Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
27 мая 2025

Ці лёгка быць першым: сельгасфіліял «Аграбуд» — лідар па вытворчасці малака на Чэрвеньшчыне

За апошнія дзесяць гадоў сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” больш чым удвая павялічыў прадукцыйнасць дойнага статка. Сёння гаспадарка трывала замацавалася па гэтаму паказчыку на першым месцы ў раёне.

Ірына Анціфеева

Жывёлагадоўчая галіна сельгаспрадпрыемства прадстаўлена адзінай фермай “Грабёнка”. Калісьці яна перажывала не лепшыя часы.

Як узгадвае галоўны заатэхнік Ірына Анціфеева, у 2015 годзе, калі яна прыйшла працаваць у “Аграбуд”, у сярэднім ад каровы тут атрымлівалі не больш за 10 літраў малака. Штогод гаспадарка дадавала ў прадукцыйнасці дойнага статка па 4-5 працэнтаў (летась – адразу 11!) і ў выніку тая дасягнула 21,6 літра. Рэнтабельнасць вытворчасці малака, якое рэалізоўваецца на перапрацоўку выключна гатункам “Экстра”, складае больш за 50 працэнтаў.

– У нас няма “арэляў” з рэзкімі ўзлётамі і падзеннямі, проста паступова рухаемся наперад, – кажа Ірына Анціфеева. – Стварыўшы пэўную сістэму ў кармленні, даенні, лячэнні, запуску кароў, зараз пакрысе яе ўдасканальваем: паляпшаем рэцэптуру ўласных камбікармоў, пераглядаем рацыён кармлення і структуру статка.

Вельмі значную ўвагу надаём здароўю жывёлы, прычым ад яе нараджэння. Для гэтага нядаўна пабудавалі новы прафілакторый на 200 галоў. Там цяляты, якая толькі пабачылі свет, гадуюцца ў сучасных боксах да трох месяцаў. Пасля выпойвання паступова прывучаем іх да грубых кармоў, каб зменшыць стрэс пры пераводзе ў наступны перыяд вырошчвання. Малыя атрымліваюць камбікорм уласнай вытворчасці і адмысловы вітамінны комплекс.

– Цяжка быць лідарамі ў раёне?

– Ведаеце, я думала, што, калі выйдзем на першае месца, будзе палёгка. Аднак зараз трэба не толькі трымаць планку, але і спаборнічаць з самім сабою. А гэта не так ужо і проста…

– Што найперш хвалюе?

– Людзей не хапае. Сёння нам патрэбны ветурач, дзве даяркі, два жывёлаводы, а ў недалёкай перспектыве яшчэ і асемянатар.

Здаецца, і заробкі ў нас нядрэнныя: даяркі атрымоўваюць больш за дзве тысячы рублёў, аператары на адкорме – больш за паўтары. Але моладзь рвецца ў горад, і нічым яе не прывабіць. А, з іншага боку, жывёлаводамі не змогуць працаваць выпадковыя людзі, гэтую прафесію трэба любіць…

– Калі ісці на працу з-пад палкі, нічога не будзе, – пацвярджае брыгадзір фермы Ніна Лаўранкова, якая ўзначальвае калектыў ужо трынаццаць гадоў. – Уладкавалася неяк у нас адна маладая даяркай. І адразу ж праспала ранішнюю дойку. Так і сышла…

На шчасце, станоўчых прыкладаў стаўлення да працы на ферме нашмат больш, чым адмоўных. Поруч, у адным звяне, працуюць аператарамі машыннага даення шасцідзесяцідвухгадовая Галіна Калтовіч і васямнаццацігадовы Кірыл Жданок.

Кірыл Жданок і Галіна Калтовіч

Галіна Калтовіч:

– Я ў Грабёнку перасялілася сямнаццаць гадоў таму з суседніх Новых Зелянкоў. Там даяркай была, ну і тут таксама. У маладосці дзе сябе ні паспрабавала: вучылася на будаўніка, у Мінску нейкі час працавала на камвольным камбінаце, і ў паляводстве пабыла, і ў школьнай сталовай. А знайшла сябе толькі ў жывёлагадоўлі.

Працаваць даяркай мне заўсёды падабалася. Ахвотна ездзіла на раённыя конкурсы аператараў машыннага даення і амаль заўсёды вярталася з узнагародамі. У нас тут выдатны калектыў, добрыя надоі, годныя заробкі. Зараз ужо, праўда, працаваць цяжкавата з-за ўзросту. Мо, і сышла б, але тры месяцы таму ў мяне з’явіўся цудоўны напарнік. Кірыл – старанны, уважлівы. Штосьці я магу яму падказаць, а ў чымсьці ўжо і ён мяне можа навучыць.

Кірыл Жданок:

– Я тутэйшы, з Грабёнкі. Пасля дзевяці класаў скончыў Чэрвеньскі будаўнічы каледж. Але ад пачатку адчуў, што будаўніцтва – не маё. Вось на ферме я – у сваёй стыхіі, бо, можна сказаць, гадаваўся на ёй. З каровамі навучыўся абыходзіцца яшчэ ў маленстве, дапамагаючы бабулі Кацярыне, якая і дагэтуль даяркай працуе. Мама і тата таксама працуюць на гэтай ферме жывёлаводамі.

Большасць маіх аднакласнікаў з’ехала з Грабёнкі. І мне часам раяць знайсці сабе іншы занятак. Але я люблю даіць кароў. Навошта ж адмаўляцца ад таго, да чаго душа ляжыць?..

Вось такая простая сялянская філасофія сціплага вясковага хлопца. Відаць, у яго свядомасці гэтае “люблю” закладзена на генным узроўні. І гэта – гены не аднаго пакалення. Бо з фермай “Грабёнка” знітаваныя лёсы не толькі мамы Кірыла Ніны Касянковай і таты Уладзіміра Жданка, але і іх бацькоў.

Ніна Касянкова

Адданых сваёй справе работнікаў на ферме шмат. Каб пазнаёміцца з кожным, газетнай старонкі мала. Але нельга было абысці ўвагай аператара па адкорму буйной рагатай жывёлы Жанну Андрончык.

– Я тут ужо сорак трэці год, – кажа яна. – Як прыйшла ў шаснаццаць, так нікуды і не сыходзіла. Разам з напарнікам абслугоўваем больш за 600 быкоў. З раніцы аглядаем жывёлу, чысцім кармавыя сталы. Потым наліваем ваду, раздаём дабаўкі, падгортваем кармы, падсцілаем. Быкі штодня прыбаўляюць у вазе ў сярэднім 850-900 грамаў. Во, сёння толькі дзве фуры адгрузілі на мяса. “Жывая капейка” для гаспадаркі ніколі не лішняя…

Жанна Андрончык

Пакідаючы ферму “Грабёнка”, злавіў сябе на думцы: яна – яскравы прыклад таго, што знешні выгляд не заўсёды дакладна адлюстроўвае ўнутраны змест. У адрозненне ад сучасных жывёлагадоўчых комплексаў, тут няма строгага архітэктурнага малюнку: старыя рэканструяваныя будынкі раскіданыя па ўсёй вялікай тэрыторыі. Але ўменне калектыву эфектыўна гаспадарыць і ў такіх далёка не ідэальных умовах заслугоўвае павагі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс