць на вышыні.
Пасляматчавы каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:
– Нягледзячы на паражэнне, па зместу гэта была адна з лепшых выязных сустрэч “Коласа” з “Бабоўняй” за ўсю гісторыю. Мы стварылі вельмі шмат галявых момантаў. Шкада, што не ўдалося іх рэалізаваць. Вельмі часта галкіперы сапернікаў ловяць кураж у гульнях з намі. Варатар “Бабоўні” – не выключэнне. На мой погляд ён – лепшы ігрок матча.
– Ці толькі кадравыя праблемы паўплывалі на тое, што «Колас» саступіў?
– Думаю, што гэта не асноўная прычына. Лічу, што і Дзяніс Сіманчык, і Артур Купрэйчык у добра згулялі на няпрофільных пазіцыях, за выключэннем некаторых дробных хібаў.
Не хочацца апраўдвацца за паражэнне… Калі каманда стварае восем-дзевяць галявых момантаў, то хаця б палову з іх трэба рэалізоўваць. Ну, і, канешне, нас падкасіў кур’ёзны трэці гол… Але мы не адчайваемся. Наадварот, паражэнне павінна матываваць хлопцаў гуляць больш удала і вынікова.
– Ці плануецца пасля першага круга ўзмацненне каманды новымі ігракамі?
– Думаем пра гэта. Аднак тут павінен быць узважаны падыход, каб узмацненне было эфектыўным. Ёсць планы па канкрэтным ігракам, але пакуль што не буду называць прозвішчы. Усё будзе залежыць ад таго, як мы згуляем дома з “Кронанам”.
Дарэчы, наперадзе ў нас тры матчы на сваім полі. Акрамя “Кронана”, бліжэйшымі тыднямі ў Чэрвень прыедуць “Ракета” і “Слуцк”. Разлічваем набраць дома дзевяць ачкоў.
31 мая “Колас” завершыць першы круг чэмпіянату хатнім матчам са стаўбцоўскім “Кронанам”. Гульня пачнецца ў 16 гадзін. Прыходзьце на стадыён!
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
“БАБОЎНЯ” (Капыль) – “КОЛАС” (Чэрвень) – 3:1.
25 мая. Капыль. Стадыён “Гарадскі”.
“Колас”: Пяцігорац, Купрэйчык, Весялоў, Джугір, Сіманчык (Дзямчук, 60), Завадскі, Бутэнас, Лізуноў (Трапашка, 82), Багданаў, Шугункоў, Красноў (Кліміхін, 71). Гол у “Коласа”: Шугункоў (13).


